Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРУХО́ВІЧ (Сцяпан Адамавіч) (1.1.1909, в. Губіна Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 5.4.1989),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Працаваў у станковым жывапісе. Сярод твораў: «Веснавая сяўба» (1947), «Коні. На лузе» (1953), «Калгасны табун» (1958), лірычныя і індустр. пейзажы «Жыта» (1947), «Мінскае мора» (1954), «Новалукомль» (1966), «Пейзаж з лодкай» (1973), «Перад дажджом» (1975), партрэт Я.Купалы (1979) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРУ́ТНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
таксічныя хімічныя злучэнні, прызначаныя для пашкоджання жывога арганізма; аснова хімічнай зброі. Пранікаючы ў арганізм праз дыхальныя шляхі, слізістыя абалонкі вачэй і насаглоткі, скуру і стрававальны тракт, парушаюць механізм дзеяння ферментных сістэм. Паводле характару дзеяння падзяляюцца на нервова-паралітычныя (зарын, заман, табун), агульнаатрутныя (сінільная кіслата, хлорцыян, арсін, фасфін), скуранарыўныя (іпрыт, азоцісты іпрыт, люізіт), удушальныя (хлор, фасген, дыфасген), слёзацечныя (лакрыматары) і раздражняльныя (адамсіт, хлорацэтафенон і інш.), псіхахімічныя (BZ — бізэт, B7 — бісем). Бываюць смяротныя і несмяротныя (часова выводзяць са строю); нястойкія, стойкія і ядавіта-дымныя. Выяўляюць і дэгазуюць атрутныя рэчывы спец. прыладамі і метадамі. Ахова ад атрутных рэчываў: процівагаз, рэспіратар, спец. ахоўная і звычайная прагумаваная вопратка, антыдотная тэрапія і спец. абсталяваныя сховішчы. Як хім. зброя атрутныя рэчывы забаронены Жэнеўскім пратаколам 1925.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭВАСЯ́Н (Грант Ігнатавіч) (н. 12.2. 1935, с. Ахнідзор, Арменія),
армянскі пісьменнік. Скончыў Ерэванскі пед.ін-т (1962). Друкуецца з 1959. У кнігах аповесцей і апавяданняў «Мы і нашы горы», «Аранжавы табун» (абедзве 1962), «Жнівень» (1967), «Маці едзе жаніць сына», «Жыла зямлі» (абедзве 1973), «Наш бег», «Дрэвы» (абедзве 1978), «Ташкент» (1982), «Гаспадар» (1983) і інш. жыццё сучаснай вёскі, складаны свет чалавечых узаемаадносін, непарыўная сувязь чалавека і прыроды. Яго творам уласцівы паглыблены псіхалагізм і філас. сімволіка, тонкае паэтычнае светаадчуванне, лірызм і гумар. Аўтар п’ес, кінасцэнарыяў. Дзярж. прэмія Арменіі 1983. Дзярж. прэмія СССР 1984. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.Васілевіч, У.Васілевіч, М.Гіль, М.Татур, Г.Шаранговіч, А.Шарахоўская, Г.Шупенька.
Тв.:
Бел.пер. — Мы і нашы горы: Аповесці, апавяданні. Мн., 1988;
Рус.пер. — Твой род: Повести и рассказы. М., 1982.