Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СІНО́Д (ад грэч. synodos сход),
сход вышэйшых духоўных асоб у хрысц. царкве. У 1721—1917 Свяцейшы Усерас. С. — вышэйшы орган кіравання ў Рускай праваслаўнай царкве (РПЦ). Усталяваны вярх. самадзярж. уладай замест скасаванага патрыяршаства, падпарадкоўваўся імператару. Паводле рэгламенту, у склад С. ўваходзіла 12 іерархаў царквы. Дзярж. нагляд над С. ажыццяўляў свецкі чыноўнік, прызначаны імператарам, — обер-пракурор. Праз яго падтрымліваліся ўсе сувязі С. з дзярж. органамі. Пасля аднаўлення патрыяршаства (1917) С. у РПЦ дзейнічае як царк. дарадчы орган пры патрыярху Маскоўскім і ўсяе Русі. У наш час у склад С. ўваходзяць пастаянныя члены: мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Украіны, мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт санкт-пецярбургскі і ладажскі, мітрапаліт круціцкі і каломенскі, старшыня аддзела знешніх царк. зносін, кіраўнік спраў Маскоўскай патрыярхіі; і часовыя члены — епархіяльныя архірэі, якія па чарзе ўдзельнічаюць у рабоце С. На Беларусі з усталяваннем у 1989 Бел. экзархата дзейнічае Сінод Беларускай праваслаўнай царквы. У інш.правасл. цэрквах таксама існуюць С. з рознымі функцыямі. У каталіцкай царкве з 1960-х г. дзейнічае С. біскупаў як орган пры папе рымскім. С. на чале з патрыярхамі ёсць і ў некат. усх. цэрквах ва уніі з Ватыканам — копцкага, халдзейскага і інш. абрадаў. У пратэстантызме С. — сход духоўных і свецкіх асоб, які перыядычна склікаецца для прыняцця рашэнняў па рэліг. справах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНО́Д БЕЛАРУ́СКАЙ ПРАВАСЛА́ЎНАЙ ЦАРКВЫ́,
сход вышэйшых духоўных асоб у Беларускай праваслаўнай царкве. Дзейнічае з усталяваннем у 1989 Беларускага экзархата. Яму належыць вышэйшая царк.заканад., выканаўчая і суд. ўлада ў межах экзархата. Складаецца з 5 (4 часовыя і 1 пастаянны экзарх) членаў і з 10 кіруючых архірэяў Бел.правасл. царквы. Часовыя члены па чарзе выклікаюцца на пасяджэнні, якія праводзяцца не радзей як 4 разы за год. Сінод дзейнічае ў межах кампетэнцыі, вызначанай царк. канонамі і Статутам Бел. экзархата. Падсправаздачны Сіноду Рускай правасл. царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕПІСКАПА́Т,
у каталіцтве сістэма царк. кіравання праз епіскапаў. Е. кожныя 5 гадоў павінны з’яўляцца ў Рым для справаздачы аб справах у епархіі. 2-гі Ватыканскі сабор (1962—65) заснаваў у якасці калегіяльных органаў кіравання нац. і рэгіянальныя канферэнцыі епіскапаў і Сінод епіскапаў пры пале.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМАХІ́Я (грэч. symmachia ад syn разам + machomai ваюю),
у Старажытнай Грэцыі ваенны саюз, які заключаўся паміж полісамі. Першыя С. ўзніклі ў 6 ст. да н.э. Полісы-саюзнікі абавязваліся разам весці ваен. дзеянні, мелі агульную казну, шэраг органаў кіравання (напр., сінод — агульнасаюзны сход, сінедрыён — савет прадстаўнікоў полісаў-саюзнікаў), вырашалі разам агульныя справы. Фармальна ўсе члены С. захоўвалі поўную аўтаномію, але фактычна больш слабыя ўдзельнікі дагавора павінны былі адмаўляцца ад самастойнай знешняй палітыкі і траплялі ў залежнасць ад поліса, які ўзначальваў С. Найб. вядомыя С.: на чале са Спартай (Пелапанескі саюз), Афінамі (Дэлоскі саюз), Фівамі (Беатыйскі саюз), Мегалопалем (Аркадскі саюз), Ахейскі саюз, Эталійскі саюз і Карынфскі саюз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РЧЫНГ ((Merczyng) Генрык) (5.2.1860, г. Згеж Люблінскага ваяв., Польшча — 14.9.1916),
польскі гісторык, інжынер. Скончыў Варшаўскі ун-т (1882), Ін-т інжынераў шляхоў зносін у Пецярбургу (1885), дзе пасля выкладаў, праф. з 1904. Член Ядноты евангелічна-рэфармаванага касцёла ў Вільні, па яго ініцыятыве сінод царквы пачаў выдаваць зб-кі дакументаў па гісторыі Рэфармацыі «Monumenta Reformationes Polonicae et Lithuanicae», асабіста падрыхтаваў сшытак 1 серыі 1 (1911), куды ўвайшлі дакументы 16 ст. Аўтар прац пра кальвінісцкую і арыянскую цэрквы ў ВКЛ, дзейнасць С.Буднага, гісторыю педагогікі, па дэмаграфіі.
Тв.:
Szymon Budny jako kiytyk tekstdw biblijnych. Kraków, 1913;
Mapa Litwy z r. 1613 ks. Radziwiłla Sierotki, pod względem matematycznym i kartograficznym // Sprawozdania Towarzystwa Naukowego Warszawskiego. Wydział. 3. Warszawa. 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКА́РГА (Павенскі) Пётр
(люты 1536, г. Груец Мазавецкага ваяв., Польшча — 12.9.1612),
царкоўны і паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай; пачынальнік польскай аратарскай прозы. Скончыў Кракаўскую акадэмію (1555), удасканальваў адукацыю ў Рыме. З 1569 чл. ордэна езуітаў. З 1574 у ВКЛ. Заснавальнік і першы рэктар (1579—84) Віленскай езуіцкай акадэміі. Заснаваў Полацкі езуіцкі калегіум, калегіумы ў Рызе і Дэрпце (цяпер Тарту, Эстонія). Вёў актыўную барацьбу супраць Рэфармацыі. Дзякуючы аратарскаму таленту заўсёды перамагаў сваіх апанентаў у дыспутах. Здолеў вярнуць уплывовага прыхільніка кальвінізму М.К.Радзівіла (Сіротку) у каталіцызм. З 1584 у Кракаве, з 1588 прыдворны прапаведнік караля Жыгімонта III Вазы. Ініцыятар і прапагандыст Брэсцкай уніі 1596. Аўтар рэліг.-паліт. твораў «Пра еднасць Божай царквы» (1577), «Жыціі святых» (1579), «Брэсцкі сінод» (1597), «Сеймавыя казанні» (1600), «На трэны і лямонт Тэафіла Арталога» (1600) і інш. Выступаў за моцную цэнтралізаваную дзяржаву на чале з каралём з абсалютнай уладай; аднак дзеянні манарха, на яго думку, павінны абмяжоўвацца правам і радай. Разам з тым паліт. ідэалам лічыў тэакратыю, пад якой разумеў кіраванне царк. улады пры дапамозе караля. Абгрунтоўваў ідэю царк. уніі для ўмацавання духоўнага адзінства дзяржавы. Рэзка крытыкаваў анархізм і разбэшчанасць шляхты, яе класавы эгаізм, сац. няроўнасць і прыгнёт сялянства. Папярэджваў, што прамаруджванне з рэформамі па цэнтралізацыі дзяржавы можа прывесці да падзення Рэчы Паспалітай. У 19 ст. С. разглядаўся польскай інтэлігенцыяй як прарок трагічнага лёсу краіны. Творы С., у т. л. «Брэсцкі сінод» і «Абарона Брэсцкага сінода», пераклаў на бел. мову і выдаў І.Пацей пад агульнай назвай «Апісанне і абарона сабору рускага брэсцкага» (1597).
Тв.:
Pisma wszystkie. T. 1—4. Warszawa, 1923—26.
Літ.:
Шалькевіч В.Ф. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі. Мн., 1999;
Tazbir I. Piotr Skarga: szermierz kontrreformacji. 2 wyd. Warszawa, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАСТО́ЦКІ МАНАСТЫ́Р НАРАДЖЭ́ННЯ БАГАРО́ДЗІЦЫ,
праваслаўны жаночы манастыр ва ўрочышчы Красны Сток (Ружаны Сток) Сакольскага пав. Гродзенскай губ. (цяпер у Польшчы). Утвораны ў 1901 паводле ўказа Сінода па просьбе гродзенскага епіскапа Іаакіма з мэтай правасл. місіянерства сярод каталіцкага насельніцтва. Сюды, у будынкі скасаванага ў 1875 дамініканскага кляштара, быў пераведзены з Гродна жаночы манастыр Нараджэння Багародзіцы. На яго рамонт і добраўпарадкаванне Сінод выдзеліў 25 тыс.руб. У манастыры было 50 манашак, працавалі амбулаторыя і аптэка, царкоўнапрыходская жан. школа. Найб. шанаванымі лічыліся 3 абразы Маці Божай: Краснастоцкай (вядомы з сярэдзіны 17 ст., застаўся ад дамініканцаў), копія з яго і Уладзімірскай (прывезены з Гродна). У Драгічыне-Надбужскім дзейнічала абшчына манастыра з 5 цэрквамі, прытулкам і бальніцай. Манастыр спыніў існаванне ў час 1-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎНЫ ТА́ЙНЫ САВЕ́Т,
вышэйшая дзярж. ўстанова ў Расіі ў 1726—30. Створаны паводле ўказа імператрыцы Кацярыны I. Уваходзілі А.Д.Меншыкаў, Ф.М.Апраксін, Г.І.Галоўкін, А.І.Астэрман, Дз.М.Галіцын, П.А.Талстой, К.Ф.Галштынскі, А.Г. і В.А.Далгарукавы (з 1728), М.М.Галіцын і В.У.Далгарукаў (з 1730). Фармальна быў дарадчым органам пры манарху, фактычна вырашаў усе важнейшыя справы ўнутр. і знешняй палітыкі. Савету падпарадкоўваліся Сенат, калегіі, Сінод і інш. Спачатку працягваў палітыку Пятра I, потым адышоў ад яе (скасаванне пад націскам знаці пятроўскага адм. апарату, перанясенне сталіцы ў Маскву). Пасля запрашэння на рас. прастол Ганны Іванаўны члены Вярхоўнага тайнага савета спрабавалі абмежаваць яе ўладу, і яна вымушана была падпісаць адпаведныя ўмовы («кандыцыі»). Але палітыка членаў Савета не атрымала падтрымкі шырокіх слаёў дваранства. Ганна Іванаўна разарвала «кандыцыі». Вярхоўны тайны савет быў скасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛХІСЕДЭ́К (у свеце Паеўскі Міхаіл Львовіч; вер. 1878, с. Вітулін Люблінскага ваяв., Польшча — 17.5.1931),
бел. праваслаўны царкоўны дзеяч. Скончыў Казанскую духоўную акадэмію (1904). Выкладаў у Магілёўскай духоўнай семінарыі (1904—05). Настаяцель Магілёўскага Богаяўленскага манастыра (1905—07) і інш. манастыроў. З 1914 епіскап таўрычаскі, архіепіскап астраханскі. З 1919 вікарны епіскап слуцкі, епіскап мінскі і тураўскі. З ліп. 1922 мітрапаліт мінскі і беларускі.
Выступаў супраць абнаўленцаў, якія стварылі Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву, прыхільнік абвяшчэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1925 прыгавораны да 3 гадоў зняволення ўмоўна па абвінавачванні ў «раскраданні царк. маёмасці» і «контррэв. прапагандзе». У тым жа годзе пасля арышту ў Маскве сасланы ў Краснаярскі край. З 1927 архіепіскап краснаярскі. З 1930 у Маскве, абраны ў СінодРус.правасл. царквы. Раптоўна памёр у Дарагамілаўскім саборы.
Літ.:
Процька Т. Пакутнік за веру і бацькаўшчыну. Мн., 1996;
Шэйкін Г. Мінская епархія // Беларускі праваслаўны каляндар, 1997. Мн., 1996.