Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРЫЛІ́ЗМ (ад лац. virilis мужчынскі),
маскулінізм, вірыльны сіндром, з’яўленне ў арганізме жанчыны другасных мужчынскіх палавых прыкмет. Жанчына набывае мужчынскі целасклад, тып аваласення (гл.Гірсутызм), атрафіруюцца малочныя залозы, зніжаецца тэмбр голасу, павялічваецца клітар. Вірылізм можа ўзнікнуць у любым узросце, абумоўліваецца найчасцей залішняй колькасцю андрагенаў. У большасці выпадкаў узнікае ў выніку захворванняў залоз унутр. сакрэцыі (яечнікі, наднырачнікі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУК МУЗЫ́ЧНЫ,
найменшы структурны элемент музыкі. Асн. яго ўласцівасці; дакладная вышыня, гучнасць, працягласць і тэмбр. З гукаў фіксаванай вышыні (тонаў), якія здольны ўспрымаць чалавечы слых, у музыцы выкарыстоўваецца параўнальна нязначная частка; іх адбор вызначаецца фізіял. асаблівасцямі слыху, камунікатыўнай прыродай муз. мастацтва, эстэт. патрабаваннямі музыкантаў і слухачоў. Асобна ўзяты гук музычны не валодае маст. выразнасцю, аднак набывае яе пры ўключэнні ў пэўную гукавую сістэму, у пэўны муз. кантэкст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГІ́СТРу музыцы,
1) участак гукавога дыяпазону муз. інструмента або пеўчага голасу, які характарызуецца адзіным тэмбрам. Р. інструментаў бывае высокі, сярэдні і нізкі, Р. голасу — грудны, галаўны і мяшаны; у мужчынскіх галасоў — т.зв. фальцэтны (гл.Фальцэт).
2) Прыстасаванне на стр. клавішных інструментах, якое змяняе моц і тэмбр гуку.
3) Група труб (у аргане), струн (на клавесіне), язычкоў (у акардэоне, фісгармоніі і пад.) аднолькавага тэмбру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦЕ́М’ЕЎ (Эдуард Мікалаевіч) (н. 30.11.1937, г. Новасібірск),
рускі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1985). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1960). У творчасці шырока выкарыстоўвае серыйную тэхніку, алеаторыку, электронную музыку. Сярод твораў: араторыя «Я забіты пад Ржэвам» на сл. А.Твардоўскага (1963), кантата «Рытуал» (1980), сімфонія «Пілігрымы» (1985); электронная музыка — «Мазаіка Венецыі», «Варыяцыі на адзін тэмбр», «Сем варот у свет Саторый»; вак.-інстр. Цыкл «Цяпло зямлі»; музыка да кінафільмаў (больш за 80). Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎНУХАІДЫ́ЗМ (ад грэч. eunuchos кастрат + eidos від),
спалучэнне недаразвіцця палавых органаў і другасных палавых прыкмет з дыспрапарцыянальным целаскладам. Абумоўлены гіпафункцыяй палавых залоз. Найчасцей бывае ў мужчын. Адрозніваюць 2 формы Е.: еўнухаідны гігантызм і еўнухаіднае атлусценне; звычайна назіраецца змешаны тып. Прыкметы Е.: парушэнне росту — гігантызм і дыспрапорцыі шкілета (доўгія канечнасці, асабліва ніжнія, пры кароткім тулаве), тонкія косці, вузкія плечы, шырокія памеры таза (у жанчын — вузкі таз), атлусценне, адсутнасць расліннасці на твары, лабку, у падпахавых упадзінах, высокі тэмбр голасу; палавыя пачуцці рэзка зніжаны. Лячэнне: гармонатэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕРТО́Н (ням. Oberton),
1) у фізіцы, простая (сінусаідальная) састаўная складанага вагання (мех., эл.) з частатой, вышэйшай за асноўную. Любое перыяд. ваганне выяўляецца як сума асн. тону і абертону. Амплітуда і частата абертону вызначаюцца ўласцівасцямі вагальнай сістэмы і спосабам яе ўзбуджэння. Абертоны з частотамі, кратнымі частаце асн. вагання, наз. гарманічнымі, інш. — негарманічнымі (уласцівыя гукам сірэн, шумам). Ад сукупнасці частот асн. вагання і абертону залежыць тэмбр гуку.
2) У муз. акустыцы гарманічныя абертоны, размешчаныя ва ўзыходным парадку, утвараюць натуральны гукарад. У комплексе з асн. тонам яны складаюць муз. гук і, хоць гучаць слабей за асн. тон і на слых не распазнаюцца, надаюць яму пэўную афарбоўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСАФО́Н (франц. saxophone ад прозвішча вынаходніка Sax + ...фон),
духавы язычковы муз. інструмент. Вынайдзены бельг. майстрам А.Саксам. Металічная (латуневая або сярэбраная) парабалічная трубка з дзюбападобным муштуком і адзінарнай трысцінкай, мае 18—21 адтуліну на ствале, якія закрываюцца пры дапамозе клапанаў. У сям’і С. 7 асн. разнавіднасцей, найб. пашыраны альт і тэнар. Мае моцны гук, непаўторнай выразнасці і прыгажосці тэмбр, вял. віртуоз. магчымасці. З сярэдзіны 19 ст. выкарыстоўваецца ў духавым, оперным, пазней у сімф. аркестрах, у камерных ансамблях; з 20 ст. — у джазе, эстр. і поп-музыцы. С. выкарыстоўвалі ў сваіх творах А.Глазуноў, С.Пракоф’еў, А.Хачатуран, Дз.Шастаковіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАВЕСІ́Н (франц. clavecin ад позналац. clavicymbalum ад лац. clavis ключ + cymbalum цымбалы),
чэмбала, струнны шчыпковы клавішны муз. інструмент. Бліскучы, адрывісты, хутка затухаючы гук здабываюць плектрам з птушынага пяра ці скуры, які пры націсканні клавішы чапляецца за струну. Дынаміка і тэмбр змяняюцца пры пераходзе з адной ручной клавіятуры (мануала) на другую і пераключэнні рэгістраў. Разнавіднасці К. (клавічэмбала, унісон, спінет, вёрджынел, клавіцытэрыум і інш.) адрозніваюцца крылападобнай ці прамавугольнай формай корпуса ў залежнасці ад гарыз. ці верт. размяшчэння струн, памерамі, колькасцю мануалаў (1—3) і рэгістраў, дыяпазонам (4—5 актаў).
Канструкцыя К. распрацоўвалася з 14 ст. Росквіту клавесіннае мастацтва дасягнула ў 2-й пал. 17—18 ст. ў Італіі і асабліва ў Францыі ў т. зв. галантным стылі (ракако). У канцы 18 ст. яно заняпала ў сувязі з развіццём фп. музыкі. Аднавілася ў 20 ст. з адраджэннем цікавасці да старадаўняй музыкі.
На Беларусі К. вядомы з канца 16 ст.Найб. пашыраны ў 2-й пал. 18 ст., у т. л. ў капэлах Нясвіжа, Гродна, Дзярэчына, Шклова. Сярод выканаўцаў на К. Я.Баэрт, Ф.Яжомбек, Я.Д.Голанд, Я.Л.Дусек, К.Абатэ, Ю.Віткоўскі, Л.Сітанскі, Э.Ванжура, клавесініст-віртуоз Я.М.Шоль (Нясвіж, Слуцк). У 1-й пал. 19 ст. К. вырабляліся ў Мінску на ф-цы муз. інструментаў І.Фотха. К. ўведзены ў склад Дзярж. камернага аркестра Беларусі, ансамбля старадаўняй музыкі «Кантабіле». Тэмбр К. імітуецца на электраарганах і сінтэзатарах.
Літ.:
Зимин П. История фортепиано и его предшественников. М., 1968.