ІНДУ́КТАР (лац. inductor ад induco уводжу, наводжу, вымушаю),

1) І. награвальны — электрамагнітнае прыстасаванне для індукцыйнага нагрэву віхравымі токамі цвёрдых, вадкіх і газападобных праваднікоў. Складаецца з проваду, з дапамогай якога ствараецца пераменнае магн. поле, і токападводаў для падключэння проваду да крыніцы эл. энергіі. Бывае адначасовага і бесперапынна-паслядоўнага (асобнымі ўчасткамі) награвання.

2) І. тэлефонны — магнітаэлектрычны генератар пераменнага току нізкай (18—21 Гц) частаты з ручным прыводам. Выкарыстоўваўся ў тэлеф. апаратах для пасылання сігналаў выкліку і адбою на станцыях ручнога абслугоўвання (у тэлеф. сетках з мясц. батарэяй сельскай і ваен. сувязі).

3) І. электрычнай машыны — частка эл. машыны, прызначаная для стварэння ў ёй асноўнага магн. поля.

Індуктары: а — награвальны (1 — загартовачная камера, 2 — патрубкі падачы вады, 3 — індукцыйны провад з адтулінамі для выхаду загартовачнай вады, 4 — трубаправод вадзянога ахаладжэння); б — тэлефонны шматполюсны (1 — вярчальны магніт, 2 — нерухомая абмотка, 3 — дыск з рукаяткай).

т. 7, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)