Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАРНА́К (Pastinaca),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — П. дзікі, або лясны (P. sylvestris). Трапляецца на схілах, каля дарог, жылля. Культывуецца П. пасяўны (P. sativa).
Двух- або шматгадовыя травы з перыстым лісцем. Кветкі жоўтыя, у складаных парасоніках. Плод — сямянка. П. пасяўны здаўна вырошчваюць як прыпраўную, агароднінную і кармавую расліну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАМІ́ТКІ, тагетэс (Tagetes),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. астравых. Каля 35 відаў, пашыраных у субтропіках Амерыкі. На Беларусі інтрадукаваны аксаміткі прамастойныя (T. erectus), аксаміткі адхіленыя (T. patula) і аксаміткі танкалістыя, або пасечаныя (T. tenuifolia); выкарыстоўваюцца ў кветкаводстве.
Выш. да 1,5 м. Сцябло прамастойнае, галінастае. Лісце перыста-рассечанае. Кветкі жоўтыя, жоўта-аранжавыя або карычнева-чорныя, у кошыках, з моцным пахам. Плод — сямянка. Размнажаюцца насеннем. Святла- і цеплалюбныя. Дэкар. і лек. расліны (мачагонны, патагонны і проціглісны сродак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАНЕ́Ц (Leontodon),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмеранай зоне. На Беларусі 3 віды Л.: асенні, або млячай (L. autumnalis; нар. назва залатушная трава); шурпатаваласісты (L. hispidus); дунайскі (L. danubialis). Трапляецца на лугах, каля дарог і жылля.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, суцэльнае або перыстанадрэзанае. Кветкі жоўтыя ці аранжавыя, сабраныя ў кошыкі. Абгортка з апушаных ланцэтных лісцікаў. Плод — сямянка з чубком. Меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТУ́К, малакан (Lactuca),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы, нямногія — у Амерыцы. На Беларусі 3 віды Л.: дзікі, або компасны (L. serriola), татарскі (L. tatarica), Шэ (L. chaixii). Інтрадукаваны Л. пасяўны, ці салата (L. sativa), культывуецца як агароднінная расліна.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты. Невял. кветкавыя кошыкі сабраны ў агульнае суквецце, пераважна мяцёлчатае або галінаста-мяцёлчатае. Плод — сямянка з чубком. Харч., лек. расліны, некат. ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГАЛАВА́ТКА (Jurinea),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 300 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 2 віды Н.: васільковая (J. cyanoides) і павуціністая (J. arachnoidea). Трапляюцца ў хваёвых лясах, на пясчаных схілах.
Шматгадовыя травяністыя расліны ці паўкусты з падоўжаным або ўкарочаным сцяблом. Лісце ад цэласнага да перыстарассечанага. Кветкі часта з залозкамі, трубчастыя, ружовыя ці фіялетавыя ў кошыках. Лісцікі абгорткі шматлікія, чарапічна размешчаныя, голыя ці павуціністыя. Плод — сямянка з чубком.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́ТКІ (Antennaria),
род шматгадовых травяністых або паўкусцікавых раслін сям. складанакветных. Больш за 100 відаў, пашыраных па ўсім зямным шары, асабліва ў арктычных і высакагорных раёнах (акрамя Афрыкі). На Беларусі трапляюцца агаткі двухдомныя (агаткі dioica), нар. назвы: сухотнік палявы, кацалапкі, сухапут, аўдулькі, коткі, пух. Растуць у хваёвых лясах, на сухіх лугах і схілах.
Расліны выш. 5—30 см, двухдомныя, густа апушаныя. Кветкі белыя (двухполыя) або ружовыя (песцікавыя). Суквецце — кошык шыр. 5—6 мм. Плод — сямянка з чубком. Выкарыстоўваецца ў лек. і дэкар. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКАЯ А́СТРА (Callistephus chinensis),
кветкавая расліна сям. складанакветных. 1 від. Пашырана на Д. Усходзе, у Кітаі, Японіі. Родапачынальнік розных дэкар. сартоў, аб’яднаных больш як у 40 груп. На Беларусі вырошчваюць найб. вядомыя сарты з груп Страусава Пяро, Швонепадобныя, Ігольчастыя, Прынцэса, Унікум, Трыумф.
Аднагадовая травяністая расліна выш. 20—100 см. Сцябло прамастойнае, галінастае, апушанае. Лісце ад авальна-рамбічнай да лапатападоўжанай формы. Кветкавыя кошыкі рознакаляровыя, буйныя з псеўдаязычковых (па краі суквецця) і трубчастых (у цэнтры) кветак. Плод — апушаная сямянка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНІК (Knautia),
род кветкавых раслін сям. варсянкавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, асабліва ў Міжземнамор’і і Зах. Азіі. На Беларусі 1 від — П. палявы (K. arvensis). Трапляецца ў лясах, на лугах, палях, уздоўж дарог.
П. палявы — шматгадовая карэнішчавая расліна выш. да 1 м, густа ўкрытая шчаціністымі валаскамі. Сцёблы прамастойныя. Лісце лірападобнае або перыстараздзельнае, супраціўнае, прыкаранёвае і ніжняе сцябловае звужана ў доўгі чаранок, верхняе — сядзячае. Кветкі дробныя, ліловыя, блакітна-бэзавыя ў галоўчатых суквеццях. Плод — сямянка. Фарбавальная, меданосная расліна.