Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТРА́ЙТ,
простая тэрміновая валютная здзелка, якая прадугледжвае плацяжы па форвардным курсе ў строга вызначаны тэрмін.
т. 2, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯПСІ́Я
(ад бія... + грэч. opsis разгляданне),
дыягнастычная аперацыя выразання пробнага кавалачка хваравіта змененай тканкі жывога арганізма з далейшым мікраскапічным даследаваннем для вызначэння характару паталагічнага працэсу (запаленне, пухліна і інш.). Біяпсія ў час хірург. аперацыі (тэрміновая) дае магчымасць удакладніць клінічны дыягназ і вызначыць межы пашкоджання. Разнавіднасць біяпсіі — біяпункцыя, пры дапамозе якой ацэньваюць характар змянення ўзятых для даследавання клетак, вадкіх тканак (напр., спіннамазгавой вадкасці).
т. 3, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТЭРНАТЫ́ЎНАЯ СЛУ́ЖБА,
асобны від працоўнай дзейнасці, якім замяняецца тэрміновая ваенная служба. Альтэрнатыўная служба датычыцца грамадзян, што прыгодныя да ваен. службы ва ўзбр. сілах, але па сваіх рэліг., пацыфісцкіх перакананнях або інш. прычынах не могуць прымяняць зброю і баявую тэхніку і адмаўляюцца ад ваен. службы. Грамадзяне, якія знаходзяцца на альтэрнатыўнай службе, працуюць санітарамі, даглядаюць састарэлых і інш. Альтэрнатыўная служба існуе ў многіх краінах (напр., Бельгіі, Галандыі, Германіі, Францыі і інш.).
т. 1, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ СЛУ́ЖБА,
вайсковая служба, від службы, які заключаецца ў выкананні грамадзянамі вызначанага законам дзяржавы воінскага абавязку (воінскай павіннасці) ва ўзбр. сілах на працягу пэўнага тэрміну. У розных формах ажыццяўляецца ў большасці дзяржаў. Выконваецца грамадзянамі ў абавязковым парадку, добраахвотна або па найме. Уключае абавязковую службу ў мірны час і непасрэдны ўдзел у ваен. дзеяннях у час вайны. У Рэспубліцы Беларусь ваенная служба лічыцца асобым відам дзярж. службы, якая заключаецца ў выкананні яе грамадзянамі канстытуцыйнага абавязку ў складзе Узбр. Сіл і інш. вайсковых фарміраванняў. Паводле закону «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» (1992) устаноўлены наступныя віды ваеннай службы: тэрміновая салдат, матросаў, сяржантаў і старшын; курсантаў ваен.-навуч. устаноў (сярэднія і вышэйшыя ваен. вучылішчы, ваен. ін-ты, ваен. ф-ты пры цывільных ВНУ, ваен. акадэміі); паводле кантракту прапаршчыкаў і мічманаў; афіцэраў паводле прызыву і кантракту. Зыходзячы з важнасці ваеннай службы, устанаўліваецца яе прыярытэт перад інш. відамі дзярж. службы і прац. дзейнасці; пры прызыве або добраахвотным паступленні на ваенную службу работа, вучоба і інш. дзейнасць грамадзян на прадпрыемствах, у арг-цыях і ўстановах (незалежна ад формаў уласнасці і ўмоў гаспадарання) спыняецца. Парадак праходжання ваеннай службы для кожнай катэгорыі ваеннаслужачых рэгламентуецца законамі, воінскімі статутамі, палажэннем аб праходжанні ваеннай службы і інш. нарматыўна-прававымі актамі.
т. 3, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)