Тукан (сузор’е) 4/556—557 (карта), 597; 6/492

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Тукан

т. 16, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАТРАПІ́ЧНАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

уваходзіць у царства Неагею. Вылучаюць ад 3 да 6 фларыстычных падабласцей: Амазонскую, Амдыйскую, Арынокскую, Бразільскую, Карыбскую, Лаплацкую. Яны займаюць мацерыковую ч. Амерыкі, ад Ніжняй Каліфорніі і паўд. ч. Мексіканскага нагор’я на Пн да 40° паўд. ш. на Пд і прылеглыя да Цэнтр. Амерыкі астравы. Для раслін і жывёл межы Н.б.в. не супадаюць.

Флора багатая і разнастайная, з перавагай мезафільнай лясной расліннасці. Найб. пашыраны расліны сям. архідных, лаўравых, малачайных, марэнавых, меластомавых, міртавых, тутавых, пальмы і інш. Эндэмічных сям. 25 (біксавыя, брамеліевыя, кактусавыя, канавыя і інш.). У адносінах да фауны вылучаюць 3 або 4 падвобласці: Антыльскую, Гвіяна-Бразільскую, Патагона-Андыйскую, або Чылійска-Патагонскую, і Цэнтральнаамерыканскую. Яны займаюць Паўд. Амерыку, б. ч. Цэнтр. Амерыкі (на Пн да Мексіканскага нагор’я), а-вы: Антыльскія, Багамскія, Вогненная Зямля, Галапагас, Фалклендскія, Хуан-Фернандэс. Жывёльны свет вельмі багаты. Сярод млекакормячых шэраг эндэмічных груп (атр. непаўназубых — браняносцы, ляніўцы, мурашкаедавыя; з грызуноў — агуці, марскія свінкі, шыншылы, учэпістахвостыя дзікабразы і інш.; з няпарнакапытных — ламы, тапіры; з сумчатых — апосумы, цэналеставыя; з драпежнікаў — пума, ягуар, акулярны мядзведзь, ацэлот, некалькі відаў сабачых і янотавых і інш.). Характэрны кровасысучыя лятучыя мышы. У рэках жывуць ламанціны і рачныя дэльфіны. Усе малпы належаць да групы шыраканосых: ігрункі, равуны, сапажу і інш.). Сярод птушак больш за 20 эндэмічных сям. — гаацыны, калібры, нанду, гарпіі, кондары, папугаі, туканы, тынаму і інш. Сярод паўзуноў — кайманы, кракадзілы, змеі (удавы, грымучыя і інш.), яшчаркі (ігуанавыя і інш.), бакашыйныя чарапахі. Сярод земнаводных — бязногія, вял. колькасць бясхвостых, у т.л. квакшы, піпавыя і інш. З рыб — піраньі, гіганцкая арапайма, дваякадыхальны лепідасірэн і інш. Характэрны павукі-птушкаеды, сярод насякомых — лістарэзы, буйныя дзённыя матылі, гіганцкія жукі (геркулес, насарог-актэон, браз. даўганогі арлекін).

А.М.Петрыкаў.

Да арт. Неатрапічная біягеаграфічная вобласць Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — калібры вымпелавая; 2 — геліконіус; 3 — вампір вялікі; 4 — тукан вялікі; 5 — грымучая змяя бушмайстар; 6 — апосум вадзяны; 7 — бакашыйная чарапаха матамата; 8 — вугор электрычны; 9 — дэльфін рачны; 10 — піранья.

т. 11, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНАЯ АСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраноміі, які вывучае агульныя заканамернасці будовы, складу, развіцця і эвалюцыі зорных сістэм, у т.л. Галактыкі. Даследаванні інш. галактык і пазагалактычных аб’ектаў вылучыліся ў сярэдзіне 20 ст. ў пазагалактычную астраномію. Метадамі стат. аналізу, астраметрыі і астрафізікі даследуюцца таксама залежнасці паміж асобнымі характарыстыкамі зорак, іх сістэм, асацыяцый і скопішчаў, дыфузнай, пылавой і газавай матэрыі і інш. Важным метадам З.а. з’яўляецца стварэнне мадэлей зорных сістэм для розных стадый іх эвалюцыі ў адпаведнасці з рэальна назіранымі сістэмамі.

З.а. падзяляецца на зорныя статыстыку, кінематыку і дынаміку. У зорнай статыстыцы метадамі матэм. статыстыкі даследуюцца будова Галактыкі, характарыстыкі зорнага насельніцтва, у т.л. размеркаванні зорак з пэўнымі характарыстыкамі ў розных яе абласцях Напр., функцыі бляску, зорнай шчыльнасці, свяцільнасці і паглынання звязаны паміж сабой асноўнымі ўраўненнямі зорнай статыстыкі. На аснове гэтых ураўненняў вызначаюцца функцыі сапраўдных характарыстык зорак у параўнанні з бачнымі характарыстыкамі. Зорная кінематыка на аснове бачных (напр., уласнага руху, прамянёвай, тангенцыяльнай і прасторавай скорасцей) выяўляе сапраўдныя кінематычныя характарыстыкі руху зорак, а таксама заканамернасці руху зорнай сістэмы як цэлага. Зорная дынаміка вывучае заканамернасці руху зорак у сілавым полі зорнай сістэмы, будову і эвалюцыю зорных сістэм на аснове сіл, што дзейнічаюць у іх. Структура сілавога поля выяўляецца як суперпазіцыя сіл, створаных сістэмай у цэлым, і сіл, што ўзнікаюць пры збліжэнні асобных зорак.

Літ.:

Куликовский П.Г. Звездная астрономия. 2 изд. М., 1985.

А.А.Шымбалёў.

1 2 3
Лебедзь Cygnus Пн
Леў Leo Пн
Ліра Lyra Пн
Лісічка Vulpecula Пн
Лятучая Рыба Volans Пд
Малая Мядзведзіца (нар. назва Малы Воз) Ursa Minor Пн
Малы Конь Equuleus Пн
Малы Леў Leo Minor Пн
Малы Пёс Canis Minor Пн
Мікраскоп Microscopium Пд
Муха Musca Пд
Навугольнік Norma Пд
Насос Antlia Пд
Паўднёвая Гідра Hydrus Пд
Паўднёвая Карона Corona Austrina Пд
Паўднёвая Рыба Piscis Austrinus Пд
Паўднёвы Трыкутнік Triangulum Australe Пд
Паўлін Pavo Пд
Паўночная Карона Corona Borealis Пн
Пегас Pegasus Пн
Персей Perseus Пн
Печ Fornax Пд
Разец Caelum Пд
Райскі Птах Apus Пд
Рак Cancer Пн
Рыбы Pisces Э
Рысь Lynx Пн
Секстант Sextans Э
Сетка Reticulum Пд
Скарпіён Scorpius Пд
Скульптар Sculptor Пд
Сталовая Гара Mensa Пд
Страла Sagitta Пн
Стралец Sagittarius Пд
Трыкутнік Triangulum Пн
Тукан Tucana Пд
Тэлескоп Telescopium Пд
Фенікс Phoenix Пд
Хамелеон Chamaeleon Пд
Цыркуль Circinus Пд
Цэнтаўр Centaurus Пд
Цэфей Cepheus Пн
Цялец Taurus Пн
Чаша Crater Пд
Шалі Libra Пд
Шчыт Scutum Э
Эрыдан Eridanus Пд
Яшчарка Lacerta Пн
Абазначэнні: ПнПаўн. паўшар’е неба, ПдПаўд. паўшар’е неба, Э — экватарыяльны пояс.

т. 7, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДЫ, Андыйскія Кардыльеры (Andres, Cordillera de los Andes),

горная сістэма на Пн і З Паўн. Амерыкі Паўд. Амерыкі, выцягнутая ў мерыдыянальным напрамку ўздоўж берагоў Ціхага ак. на тэр. Венесуэлы, Калумбіі, Эквадора, Перу, Балівіі, Чылі і Аргенціны. Самая доўгая (9000 км) і адна з самых высокіх (6980 м, г. Аканкагуа) горных сістэм зямнога шара. З’яўляецца кліматападзелам паміж паветранымі масамі Атлантычнага і Ціхага акіянаў, важны гідраграфічны вузел мацерыка. Складаюцца пераважна з субмерыдыянальных паралельных хрыбтоў — Усходнія Кардыльеры Андаў, Цэнтральныя Кардыльеры Андаў, Заходняя Кардыльера Андаў, Берагавыя Кардыльеры Андаў, паміж якімі ўнутр. пласкагор’і і плато (Пуна, Альтыплана) ці ўпадзіны. Па сукупнасці прыродных асаблівасцяў і араграфіі вылучаюць Анды Паўн., Цэнтр. і Паўднёвыя. Паўночныя Анды падзяляюцца на Карыбскія Анды, Паўн.-Зах. Анды, якія прадстаўлены 3 асн. Кардыльерамі (Усходняя, Заходняя і Цэнтральная), і Экватарыяльныя Анды (складаюцца з 2 Кардыльераў — Заходняй і Усходняй). Цэнтральныя Анды (да 28° паўд. ш.) уключаюць Перуанскія Анды і ўласна Цэнтр. Анды, ці Цэнтральнаандыйскае нагор’е. У Паўднёвых Андах вылучаюць Чылійска-Аргенцінскія (Субтрапічныя Анды) і Патагонскія Анды. Паводле будовы Анды — адроджаныя герцынскія структуры, узнесеныя навейшымі падняццямі альпійскай складкавасці на месцы Андыйскага (Кардыльерскага) геасінклінальнага складкавага пояса; зона землетрасенняў і актыўнага сучаснага вулканізму: 70 вулканаў, у т. л. 30 дзеючых (Катапахі, Льюльяйльяка, Сангай, Сан-Педра і інш.). Карысныя выкапні: руды волава («алавяны пояс» Балівіі), медзі («медны пояс» Чылі і Перу), вальфраму, сурмы, вісмуту, селену, серабра, свінцу, цынку, жалеза, золата, плаціны; у перадгор’ях, міжгорных прагінах і ўпадзінах (Маракайба, Магдалены) радовішчы нафты. У Андах пачынаюцца вытокі і прытокі Амазонкі, Арынока, Парагвая, Параны і рэкі Патагоніі, знаходзяцца вял. азёры: Маракайба, Тытыкака, Паапо і інш. Значныя вышыня і працягласць Андаў з Пн на Пд, кантрасты ва ўвільгатненні (на зах., наветраных, схілах да 5000—8000 мм ападкаў за год — на З Калумбіі і Пд Чылі, на ўсх., падветраных, каля 3000 мм — экватарыяльная паласа, вельмі сухія ўзбярэжжы — да 100 мм за год у Перу і Чылі), наяўнасць зледзяненняў (найб. значнае ў Патагонскіх Андах, больш за 20 тыс. км²), узровень снегавой лініі ад 4200—4900 м каля экватара да 6300 м у Перу абумовілі рэзка выяўленую пояснасць і вял. разнастайнасць ландшафтаў. Наветраныя вільготныя схілы ад Паўн.-Зах. Андаў да Пд Цэнтр. Андаў укрыты горнымі вільготнымі экватарыяльнымі і трапічнымі лясамі (горныя гілеі), у якіх вылучаюць З вышынныя паясы: т’ера-кальентэ (гарачая зямля), т’ера-тэмплада (умераная зямля) і т’ера-фрыз (халодная зямля). У Субтрапічных Андах вечназялёныя сухія лясы і хмызнякі, на Пд ад 38° паўд. ш. вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы. Расліннасць высакагорных плато мае шэраг асаблівасцяў: на Пн горныя экватарыяльныя лугі парамас, у Перуанскіх Андах і на ПнУ Пуны сухі высакагорны стэп халка, на ПдЗ Пуны і ўсім Ціхаакіянскім узбярэжжы паміж 5—28° паўд. ш. пустынныя тыпы расліннасці. Жывёльны свет: шыраканосыя малпы, непаўназубыя (мурашкаед, браняносец, лянівец), ягуар, пума, лама, гуанака, алені уэмул і пуду, грызуны тука-тука і шыншыла; з птушак — кондар, тукан, калібры і інш. Анды — радзіма хіннага дрэва, кокі, батату, лімскай фасолі і інш. каштоўных раслін. Даследаваў Анды бел. геолаг І.І.Дамейка, у гонар якога названы хрыбет.

М.В.Лаўрыновіч.

т. 1, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)