Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕСКО́П (ад тэле... + ...скоп) аптычны, прылада для назірання нябесных цел; адзін з найб. важных астранамічных інструментаў і прылад. Пранікальная сіла (зорная велічыня найб. слабых зорак, бачных пры дапамозе Т.) прапарцыянальная плошчы аб’ектыва, моцна залежыць ад якасці оптыкі, яркасці неба, стану атмасферы і інш.
Уяўляе сабой трубу, устаноўленую на манціроўцы з восямі для навядзення Т. на аб’ект і сачэння за ім. Паводле аптычнай схемы адрозніваюць Т. люстраныя (рэфлектары), лінзавыя (рэфрактары) і люстрана-лінзавыя (гл.Максутава тэлескоп). Адпаведна прыёмнікам аптычнага выпрамянення, што выкарыстоўваюцца, Т. бываюць з візуальнай, фатаграфічнай (гл.Астрограф), спектральнай, фотаэл. і інш. рэгістрацыяй. Візуальны Т. мае аб’ектыў і акуляр; павелічэнне аптычнаеG = F/f, дзе F і f — фокусныя адлегласці аб’ектыва і акуляра. Паводле прызначэння адрозніваюць Т. астрафізічныя (для вывучэння зорак, планет, туманнасцей), сонечныя астраметрычныя, спадарожнікавыя камеры, метэорныя патрулі і інш.Гл. таксама Радыётэлескоп.
Літ.:
Михельсон Н.Н. Оптические телескопы: Теория и конструкция. М., 1976;
Оптические телескопы будущего: Пер. с англ.М., 1981;
Максутов Д.Д. Изготовление и исследование астрономической оптики. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Тэлевізійны тэлескоп 10/384—385
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ХА́БЛА ТЭЛЕСКО́П, касмічны тэлескоп імя Э.Хабла,
тэлескоп (рэфлектар) для назіранняў і даследаванняў касм. аб’ектаў з арбіты ШСЗ. Распрацаваны НАСА з удзелам Еўрап.касм. агенцтва. Названы імем Э.П.Хабла. Люстра дыям. 2,4 м, агульная маса 12 т. Выведзены на арбіту выш. 610 кмамер. пілатуемым касм. караблём «Дыскаверы». Даследаванні праводзяцца з 20.5.1990. Выкарыстоўваецца для вывучэння далёкіх планет, зорак, туманнасцей і галактык, пошуку чорных дзір і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́НЕЧНЫ ТЭЛЕСКО́П,
тып тэлескопа для назіранняў Сонца. С.т. з аб’ектывамі невял. дыяметраў і фокусных адлегласцей звычайна маюць паралактычную манціроўку. Да іх адносяцца каранографы, фотасферныя і храмасферныя тэлескопы з інтэрферэнцыйна-палярызацыйнымі фільтрамі, што дае магчымасць назіраць Сонца ў святле вадароднай лініі Hα. Буйныя С.т. маюць сістэму рухомых плоскіх люстраў (цэластат) для накіравання сонечнага святла ў нерухомы тэлескоп, а таксама розныя прылады для даследаванняў Сонца — спектрографы, магнітографы, фатаграфічныя камеры, фотаэл. прыёмнікі святла і інш. У залежнасці ад напрамку аптычнай восі адрозніваюць С.т. гарызантальныя і вежавыя з вертыкальнай або нахіленай вежай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕНІ́Т-ТЭЛЕСКО́П,
астронама-геадэзічная прылада для вымярэння малых рознасцей зенітных адлегласцей зорак з мэтай вызначэння шыраты месца назірання (гл.Шырата геаграфічная). Складаецца з устаноўленага на азімутальнай манціроўцы рэфрактара, у факальнай плоскасці якога знаходзіцца акулярны мікрометр. Труба тэлескопа замацавана на гарыз. восі, вярчэннем вакол якой устанаўліваецца неабходная зенітная адлегласць візірнай лініі інструмента. На процілеглым баку гарыз. восі знаходзяцца процівага і круг для адліку зенітнай адлегласці. Нязменнасць нахілу трубы кантралююць дзвюма высокадакладнымі грунтвагамі. Вымярэнні на З.-т. — найб. дакладныя ў класічнай астраметрыі. Сярэдняя квадратычная хібнасць у вызначэнні шыраты ±0,001".
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСУ́ТАВА ТЭЛЕСКО́П,
люстрана-лінзавы тэлескоп, пабудаваны па схемах меніскавых сістэм. Вынайдзены ў 1941 Дз.Дз.Максутавым.
У М.т. звычайна выпраўлены аберацыі: сферычная, храматычная і кома (гл.Аберацыі аптычных сістэм). Увядзенне ў люстраныя тэлескопы меніска (роўна таўшчыннай выпукла-ўвагнутай лінзы) з простымі ў вырабе сферычнымі паверхнямі дало магчымасць павялічыць іх адносную адтуліну да 1:3 і поле зроку да 5°, спрасціць канструкцыю паўторных люстэркаў для тэлескопаў схем Касегрэна і Грэгары, герметызаваць трубу і засцерагчы паверхню гал. люстэрка, а таксама выкарыстаць схему М.т. ў фатаграфічных аб’ектывах. Найбольшыя ў свеце М.т. з меніскамі дыям. па 700 мм (люстэркі дыям. каля 1000 мм) пабудаваны ў СССР і ўстаноўлены ў Абастуманскай астрафіз. абсерваторыі (Грузія) і Паўд.астр. абсерваторыі ЗША (Чылі) Розныя варыянты М.т. пашыраны сярод аматараў астраноміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕСКО́П-ЦЭЛАСТА́Т,
двухлюстраны рэфлектар для атрымання нерухомага відарыса нябесных аб’ектаў у факальнай плоскасці нерухомага акуляра.
Аб’ект назірання (напр., зорка, планета) выбіраецца пры дапамозе плоскага люстра, замацаванага ў карданным падвесе з магчымасцю павароту вакол 2 узаемна перпендыкулярных восей, так, каб вось люстра была бісектрысай вугла паміж аптычнай воссю і воссю зроку аб’ектыва. Т.-ц. выкананы ў выглядзе настольных блокаў, устаноўленых на асобных асновах і звязаных агульнай паверхняй пляцоўкі назірання. Раздзельная ўстаноўка блокаў і карданны падвес (бел. манціроўка) выключылі традыц. трубу, спрасцілі канструкцыю, знізілі масу і інш. Можа выкарыстоўвацца ў стацыянарных і экспедыцыйных умовах на ўсіх геагр. шыротах. Асн. характарыстыкі Т.-ц. «Пегас-2»: аб’ектыў з дыяметрам 320 мм, фокуснай адлегласцю 3437 мм, масай 1,3 кг, плоскае люстра з дыяметрам 400 мм, масай 1,85 кг, Маса Т.-ц. 11,8 кг. Распрацаваны і пабудаваны пад кіраўніцтвам Я.У.Чайкоўскага (Мінск, 2002).