АГА́ТКІ
(Antennaria),
род шматгадовых травяністых або паўкусцікавых раслін сям. складанакветных. Больш за 100 відаў, пашыраных па ўсім зямным шары, асабліва ў арктычных і высакагорных раёнах (акрамя Афрыкі). На Беларусі трапляюцца агаткі двухдомныя (агаткі dioica), нар. назвы: сухотнік палявы, кацалапкі, сухапут, аўдулькі, коткі, пух. Растуць у хваёвых лясах, на сухіх лугах і схілах.
Расліны выш. 5—30 см, двухдомныя, густа апушаныя. Кветкі белыя (двухполыя) або ружовыя (песцікавыя). Суквецце — кошык шыр. 5—6 мм. Плод — сямянка з чубком. Выкарыстоўваецца ў лек. і дэкар. мэтах.
т. 1, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)