Мінская губернская партыйна-арганізатарская тройка 5/341

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬХО́ВІКАЎ (Мікалай Леанідавіч) (7.9.1922, г. Таганрог — 8.6.1987),

рус. артыст цырка. Нар. арт. СССР (1980). У цырку з 1929. Выступаў пад псеўд. Ніка. У 1950—53 вучыўся на вакальным аддз. Маскоўскай кансерваторыі. Скакун на падкідных дошках, эквілібрыст на пераходнай лесвіцы, жакей, конны акрабат. Стваральнік і ўдзельнік конна-акрабатычнага атракцыёна «Руская тройка» (1971).

т. 1, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПЕ́Р у матэматыцы, сукупнасць лінейна незалежных вектараў, якія маюць агульны пачатак, узятых у пэўным парадку. Калі вектары, што складаюць Р., папарна артаганальныя, то Р. наз. артаганальным, а калі пры гэтым яны маюць адзінкавую даўжыню — артанармаваным (гл. Артаганальная сістэма). Напр., у трохмернай прасторы Р. можа служыць любая тройка папарна непаралельных адной плоскасці вектараў. Гл. таксама Базіс у матэматыцы.

т. 14, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛАХАЎ (Пётр Пятровіч) (1822, Масква — 2.12.1885),

рускі кампазітар і вакальны педагог. Сын Пятра Аляксандравіча (каля 1793—1835) і брат Паўла Пятровіча (1824—1875) Булахавых, вядомых у свой час оперных спевакоў-тэнараў. Аўтар папулярных рамансаў і песень, блізкіх да гар. фальклору («Тройка», «Не, не цябе так палка я люблю», «Спатканне», «І няма ў свеце вачэй», «Гары, гары, мая зорка» і інш.).

т. 3, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЦЁМЕНКА (Кацярына Гаўрылаўна) (н. 10.10.1925, с. Пяскі-Радзькаўскія Бароўскага р-на Харкаўскай вобл.),

бел. майстар пляцення мастацкіх вырабаў з саломы. Засл. работнік культуры Беларусі (1980). Заснавальніца промыслу саломапляцення на Магілёўскай ф-цы маст. вырабаў. У творчасці этнагр. і быт. сюжэты («Вяселле», «Беларускія дзяўчаты», «Хлеб-соль Магілёўшчыны», «Тройка», «Конь-агонь»), анімалістычная тэматыка (цукерніцы, каўшы, хлебніцы і інш. ў выглядзе жывёл і птушак). Лепшыя работы захоўваюцца ў Нац. маст. музеі Беларусі, Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі і інш.

Я.​М.​Сахута.

К.Арцёменка. Конь-агонь.

т. 1, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЖКО́Ў (Вячаслаў Зіноўевіч) (н. 20.2.1924, в. Блудніца Шуйскага р-на Іванаўскай вобл., Расія),

бел. жывапісец, майстар лакавай мініяцюры. Скончыў Палехскае маст. вучылішча (1948). З 1961 у Мінску. Творы вылучаюцца арыгінальнасцю малюнка, вытанчанасцю кампазіцыі Аўтар пано «Царэўна-лебедзь» (1950), «Лукамор’е», «За зямлю рускую» (абодва 1982), «Казка пра цара Салтана», «Канёк-гарбунок» (абодва 1985), «Дзмітрый Данскі» (1986), «Руслан і Людміла» (1989); куфэркаў «Тарас Бульба», «Багатырская слава» (абедзве 1953), «Паядынак» (1972), «Тройка» (1981); пласцін «Мцыры» (1960), «Беларускі Сусанін» (1964); пейзажаў «Бабіна лета» (1986), «Восень» (1989), «Бярозавы гай» (1990), «Карагод» (1991), «Перад навальніцай» (1997); нацюрмортаў.

Літ.:

В.​З.​Рожков: Искусство Палеха. Живопись. Мн., 2001.

Г.​А.​Фатыхава.

т. 13, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РКМАН (Юзаф) (4.8.1838, г. Валожын Мінскай вобл. — 19.7.1919),

бел. жывапісец. Скончыў гімназію ў Вільні. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це, маст. адукацыю атрымаў у Пецярбургскай АМ. За ўдзел у паўстанні 1863—64 на Беларусі сасланы ў Сібір, дзе і жыў пасля адбыцця катаргі; у Іркуцку меў жывапісную майстэрню. З 1877 жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1880 — у Лібаве (цяпер г. Ліепая, Латвія). Пісаў пераважна сцэны з паўстання і жыцця ссыльных паўстанцаў («Труна Серакоўскага», «Смерць Нарбута»). Гэтай жа тэматыцы прысвечаны серыі акварэляў (да Вял. Айч. вайны захоўваліся ў Львоўскай карціннай галерэі). Сярод работ жывапісныя карціны «Коннік з двума канямі», «Тройка» (абедзве 1877), «Чацвёрка» (1914) і інш. Большасць твораў захоўваецца ў Іркуцкім маст. музеі.

т. 3, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРА́СІМАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (12.8.1881, г. Мічурынск, Расія — 23.7.1963),

рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1943). З 1947 правадз. чл. АМ СССР (у 1947—57 прэзідэнт). Вучыўся ў маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1903—15) у А.Я.Архіпава і К.А.Каровіна. Аўтар пейзажаў («Тройка. Зімовая дарога», 1912, «Пасля дажджу», 1935), партрэтаў (В.​В.​Лепяшынскай, 1939, групавога партрэта мастакоў І.​М.​Паўлава, В.​М.​Бакшэева, В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі і В.​М.​Мяшкова, 1944), жанравых карцін («Лазня», 1940), ілюстрацый (да «Тараса Бульбы» М.​Гогаля, 1947, і інш.), нацюрмортаў, тэатр. дэкарацый. Работы Герасімава прасякнуты аптымізмам, вызначаюцца выразнай кампазіцыяй, маляўнічасцю. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1949. У Нац. маст. музеі Беларусі 5 работ Герасімава (сямейны партрэт, 1934, «Чаромха», 1955, і інш.).

Літ.:

Осипов Д.М. Александр Герасимов: [Альбом]. М., 1981.

А.Герасімаў. Групавы партрэт старэйшых мастакоў (І.​Паўлаў, В.​Бакшэеў, В.​Бялыніцкі-Біруля, В.​Машкоў). 1944.

т. 5, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НКА (Фёдар Мікалаевіч) (19.6.1786, маёнтак Сутокі, цяпер у Смаленскай вобл., Расія — 23.2.1880),

рускі пісьменнік, дзекабрыст. Брат С.М.Глінкі. Удзельнік вайны 1812, якую паказаў у «Пісьмах рускага афіцэра» (ч. 1—8, 1815—16). Чл. тайных дзекабрысцкіх т-ваў «Саюз выратавання» (з 1818) і «Саюз працвітання» (1818—21, адзін з кіраўнікоў). У 1819—25 старшыня Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці. Пасля паражэння паўстання дзекабрыстаў звольнены са службы (1826) і сасланы ў Петразаводск (да 1830). Аўтар празаічных твораў: «Пісьмы да сябра» (1816—17) і «Нарысы Барадзінскай бітвы» (1839). У яго творчасці ёсць матывы біблейскія (паліт. элегія «Плач палонных іудзеяў», 1823; «Спробы свяшчэннай паэзіі», 1826; «Духоўныя вершы», 1839); фалькл. (паэмы «Дзева карэльскіх лясоў» і «Карэлія», 1828—30), рэлігійныя, містычныя паэмы «Іоў», 1859; «Таямнічая кропля», разам з жонкай А.​П.​Глінкай, 1861). Вершы «Тройка», «Вязень», «Масква» сталі папулярнымі песнямі.

Тв.:

Соч. М., 1986.

Літ.:

Карпец В.И. Федор Глинка: Ист.-лит. очерк. М., 1983.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КІ МАСТА́ЦКІЯ,

вырабы з дрэва, пап’е-машэ ці металу, апрацаваныя лакам, адпаліраваныя, аздобленыя размалёўкай, часам разьбой, інкрустацыяй, гравіроўкай; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў Кітаі, пазней і ў інш. краінах Усходу. У якасці пакрыцця выкарыстоўваўся сок лакавага дрэва. У Кітаі вырабы Л.м. (кубкі, вазы, шкатулкі, мэблю, арх. элементы) рабілі з пап’е-машэ, дрэва, абклейвалі тканінай або паперай, грунтавалі, лакіравалі, сушылі, паліравалі і інш., чым дасягалася іх вял. трываласць і воданепранікальнасць. Былі пашыраны размалёўка паліхромнымі і залатымі лакамі па чорным або каляровым фоне, разьба, інкрустацыя перламутрам, волавам, серабром. Блізкія да кіт. Л.м. Карэі, Японіі, Індакітая. У В’етнаме і Лаосе разам з дэкар. пашыраны станковы лакавы жывапіс. У Іране, Індыі, Цэнтр. Азіі вядомы лакавыя мініяцюры, выкананыя тэмпернымі фарбамі на вырабах з пап’е-машэ. У Зах. Еўропе ўсх. лакі вядомы з 15 ст., уласная вытв-сць пачалася з 17—18 ст. (дэкор палацавых інтэр’ераў, мэбля, быт. вырабы). Тэхналогія вырабу была спрошчана: уведзена гарачая сушка ў печах, выкарыстоўваліся алейныя лакі і фарбы. У 18 ст. вял. тэхн. і маст. майстэрствам вызначаліся вырабы франц. фірмы «Мартэн» і ням. ф-кі І.​Штобвасера. У Расіі вытв-сць лакавых вырабаў развіваецца з канца 18 ст. Рабілі мэблю, элементы дэкору палацавых інтэр’ераў, шкатулкі, табакеркі, падносы, размаляваныя алейнымі фарбамі. З пач. 19 ст. пачалі ўзнікаць нар. промыслы (гл. Жостаўская размалёўка, Фядоскінская мініяцюра). На пач. 20 ст. на аснове б. іканапісных промыслаў з’явіліся цэнтры Л.м. у сёлах Палех і Холуй Іванаўскай, Мсцёра Уладзімірскай абласцей, дзе створаны арыгінальны від мініяцюрнай размалёўкі тэмперай і золатам па чорных лакіраваных шкатулках (гл. Палехская мініяцюра, Холуйская мініяцюра, Мсцёрская мініяцюра).

На Беларусі ў тэхніцы Л.м. працуюць А. і Г. Осіпавы, В. і А. Ражковы, якія развіваюць традыцыі палехскай школы. У творах, якія вызначаюцца вытанчанасцю малюнка і кампазіцыйным майстэрствам, распрацоўваюць сюжэты нар. казак, бел. і рус. літаратуры, гісторыі, сучаснай тэматыкі: мініяцюры паводле бел. нар. казкі «Іван — удовін сын» (1962—63), кампазіцыі «Рэчыцкая лірычная» (1969), «Беларусь» (1978), «Адпачынак» (1984) Осіпавых; трыпціх «Русь волатаўская» (1966), пласціны «Дзмітрый Данскі» (1980), «Канёк-гарбунок», «Казка пра цара Салтана», «Царэўна-жаба» (усе 1984), «Царэўна-лебедзь» (1990), «Руслан і Людміла» (1995), «Русь-тройка» (1996), «Лукамор’е» (1998) Ражковых.

Л.​Ф.​Салавей.

Да арт. Лакі мастацкія. Скрыня разнога лаку. Кітай. 1735—96.
Да арт. Лакі мастацкія. Б.Ермалаеў. Шкатулка «Снягурка». Палех. 1959.
Да арт. Лакі мастацкія. Шкатулка «Тройка». Майстэрня А.​Вішнякова. Фядоскіна. 1880-я г.

т. 9, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)