КАРДЫЯГРА́ФІЯ (ад кардыя... + ...графія),

метады графічнай рэгістрацыі сардэчнай дзейнасці, якія дапамагаюць удакладніць дыягназ хвароб. Аб’ядноўвае шэраг методык даследавання сэрца. У клінічнай практыцы найчасцей выкарыстоўваюць электракардыяграфію, эхакардыяграфію, фонакардыяграфію і рэакардыяграфію. Робяць К. спец. электроннымі прыборамі — кардыёграфамі.

т. 8, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯПСІ́Я (ад бія... + грэч. opsis разгляданне),

дыягнастычная аперацыя выразання пробнага кавалачка хваравіта змененай тканкі жывога арганізма з далейшым мікраскапічным даследаваннем для вызначэння характару паталагічнага працэсу (запаленне, пухліна і інш.). Біяпсія ў час хірург. аперацыі (тэрміновая) дае магчымасць удакладніць клінічны дыягназ і вызначыць межы пашкоджання. Разнавіднасць біяпсіі — біяпункцыя, пры дапамозе якой ацэньваюць характар змянення ўзятых для даследавання клетак, вадкіх тканак (напр., спіннамазгавой вадкасці).

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯГНО́СТЫКА (ад грэч. diagnōstikos здольны распазнаваць),

раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае метады і прынцыпы распазнавання хваробы, пастаноўкі дыягназу, назначэння лячэння і правядзення прафілактычных мерапрыемстваў. Уключае 3 асн. раздзелы: семіётыку (вывучае сімптомы хваробы), метады дыягнастычнага абследавання хворага (дыягнастычную тэхніку), метадалагічныя асновы, якія вызначаюць тэорыю і метады дыягназу. Пры Д. нараўне з анамнезам, мед. аглядам аўскультацыяй, пальпацыяй, перкусіяй выкарыстоўваюць удасканаленыя тэхн. сродкі і метады — ангіяграфію, камп’ютэрную тамаграфію, рэнтгенаграфію, фонакардыяграфію, электракардыяграфію, электраэнцэфалаграфію, эндаскапію, радыеізатопную і ультрагукавую Д. і інш. З дапамогай эндаскапічных, рэнтгеналагічных, ультрагукавых метадаў даследавання, лапараскапіі праводзяць Д. захворванняў гінекалагічнага профілю. Ультрагук выкарыстоўваюць у акушэрстве для прэнатальнай Д. (дае магчымасць удакладніць стан плода, плацэнты, правесці Д. заган развіцця плода). Д. неабходная пры даследаванні нервовай, сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, касцявой, мочавыдзяляльнай сістэм, органаў стрававання. Найб. важная ранняя Д. захворванняў, зыход якіх залежыць ад своечасовасці лячэння (напр., раку, туберкулёзу). Адным са шляхоў ранняй Д. з’яўляецца дыспансернае абследаванне практычна здаровых людзей. Гл. таксама Дыспансерызацыя.

т. 6, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)