Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Шматполюсны тэлефонны індуктар 5/89 (іл.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУ́КТАР (лац. inductor ад induco уводжу, наводжу, вымушаю),
1) І. награвальны — электрамагнітнае прыстасаванне для індукцыйнага нагрэву віхравымі токамі цвёрдых, вадкіх і газападобных праваднікоў. Складаецца з проваду, з дапамогай якога ствараецца пераменнае магн. поле, і токападводаў для падключэння проваду да крыніцы эл. энергіі. Бывае адначасовага і бесперапынна-паслядоўнага (асобнымі ўчасткамі) награвання.
2) І. тэлефонны — магнітаэлектрычны генератар пераменнага току нізкай (18—21 Гц) частаты з ручным прыводам. Выкарыстоўваўся ў тэлеф. апаратах для пасылання сігналаў выкліку і адбою на станцыях ручнога абслугоўвання (у тэлеф. сетках з мясц. батарэяй сельскай і ваен. сувязі).
3) І. электрычнай машыны — частка эл. машыны, прызначаная для стварэння ў ёй асноўнага магн. поля.
Індуктары: а — награвальны (1 — загартовачная камера, 2 — патрубкі падачы вады, 3 — індукцыйны провад з адтулінамі для выхаду загартовачнай вады, 4 — трубаправод вадзянога ахаладжэння); б — тэлефонны шматполюсны (1 — вярчальны магніт, 2 — нерухомая абмотка, 3 — дыск з рукаяткай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БЕЛЬ СУ́ВЯЗІ,
разнавіднасць кабелю для перадачы інфармацыі (тэлеграм, праграм радыё- і тэлевізійнага вяшчання і інш.). Бывае эл. і валаконна-аптычны (гл.Валаконна-аптычная сувязь, Валаконная оптыка). Эл. К.с. бывае: сіметрычны і кааксіяльны; нізка- (да 10 кГц) і высокачастотны (больш за 10 кГц); паветр. (падвешваецца на апорах), падводны і падземны; для міжгародніх і мясц. (гар., сельскіх, станцыйных, шахтавых і інш.) кабельных ліній сувязі.
Кабелі сувязі: а — магістральны браніраваны для міжгародніх ліній далёкай сувязі; б — тэлефонны для гарадскіх сетак; в — магутны радыёчастотны кааксіяльны; г — злучальны для перасоўных тэлевізійных камер; 1 — токаправодная жыла; 2 — ізаляцыя; 3 — абалонка; 4 — браня, экран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁСТА́НЦЫЯ,
комплекс радыёэлектронных прылад, прыстасаванняў і абсталявання, прызначаных для перадачы і (ці) прыёму інфармацыі з дапамогай радыёхваль. Адрозніваюць перадавальныя, прыёмныя і прыёмна-перадавальныя; па даўжыні хваль — доўга-, сярэдне-, каротка- і ультракароткахвалевыя. Бываюць стацыянарныя, на рухомых аб’ектах (аўтамабілях, самалётах, суднах) і пераносныя. Атрымалі пашырэнне Р. дуплекснай сувязі з убудаванымі мікраЭВМ: сотавы радыётэлефон, радыёмадэм, тэлефонны радыёпадаўжальнік, а таксама Р. транкінгавай сувязі.
Асн. вузлы перадавальнай Р.: радыёперадатчык, антэна (са злучальным фідэрам), крыніца сілкавання; прыёмнай — радыёпрыёмнік, антэна (з фідэрам ці без яго) і крыніца сілкавання. Асн. патрабаванні да тэхн. сродкаў перадавальных Р.: стабільнасць частаты і магутнасці выпрамяняльных радыёхваль; дакладнасць перадавальнай інфармацыі; высокі ккдз; адсутнасць пабочнага выпрамянення за межамі ўстаноўленай паласы частот. Тэхн. сродкі прыёмных Р. павінны задавальняць патрабаванням: нескажонае ўзнаўленне інфармацыі; дастатковая адчувальнасць да радыёсігналаў; здольнасць вылучаць сігналы патрэбнай частаты; стабільнасць прыёму радыёсігналу.