«ВЫСО́КІ ДУБ»,
бел. нар. гульня. Удзельнічаюць ад 4 да 8 чал., гуляюць на адкрытай пляцоўцы. Для гульні патрэбны палка, дошчачка, кароткая палачка і жалуды (або каменьчыкі, сасновыя шышкі і інш.). Упоперак вузкай ямкі кладуць кароткую палачку, на яе — дошчачку. Потым па чарзе кожны гулец кладзе жолуд на апушчаны канец дошчачкі, б’е палкай па яе краі. Калі жолуд падлятае ўверх, гулец ловіць яго. Перамагае той, хто зловіць больш жалудоў. Гульня выпрацоўвае спрыт, жвавасць, трапнасць і дакладнасць рухаў.
Я.Р.Вількін.
т. 4, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУСЬКО́ Мікола
(Мікалай Іосіфавіч; н. 27.9.1940, в. Пагарэлка Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэт. Скончыў Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прам-сці (1962) і Маскоўскі нар. ун-т мастацтваў (1967). Друкуецца з 1970. У зб-ках вершаў «У Нёмна на плячах» (1986), «Сузор’е Шаляў» (1995) паэт. асэнсаванне гіст. вопыту, урокаў вайны і міру. Вершам уласцівы лірычная спавядальнасць, багатая вобразнасць, назіральнасць, трапнасць дэталяў. Піша таксама для дзяцей (зб-кі «Ад галінкі да сучка — тэлефон у павучка», 1993; «Шасцікрылец Хмарагон», 1996).
т. 3, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНТО́ЎКА,
індывідуальная агнястрэльная зброя з вінтавой нарэзкай у канале ствала. Нарэзка надае кулі вярчальны рух, які забяспечвае яе ўстойлівы палёт, большую далёкасць і трапнасць стральбы. Калібр вінтоўкі ад 5,6 да 7,62 мм.
Першыя вінтоўкі з’явіліся ў 16 ст. У Расіі наз. пішчалямі, штуцэрамі, з 1856 — вінтоўкамі. У 1868 прынята на ўзбраенне вінтоўка пад метал. патрон — бярданка, у 1891 — трохлінейная (г. зн. калібру 7,62 мм) магазінная (на 5 патронаў) вінтоўка С.І.Мосіна (з нязначнымі мадэрнізацыямі была на ўзбраенні больш за 60 гадоў). Яе скарастрэльнасць 10—12 стрэлаў за мінуту, прыцэльная далёкасць да 2 км. У 1907 на яе аснове створаны карабін. Пасля 2-й сусв. вайны выкарыстоўваюцца пераважна аўтам. вінтоўкі (з ёмістасцю магазіна да 50 патронаў, скарастрэльнасцю да 200 стрэлаў за мінуту, прыцэльнай далёкасцю да 500 м), карабіны (у т. л. самазарадныя), снайперскія вінтоўкі (з аптычнымі і начнымі прыцэламі). Сучасныя вінтоўкі звычайна маюць штык і прыстасаванні для стральбы (да 500 м) вінтовачнымі гранатамі. Пашыраны таксама спарт. вінтоўкі.
т. 4, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)