А́РМКА-ЖАЛЕ́ЗА (ARMCO — скарочаная назва амер. фірмы American Rolling Mill Corporation),

назва тэхнічна чыстага (каля 99,85%) жалеза. Мае высокую пластычнасць, магн. пранікальнасць, павышаную электраправоднасць і ўстойлівасць да карозіі. Выкарыстоўваецца ў электрамашынабудаванні і лабараторнай тэхніцы, а таксама як шыхта пры вытв-сці некаторых легіраваных сталяў і сплаваў.

т. 1, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДУДА́РЫКІ»,

бел. сцэнічны мужчынскі танец. Створаны ў 1960-я г. балетмайстрам І.​Серыкавым з выкарыстаннем элементаў традыц. нар. лексікі. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Мае гумарыстычны характар, выконваецца любой колькасцю ўдзельнікаў, якія па чарзе саліруюць, імітуючы ігру на дудцы, выяўляючы сваю вынаходлівасць, дасціпнасць, уменне весяліць народ. Насычаны тэхнічна складанымі рухамі.

Літ.:

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978. С. 339—353.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 6, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗААКТА́Н, 2,2,4-трыметылпентан,

насычаны вуглевадарод аліфатычнага рада, (CH3)3CCH2CH(CH3)2. Празрыстая бясколерная вадкасць з пахам бензіну, tкіп 99,24 °C, шчыльн. 691,9 кг/м³ (20 °C). Не раствараецца ў вадзе, неабмежавана змешваецца з вуглевадародамі. Вызначаецца высокімі антыдэнацыйнымі ўласцівасцямі: яго актанавы лік прыняты за 100. Тэхнічна чысты атрымліваюць дымерызацыяй ізабутылену з наступным каталітычным гідрыраваннем. Выкарыстоўваюць як эталон для вызначэння гатунковасці бензіну; кампанент авіяц. бензіну, растваральнік.

т. 7, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ССЫПНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ, россыпы,

скопішчы абломкавых горных парод, што ўмяшчаюць каштоўныя россыпаўтваральныя мінералы, распрацоўка якіх эканамічна мэтазгодная і тэхнічна магчымая. Утвараюцца за кошт фіз. і хім. выветрывання і пераадкладання горных парод і карысных выкапняў. Вылучаюць Р.р. паводле генезісу: элювіяльныя, дэлювіяльныя, пралювіяльныя, алювіяльныя, літаральныя, гляцыяльныя, эолавыя; паводле часу ўтварэння: сучасныя і стараж. (выкапнёвыя); паводле ўмоў залягання: адкрытыя і пахаваныя; паводле формы пакладаў: плошча-, лінза- і стужкападобныя, пластавыя, шнурковыя і гнездавыя. Маюць важнае значэнне для здабычы золата, плаціны, алмазаў, тытану, вальфраму, волава, танталу, ніобію, торыю, гранату, горнага хрусталю, бурштыну і інш.

т. 13, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. variatio змяненне),

1) у агульных выпадках — відазмяненне, разнавіднасць чаго-небудзь.

2) У музыцы — складаная частка варыяцыйнай формы, якая ўяўляе сабой відазмяненне тэмы.

3) У балеце — невял., але тэхнічна складаны і кампазіцыйна развіты класічны танец. Звычайна частка па-дэ-дэ, па-дэ-труа, гран-па і інш.; могуць мець і самаст. значэнне. Служаць элементамі характарыстыкі дзейнай асобы, выяўляюць эмац. стан героя, маюць значэнне прамога выказвання.

4) У матэматыцы — малое змяненне аргумента (незалежнай пераменнай) або функцыянала; асн. паняцце варыяцыйнага злічэння.

5) У астраноміі — перыядычная змена скорасці руху Месяца па арбіце, абумоўленая гравітацыйным дзеяннем Сонца.

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАЛЬГАМА́ЦЫЯ ў металургіі,

спосаб атрымання металаў з рудаў з дапамогай ртуці. Пры змочванні ртуццю металы ўтвараюць амальгамы і ў такім выглядзе аддзяляюцца ад пустой пароды і пяску. Амальгамацыю выкарыстоўваюць для выдзялення высакародных металаў (пераважна золата) са здробненых рудаў ці канцэнтратаў (у спалучэнні з тэхнічна больш дасканалымі працэсамі, напр. цыянаваннем), перапрацоўкі адходаў лёгкіх металаў (у другаснай металургіі), электралітычнага атрымання рэдкіх металаў (індыю, галію і інш.).

Амальгамы пасля насычэння металам адмываюць, фільтруюць, адціскаюць і награваюць да 800—850 °C, выдаляюць ртуць. Атрыманы «чарнавы» метал ідзе на афінаж, ртуць вяртаюць на амальгамацыю. Пры неабходнасці амальгамацыю актывуюць растворамі сернай к-ты ці вапны, выкарыстоўваюць таксама ртуць з дамешкамі натрыю ці цынку. Спосабам амальгамацыі выдзяляюць з руды 50—70% золата.

т. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕ́РТАРНЫ ПРАЦЭ́С працэс ператварэння вадкага чыгуну ў сталь прадзіманнем яго ў канвертары газамі, якія змяшчаюць кісларод, або тэхнічна чыстым кіслародам. Адбываецца без дадатковага награвання, бо ў выніку акіслення прымесей чыгуну (вугляроду, крэмнію, марганцу, фосфару) вылучаецца цяпло, дастатковае для падтрымання металу ў вадкім стане на працягу ўсяго працэсу.

Першым масавым спосабам атрымання вадкай сталі быў бесемераўскі працэс (вынайдзены ў 1856), які даваў невысокую якасць металу і патрабаваў вельмі чыстых па колькасці серы і фосфару жал. руд. Тамасаўскі працэс (вынайдзены ў 1878) дазваляў перапрацоўваць высокафасфарыстыя чыгуны, аднак даваў сталь таксама невысокай якасці. З 1950-х г. атрымаў пашырэнне больш дасканалы і прадукцыйны кіслародна-канвертарны працэс, дзе ўсе аперацыі механізаваны і аўтаматызаваны, а атрыманы метал стаў раўнацэнны мартэнаўскай сталі, выплаўленай у мартэнаўскай печы.

т. 7, с. 576

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛАРО́ДНА-КАНВЕ́РТАРНЫ ПРАЦЭ́С,

разнавіднасць канвертарнага працэсу, пры якой атрымліваюць сталь прадзіманнем вадкага (звычайна пераробнага) чыгуну тэхнічна чыстым (больш за 95,5%) кіслародам. Ажыццяўляецца пераважна ў глухадонных канвертарах з асн. футэроўкай.

Кісларод падаюць зверху праз фурму, якая ахаладжаецца вадой. Пад уздзеяннем выдзімання дамешкі чыгуну (Si, Mn, C і інш.) акісляюцца з вылучэннем значнай колькасці цяпла. Пасля прадзімання метал раскісляюць (выдаляюць лішні кісларод). Выкарыстанне кіслароднага выдзімання замест паветранага дазваляе атрымаць сталь з нізкай (0,002—0,006%) колькасцю азоту. У параўнанні з мартэнаўскім працэсам К.-к.п. больш прадукцыйны, яго роля ў сусв. выплаўцы сталі пастаянна расце.

Да арт. Кіслародна-канвертарны працэс. Схема атрымання сталі ў кіслародным канвертары: 1 — загрузка металалому; 2 — заліўка чыгуну; 3 — прадзіманне кіслародам; 4 — выпуск сталі; 5 — зліў шлаку.

т. 8, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМНАЖА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,

комплекс сродкаў для размнажэння і капіравання дакументаў, тэкставых і ілюстрацыйных матэрыялаў. Выкарыстоўваецца таксама для друкавання малатыражных выданняў.

Размнажэнне дакументаў (арыгіналаў) ажыццяўляецца малафарматнымі апаратамі і прыладамі аператыўнай паліграфіі, якія забяспечваюць хуткую і тэхнічна нескладаную падрыхтоўку матэрыялаў да выдання. выраб друкарскіх форм і друкаванне тыражу. Заснаваны на выкарыстанні спосабаў плоскага афсетнага (ратапрынты), трафарэтнага (рататары) і гектаграфічнага (гектографы) друку, электраграфіі (у т. л. ксераграфіі з найб. пашыранымі апаратамі — ксераксамі, рызографамі), рэпраграфіі і інш. Каліраванне дакументаў робіцца непасрэдна з арыгінала і не патрабуе яго спец. падрыхтоўкі (за выключэннем святлокапіравання) і друкарскай формы. Паводле фіз. прынцыпаў капіравання адрозніваюць капіравальныя апараты: святло-, фота- і тэрмакапіравальныя, электраграфічныя, электроннага капіравання. мікрафотакапіравальныя (для праекцыйнага і кантактавага капіравання — дыязакапіраваннем, тэрмакапіраваннем і фотакапіраваннем). Гл. таксама Капіравальна-размнажальная тэхніка.

т. 13, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГМЫРА́К (Лявон) (сапр. Бабровіч Мечыслаў; 18.4.1891, в. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.7.1915),

бел. крытык, публіцыст і празаік. Вучыўся ў 1-й Віленскай гімназіі. Скончыў прыватную тэхнічна-прамысл. школу ў Варшаве (1912). Працаваў у Вільні, фальварках Віленскай губ. У 1914 прызваны ў армію, загінуў на фронце. Супрацоўнічаў з газ. «Наша ніва». Аўтар апавядання «Васілёва вяселле» (1913), нарыса па гісторыі нац.-культ. руху «Беларускае нацыянальнае адраджэнне» (1914), артыкулаў па гісторыі бел. культуры, актуальных праблемах сац.-паліт. жыцця, арт. «Тарас Шаўчэнка» (1914) і інш. Выступаў за культурна-нац. аўтаномію Беларусі ў саюзе з дэмакр. сіламі Расіі.

Тв.:

Творы: Проза. Крытыка. Публіцыстыка. Мн., 1992.

Літ.:

Гарэцкі М. Лявон Гмырак (1891—1915) // Гарэцкі М. Творы. Мн., 1990;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 217—219.

У.​М.​Конан.

т. 5, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)