Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСФАРМА́ЦЫЯў генетыцы,
змена спадчынных уласцівасцей клеткі ў выніку пранікнення ў яе чужароднай ДНК; адзін са спосабаў абмену генет. матэрыялам у пракарыётаў. Натуральная Т. адкрыта і вывучана ў бактэрый (напр., Т. непатагенных бактэрый у патагенныя), але магчыма і ў клетках вышэйшых арганізмаў. Кампетэнтныя клеткі, здольныя ўключаць чужародную ДНК, сінтэзуюць асобны бялок. Пасля пранікнення ў клетку фрагмента ДНК донара адна з яе нітак распадаецца, а другая ўключаецца ў храмасому рэцыпіента за кошт рэкамбінацыі з гамалагічным участкам. Т. выкарыстоўваецца для генет. аналізу бактэрый, у якіх невядомыя інш. формы абмену генет. матэрыялам (кан’югацыі, трансдукцыі) і эксперыментах па генет. інжынерыі. Адкрыццё і вывучэнне Т. з’явіліся доказам таго, што ДНК — матэрыяльны носьбіт спадчыннасці.
Літ.:
Прозоров АА Генетическая трансформация и трансфекция. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. transformatio пераўтварэнне) у грамадстве, сацыёлага-паліталагічнае паняцце, якое абазначае якасныя пераўтварэнні грамадскай арганізацыі. Адбываецца, як правіла, у крызісныя эпохі, калі сац. структура страчвае ўстойлівасць і стабільнасць. Асн. этапы Т.: ацэнка стану грамадства як крызіснага; сац. дыягностыка (пошук прычын крызісу і шляхоў выхаду з яго); ліквідацыя ўстарэлай грамадскай сістэмы, якая не адпавядае патрабаванням сац. развіцця; самавызначэнне абноўленага грамадства і планаванне далейшага развіцця. Трансфармацыйныя змены ў грамадстве характарызуюцца складанасцю і непрадказальнасцю развіцця, ростам сац. мабільнасці, абвастрэннем супярэчнасцей паміж чалавекам і грамадскай сістэмай, маргіналізацыяй часткі насельніцтва. Прыклады Т. — сац. працэсы, што адбываліся на мяжы 1980—90-х г. у краінах Цэнтр. Еўропы і з 1990-х г. у постсав. краінах. накіраваныя на рэфармаванне розных сфер жыцця: дэмакратызацыю паліт. і дзярж. сістэм, абнаўленне эканам. асноў грамадства, арыентацыю на рыначную эканоміку, адмаўленне ад поўнага сац. забеспячэння ўсіх слаёў насельніцтва, перамену духоўна-культ. арыенціраў сац. развіцця і інш.
Літ.:
Пригожин А.И. Перестройка: переходные процессы и механизмы. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКАМБІНА́ЦЫЯ (рэ... + камбінацыя) у генетыцы, пераразмеркаванне генет. матэрыялу бацькоў у патомкаў, якое прыводзіць да спадчыннай камбінацыйнай зменлівасці жывых арганізмаў. Універсальны біял. механізм, уласцівы ўсім жывым сістэмам — ад вірусаў да вышэйшых раслін, жывёл і чалавека, важны пры эвалюцыйных ператварэннях. Адбываецца шляхам разыходжання гамалагічных храмасом у меёзе ці ўзаемадзеяннем малекул ДНК, вынікам якога з’яўляецца перанос участкаў ДНК з адной малекулы на другую (Р. ў вузкім сэнсе). Перанос бывае ў саматычных і палавых клетках, узаемным (рэцыпрокная Р.) і аднабаковым (нерэцыпрокная Р.). Для здзяйснення Р. ў эўкарыётаў існуе палавы працэс, у пракарыётаў — кан’югацыя, трансфармацыя і трансдукцыя, у вірусаў — сумесная інфекцыя. Мэтанакіраванае атрыманне рэкамбінатных (гібрыдных) ДНК — аснова генетычнай інжынерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАПЛАЗІ́Я (ад грэч. metaplasis пераўтварэнне),
1) ператварэнне аднаго віду тканкі ў другі ў чалавека і пазваночных жывёл. Напр., пераход плазматычнага ці цыліндрычнага эпітэлію ў чалавека ў шматслойны плоскі ў бронхах, слізістай абалонцы страўніка і інш. У хвастатых земнаводных адбываецца пры рэгенерацыі хрусталіка і сятчаткі вока. Адрозніваюць М. прамую і непрамую. Пры прамой ідзе трансфармацыя тканак без размнажэння клетак; пры непрамой — разрастаюцца маладыя клеткі. Вылучаюць 2 фазы непрамой М.: размнажэнне клетак (неапластычная фаза) і дыферэнцыроўка клетак з утварэннем новай тканкі (метапластычная фаза). Ачагі М. — перадпухлінны стан арганізма.
2) М., ці метаплазіс — перыяд росквіту ў індывід. развіцці асобіны і ў гісторыі некат. груповак арганізмаў (праяўляецца ў моцнай зменлівасці і мностве асобін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТРАНСФАРМА́ЦЫЯ (ад бія... + трансфармацыя),
1) у генетыцы — змена спадчынных уласцівасцяў бактэрыяльнай клеткі ў выніку пранікнення ў яе чужароднай ДНК; адзін са спосабаў абмену генет. матэрыялам у пракарыётаў (арганізмы з клеткамі без ядраў). Шырока выкарыстоўваецца для ўвядзення чужароднай ДНК і ў клеткі эўкарыётаў (арганізмы з ядзернымі клеткамі).
2) У фізіялогіі раслін — пераўтварэнне энергіі сонечнай радыяцыі, якая ўлоўліваецца зялёнымі раслінамі, у інш. віды (хім., мех. і інш.), пры гэтым частка энергіі страчваецца ў выглядзе цяпла.
3) У біяхіміі — біяхім. пераўтварэнне ядаў, што праніклі ў арганізм, у менш таксічныя рэчывы (абясшкоджванне, ці дэтаксікацыя) або больш таксічныя злучэнні, чым зыходнае рэчыва.
4) Антрапагеннае змяненне згуртавання (звычайна раслін), якое вядзе да ўзнаўленчай сукцэсіі (змены біяцэнозаў), напр., у выніку вытоптвання наземнага расліннага покрыва, высякання лясоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́Н ЭНЕ́РГІІ, энергетычны абмен,
сукупнасць працэсаў утварэння, назапашвання, трансфармацыі і выкарыстання энергіі ў жывых арганізмах, а таксама працэсаў абмену паміж імі і навакольным асяроддзем. Абмен энергіі неадрыўны ад абмену рэчываў, карэліруе з яго ўзроўнем, мае фундаментальнае значэнне ў жыцці ўсіх арганізмаў. У аснове ўнутрыклетачнага абмену энергіі ляжыць акісленне біялагічнаеарган. злучэнняў з назапашваннем і ператварэннем т.зв.макраэргічных сувязяў АТФ, крэацінфасфату, фосфаэнолпірувату, 3-фосфагліцэрату і інш. макраэргаў (гал. ролю пры гэтым выконвае цыкл трыкарбонавых кіслот). Зыходнымі вонкавымі крыніцамі для забеспячэння іх энергет. патрэб з’яўляецца энергія пажыўных і інш. рэчываў, што засвойваюцца арганізмам, і светлавая энергія, якая ўключаецца ў біяэнергет. абмен праз фотасінтэз. Ён забяспечвае існаванне не толькі раслін, але і ўсіх гетэратрофных арганізмаў. Гал. крыніцы энергіі ўнутры арганізма — вугляводы (даюць больш за 50% энергіі) і тлушчы. Праз ператварэнні рэчываў у арганізме ажыццяўляецца трансфармацыяхім. энергіі ў інш. віды — мех., цеплавую і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЦЭ́Н (ад грэч. holos увесь + kainos новы), пасляледавіковая эпоха,
сучасная геалагічная эпоха, якая складае апошні, незавершаны адрэзак антрапагенавай сістэмы (перыяду). Настаў пасля плейстацэну, каля 10 тыс. гадоў назад, калі завяршылася апошняе мацерыковае зледзяненне Еўропы. Пачатак галацэну адпавядае пераходу ад палеаліту да мезаліту. У галацэне суша і мора, прыродныя зоны Зямлі набылі сучасны выгляд, узніклі поймавыя тэрасы рэк, памножыліся тарфянікі, пад узмоцненым уплывам дзейнасці чалавека пачалася трансфармацыя прыродных экасістэм.
Галацэн падзяляюць на перыяды: перадбарэальны, барэальны, атлантычны, суббарэальны, субатлантычны або сучасны (паводле шкалы Бліта — Сернандэра, распрацаванай для тэр. Скандынавіі і Фінляндыі). Характарызуецца паступовым пацяпленнем клімату (адносна позналедавікоўя), якое было максімальным у атлантычным перыядзе (оптымум галацэну, калі клімат быў больш цёплы і вільготны, чым цяпер) і змянілася некаторым пахаладаннем.
Горныя пароды, што намножыліся ў галацэне, залягаюць на паверхні. На тэр. Беларусі найб. пашыраны алювіяльныя адклады, якія на вял. рэках дасягаюць магутнасці 15—18 м, азёрныя — да 20—25 м, балотныя — 1—10 м; дэлювіяльныя, пралювіяльныя, крынічныя (вапняковыя туфы, сідэрыт, вівіяніт, буры жалязняк) і эолавыя маюць меншае пашырэнне. У галацэне сфарміраваліся радовішчы торфу, сапрапелю, прэснаводных вапнавых адкладаў, балотнай жал. руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРО́НАК (Turonek) Юры Браніслававіч (н. 26.4.1929, г. Дукштас, Літва),
польскі даследчык бел. гісторыі, культуры, асветы. Д-ргіст.н. (1986). Скончыў Гал. школу планавання і статыстыкі ў Варшаве (1952). Адзін з арганізатараў і старшыня праўлення (1956—66) Варшаўскага аддзялення Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ), у 1970—75 старшыня Навук. гуртка БГКТ. Даследуе гісторыю бел. школьніцтва на Беласточчыне, бел. кнігавыдавецкай справы і каталіцызму, ням.акупац. палітыку ў Беларусі.
Тв.:
Беларускае школьніцтва на Беласточчыне ў пасляваенны перыяд. Беласток, 1976;
Памяці Браніслава Туронка. Ню Ёрк;
Варшава, 1990;
Каталіцызм у Беларусі — маштаб праблемы // Скарыніч. 1991. Вып. 1;
Фармаваньне сеткі рыма-каталіцкіх парафіяў у Беларусі (1387—1781 г.) // Бел.гіст. агляд. 1995. Т. 2, сш. 2;
Канфесійная трансфармацыя на Беларусі і нацыянальная самасвядомасць // Беларуская думка XX ст. Варшава. 1998;
Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). Мн.. 2002;
Wacław Iwanowski i odrodzenie Białorusí. Warszawa, 1992;
Książka bialoruska w II Rzeczypospolitej, 1921—1939. Warszawa, 2000;
Бел.пер. — Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мн., 1993;
Беларускае пытанне ў палітыцы лонданскага лагеру (1941—44) // Спадчына. 1997. №3.