МЯРКІ́ТЭ (Merkyte, Меркіс),

Аляксандра (16.12.1901, в. Палевеняліс Панявежскага пав., Літва — 14.9.1938), літоўская пісьменніца. У 1921—24 вучылася ў Камуністычным ун-це народаў Захаду ў Маскве. Друкавалася з 1921. Пісала на літ. і бел. мовах. З 1925 жыла і працавала на Беларусі. Супрацоўнічала ў газ. «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»). У 1929—33 працавала ў газ. «Чырвоная Полаччына». У 1937 рэпрэсіравана. Рэабілітавана ў 1957. Аўтар зб. вершаў «Юнацтва на маршы» (1936, дапоўненае выд. 1961), незакончанага рамана «Барацьба працягваецца», шматлікіх вершаў, нарысаў, апавяданняў пра жыццё і лёс бел. і літ. народаў, прасякнутых тугой па бацькоўскім краі і ўдзячнасцю да бел. зямлі і народа.

Літ.:

Старонкі літаратурных сувязей. Мн., 1970.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМАРЦІ́Н ((Lamartine) Альфонс Мары Луі Пра дэ) (21.10.1790, г. Макон, Францыя — 28.2 або 1.3.1869),

французскі паэт-рамантык, паліт. дзеяч, дыпламат, гісторык. Чл. Франц. акадэміі (1830). З 1814 афіцэр каралеўскай гвардыі. У 1820—21 з дыпламат. місіяй у Неапалі, у 1825—28 — у Фларэнцыі. З 1833 чл. Палаты дэпутатаў. У рэвалюцыю 1848 міністр замежных спраў Часовага ўрада Францыі. Першым зб-кам («Паэтычныя роздумы», 1820; «Новыя паэтычныя роздумы», 1823) уласцівы летуценная сузіральнасць і меланхолія, якія паступова змяняюцца малітоўнай одай (зб. «Паэтычныя і рэлігійныя сугуччы», 1830). Паэмы «Жаселен» (1836), «Падзенне анёла» (1838) прасякнуты адчуваннем нетрываласці зямнога быцця і тугой па тагачасным ідэале. Сярод інш. твораў — паэма «Смерць Сакрата» (1823), аповесці «Споведзь», «Рафаэль» (абедзве 1849), «Грацыэла» (1852). Асн. гіст. праца — «Гісторыя жырандыстаў» (т. 1—8, 1847).

Тв.:

Рус. пер. — у кн. Французская элегия XVIII—XIX вв. в переводах поэтов пушкинской поры. М., 1989. С. 304—433.

А.В Хадановіч.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)