Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУТЫ́Л (ад лац. rutilus залаціста-чырвоны),
мінерал класа аксідаў, аксід тытану, TiO2; гал. кампанент тытанавых руд. Ізаморфныя прымесі: хром, ніобій, тантал, ванадый, волава. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Утварае зярністыя суцэльныя масы, крышталі прызматычныя, слупкаватыя да ігольчастых, зросткі з магнетытам, гематытам, ільменітам, урастанні ігольчастыя і воласападобныя ў кварцы («стрэлы Амура», «валасы Венеры»), гранаце; па крышталаграфічных напрамках урастанні ў сапфіры, рубіне, шпінэлі і інш. абумоўліваюць астэрызм (эфект мігцення зоркі). Колер чырвона-буры, жаўтаваты, сіняваты, чорны, зялёны. Цв. 6,5. Шчыльн. 4,2 г/см³. Крохкі. Радовішчы вядомы ў кварцытах, гнейсах, метамарфічных сланцах. Намнажаецца ў россыпах. Выкарыстоўваецца ў электроднай і лакафарбавай прам-сці, сыравіна на ніобій і тантал. Найб. радовішчы ў Аўстраліі (90% сусветнай здабычы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНО́Д (ад грэч. anodos узыходжанне),
1) дадатны полюс (клема) крыніцы эл. току (гальванічнага элемента, акумулятара, эл. машыны). Ад анода ў знешнім эл. ланцугу накіраваны эл. ток.
2) Дадатны электрод электравакуумных і іонных прылад, звычайна выраблены з тугаплаўкіх металаў (тантал, малібдэн, чэрнены нікель), калі ахаладжэнне прымусовае — з медзі; іонных прылад — з матэрыялаў з малой другаснай эмісіяй (графіт, жалеза).
3) Дадатны полюс электрычнай дугі, электралітычнай ванны (гл. ў арт.Электроліз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРМЕ́ТЫ,
кераміка-металічныя матэрыялы, штучныя матэрыялы, якія атрымліваюць спяканнем або прасаваннем (спосабамі парашковай металургіі) керамічных і метал. парашкоў. Спалучаюць карысныя ўласцівасці керамікі і металаў.
У якасці керамічнай састаўляючай выкарыстоўваюць тугаплаўкія аксіды (алюмінію, крэмнію, хрому, цырконію), карбіды, барыды, сіліцыды і нітрыды; метал. састаўляючай — нікель, хром, жалеза, кобальт, вальфрам, малібдэн, ніобій, тантал і інш. К. ідуць на выраб дэталей турбін і авіяц. рухавікоў, металарэзнага інструменту, штампаў і інш. дэталей, што працуюць ў агрэсіўных асяроддзях і пры высокіх т-рах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІТЭМНЕ́СТРА, Клітэместра,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка цара Спарты Ціндарэя, жонка Агамемнана. За грахі яе бацькі К. асуджана Афрадытай тройчы быць замужам. Яе першы муж лідзійскі цар Тантал і іх малы сын былі забіты Агамемнанам, у вымушаным шлюбе з якім К. нарадзіла трох дачок і сына Арэста. У адсутнасць мужа, які кіраваў аблогай Троі, К. пакахала яго саперніка Эгісфа. Апошні забіў Агамемнана пры яго вяртанні з-пад Троі. Паводле літ. паслягамераўскай традыцыі, К., прыкрываючы ўласную здраду помстай за прынесеную мужам у ахвяру Артэмідзе дачку Іфігенію, сама забіла Агамемнана і прывезеную ім Касандру. Пасля царавала з Эгісфам у Мікенах. Забіта сынам Арэстам, які помсціў за бацьку. Вобраз К. адлюстраваны ў трагедыях Эсхіла і Эўрыпіда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ДКІЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,
назва групы хім. элементаў (больш за 50), што выкарыстоўваюцца ў невял. колькасці, або адносна новыя ў тэхніцы. У прыродзе даволі малапашыраныя (элементы з кларкамі, ніжэйшымі за 0,01% па масе).
Звычайна не ўтвараюць буйных радовішчаў сваіх мінералаў. Агульная колькасць Рэ. у зямной кары 0,53% па масе, 0,41% прыпадае на тытан, які традыцыйна адносяць да Р.э., хоць яго прыродныя запасы значныя і здабываецца ён у вялікай колькасці. Паводле асаблівасцей геахіміі і тэхналогіі вылучэння і раздзялення падзяляюць на групы: лёгкія Р.э. — літый, цэзій, берылій, стронцый; рэдказямельныя элементы; рассеяныя элементы; тугаплаўкія Р э. — цырконій, ніобій, тантал, малібдэн і інш.; плацінавыя металы; радыеактыўныя элементы (уран, торый і інш.), інертныя газы. З павелічэннем аб’ёму вытв-сці многіх з гэтых элементаў тэрмін «Р.э.» становіцца ўсё больш умоўным.
Літ.:
Химия и технология редких и рассеянных элементов. Ч. І—3. 2 изд. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ДКІХ І РАССЕ́ЯНЫХ ЭЛЕМЕ́НТАЎ РУ́ДЫ,
прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія змяшчаюць рэдкія элементы і рассеяныя элементы ў канцэнтрацыях, мэтазгодных для прамысл. здабычы. У буйных радовішчах рэдкія элементы ўтрымліваюцца ад некалькіх працэнтаў (ніобій, літый, берылій) да дзесяткаў працэнтаў (стронцый). Адрозніваюць руды, якія маюць у сабе гэтыя элементы ў выглядзе ўласна рэдкаметальных мінералаў (складаюць гал.прамысл. каштоўнасць), і руды, што змяшчаюць іх у выглядзе ізаморфных прымесей і здабываюцца спадарожна з пашыранымі металамі і неметаламі. Руды ўласна рэдкаметальных радовішчаў утвараюць комплексныя радовішчы, напр., рэдкаметальныя пегматыты змяшчаюць тантал, літый, берылій, часам цэзій, волава. Комплекснымі з’яўляюцца таксама і шматлікія рудныя мінералы (напр., лапарыт — крыніца здабычы танталу, ніобію, тытану, рэдкіх зямель). Радовішчы рэдкаметальных руд генетычна разнастайныя. Гал. аб’ёмы здабычы тытану, цырконію, танталу, ніобію, рэдкіх зямель і інш. звязаны з россыпамі і корамі выветрывання. Рассеяныя элементы здабываюць спадарожна пры комплекснай перапрацоўцы руд інш. карысных выкапняў і мінер. канцэнтратаў. Руды рассеяных элементаў — мінералы нефелін (рубідый, цэзій, галій), апатыт (стронцый, рэдкія землі), біятыт (літый, хром, рубідый, талій, галій), светлыя слюды, халькапірыт, кінавар, ільменіт, касітэрыт, вальфраміт, сфалерыт, галеніт і (інш. Паводле геахім. уласцівасцей рассеяных элементаў (халька-, літа-, сідэра-, аргана- і гідрафільных) вызначаюцца іх металагенія і прымеркаванасць да пэўных геолага-геахім. груп і тыпаў радовішчаў. Гл. таксама Берыліевыя руды, Літыевыя руды, Ніобіевыя руды, Танталавыя руды.