Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГА́Ч,
1) старадаўняе земляробчае свята беларусаў, што спраўлялася пасля заканчэння жніва. З пашырэннем хрысціянства багач быў прымеркаваны да свята нараджэння Божай Маці (8 верасня с. ст.), якая лічылася заступніцай ураджаю.
2) Сімвал свята багач — сявенька з жытам ці пшаніцай і васковай свечкай (збожжа вымалочвалі з 1-га зажыначнага снапа і зносілі па жменьцы з кожнага двара). З багачом абходзілі ўсе двары ў вёсцы, а потым ставілі ў хаце пэўнага гаспадара і пакідалі да наступнага жніва. Паводле нар. павер’яў, багач забяспечваў дому багацце і шчасце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́БКА,
1) у беларусаў традыц. прылада для зімовай лоўлі рыбы. Пасудзіна з конусападобна ўвагнутым дном з адтулінай (горлам) пасярэдзіне. Выраблялі з драніцы, лубу, выпляталі з дубцоў; часта выкарыстоўвалі старыя рашоты, дно якіх замянялі мешкавінай, горла падтрымлівалася вяровачкамі, прымацаванымі да верхняга краю рашот. Устанаўлівалі ў палонках, якія разам з К. закрывалі галінкамі, каб вада не замярзала. Рыба, якая імкнулася да свежай вады, заплывала ў К. Пашырана на Палессі.
2) Ёмістасць для ручной сяўбы; тое, што сявенька.
3) Ёмістасць для захоўвання і пераноскі зерня, круп і інш. сыпучых рэчываў.