УНІФІКА́ЦЫЯ ў тэхніцы,
прывядзенне розных відаў прадукцыі, сродкаў іх вытв-сці, элементаў, тэхнал. працэсаў, значэнняў параметраў да рацыянальнага мінімуму форм, тыпапамераў, структур, саставаў і г.д. Ажыццяўляецца пасля тыпізацыі, з’яўляецца найб. пашыраным і эфектыўным метадам стандартызацыі.
Канструктыўная У. — прывядзенне канструктыўных рашэнняў машын, прылад, быт. вырабаў, іх частак, вузлоў і дэталей да мінім. тэхнічна абгрунтаванай колькасці тыпаў з захаваннем прынцыпу пераемнасці, паводле якога ў новых вырабах максімальна выкарыстоўваюць існуючыя стандартызаваныя вузлы і дэталі з магчыма большым лікам аднолькавых базавых і далучальных памераў. Гэта забяспечвае ўзаемазамяняльнасць і шматразовае выкарыстанне правераных канструкцый, дазваляе ажыццяўляць агрэгатаванне машын. У. памераў — прывядзенне памераў дэталей, вузлоў і вырабаў да пэўнага мінімуму тыпапамераў, што скарачае расход матэрыялаў і павялічвае выпуск прадукцыі.
В.М.Кандрацьеў.
т. 16, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)