КАРАВЕ́ЛАЎ (Любен) (каля 1834, г. Капрыўшціца, Балгарыя — 2.2.1879),

балгарскі пісьменнік і грамадскі дзеяч, адзін з пачынальнікаў рэаліст. кірунку ў балг. л-ры. Вучыўся ў Плоўдзіўскай грэч. гімназіі (1850—53). У 1857—66 вольны слухач Маскоўскага ун-та. Зазнаў уплыў рус. рэвалюцыянераў-дэмакратаў. З 1867 у Бялградзе, з 1869 у Бухарэсце. Зблізіўся з В.Леўскім і Х.Боцевым. Займаўся рэв.-прапагандысцкай і асв. дзейнасцю. Друкаваўся з 1860. Выдаў «Помнікі народнага побыту балгар» (т. 1, 1861), зб. апавяд. і аповесцей «Старонкі з кнігі пакут балгарскага племя» (1868). Аўтар аповесцей «Ваявода» (1860), «Донча» (1864), «Балгары старых часоў» (1867), «Горкі лёс» (1869), «Пакутнік» (1870), «Мамчын сынок» (1875), вершаў, фельетонаў, памфлетаў, дарожных нататак, якія вызначаюцца рэв. накіраванасцю, эмацыянальнасцю, каларытнасцю мовы. Перакладаў з рус. і ўкр. моў. Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі Н.​Гілевіч, А.​Разанаў.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Хай зорыць дзень. Мн., 1973;

Рус. пер. — Болгары старого времени. София, 1981;

Маменькин сынок. София, 1984.

Літ.:

Воробьев Л.В. Любен Каравелов. М., 1980.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 8, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДО́РЫН (Андрэй Германавіч) (н. 22.8.1960, в. Бярозаўка Пермскай вобл., Расія),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1984). Творчасці ўласцівы індывідуальнасць бачання свету, псіхал. выразнасць кампазіцый, тонкі каларыт. Сярод работ: «Вяртанне. 1953 год» (1987), «Курапаты», «Калядныя яблыкі», «Сынок, тут быў сад», «Партрэт мастацтвазнаўцы», «Галлё для вогнішча» (усе 1988), «Зімовы сад» (1989) і інш.

М.​М.​Паграноўскі.

А.Задорын. Калядныя яблыкі. 1988.

т. 6, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНА́ЕЎ (Іван Іванавіч) (27.3.1812, С.-Пецярбург — 2.3.1862),

рускі пісьменнік, журналіст. Муж А.Я.Панаевай. Скончыў Шляхетны пансіён пры Пецярбургскім ун-це (1830). З 1847 разам з М.​Някрасавым выдаваў час. «Современник». Друкаваўся з 1834. Першыя празаічныя творы («Яна будзе шчаслівая. Эпізод з успамінаў пра пецярбургскае жыццё», 1836; «Сёння і заўтра», 1837, і інш.) у традыцыях свецкай аповесці. У 1839—46 выступаў у «Отечественных записках» як белетрыст натуральнай школы: аповесці «Анагр» (1841), «Актэон» (1842), сац.-псіхал. раман «Мамчын сынок» (1845), апавяданні, нарысы, фельетоны. Адным з першых у рус. л-ры стварыў вобраз «лішняга чалавека» з новага сац. асяроддзя — інтэлігенцыі (аповесць «Родзічы», 1847). У 1851—61 друкаваў у «Современнике» штомесячныя агляды журналістыкі і пецярбургскага жыцця пад псеўданімам «Новы паэт». Аўтар раманаў «Ільвы ў правінцыі» (1852), «Унук рускага мільянера» (1858), цыкла нарысаў «Вопыт пра хлышчоў» (1854—57), «Літаратурных успамінаў» (1861), літ. пародый (некаторыя разам з Някрасавым) і інш.

Тв.:

Соч. Л., 1987;

Избр. проза. М., 1988;

Литературные воспоминания. М., 1988.

т. 12, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВУ́К (Слаук) Валерый Пятровіч

(н. 7.4.1947, г.п. Коханава Талачынскага р-на Віцебскай вобл),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). З 1997 выкладае ў Бел. АМ. Працуе ў станковай і кніжнай графіцы. Творчай манеры ўласцівы контурнасць выявы, мадэліроўка аб’ёмаў філіграннымі дробнымі штрыхамі, часта гратэскавасць і іранічнае шаржыраванне персанажаў. Для станковых твораў характэрны адыход ад канкрэтыкі сюжэтнага дзеяння, абагульненне вобразнай шматграннасці зместу, падрабязнае адлюстраванне прадметаў побыту і навакольнага асяроддзя: «Белы кот» (1995), «Начны візіт», «Дарога» (абодва 1996), «Аднарог», «Прыцемкі» (абодва 1997), «Запаволены рух», «Эдэм», «Ператварэнне» (усе 1998) і інш. Кніжная графіка вызначаецца абвостраным успрыманнем літ. зместу, эмацыянальным і глыбокім выяўленнем характараў герояў, своеасаблівасцей сюжэтаў: нар. казкі «Удовін сын» (1977—80), «Піліпка-сынок», «Курачка Раба» (абедзве 1983), «Людзей слухай, а свой розум май» (1988), «Алёнка» (1989), «Залаты птах» (1993), казку «Лятучы цмок» У.​Ягоўдзіка (1995), кнігі «Касмалёт» М.​Ганчарова (1979), «Ад рэчыва да сутнасці» К.​Шарыкава (1982), «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Я.​Баршчэўскага (1990), «Вясна ўвосень» У.​Караткевіча (2000) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 2001.

Літ.:

Баразна М.Р. Беларуская кніжная графіка 1960—1990-х гг. Мн., 2001.

М.​Р.​Баразна.

В.Славук. Іл. да казкі «Лятучы цмок» У.​Ягоўдзіка. 1995.

т. 14, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСЛО́ЎЕ,

агульная назва для розных відаў трапных выказванняў, якія маюць лагічна закончаную думку-суджэнне. Перадаюць яе лаканічна, яскрава і ўваходзяць у ідыяматыку мовы побач з лексікай і фразеалогіяй. Уключаюць афарызмы («Не шукай ты шчасця, долі На чужым далёкім полі». Я.​Купала), выказванні павучальна-маральнага характару — сентэнцыі («Ты са старымі размовы ахвотна вядзі і старанна. Хто разумнейшы за іх? Мудрасць іх словы нясуць». Я.​Л.​Намыслоўскі, зб. «Павучанні для ўсеагульнага карыстання ў жыцці», 1589), максімы, якія перадаюць лагічныя або этычныя прынцыпы, пэўныя нормы паводзін чалавека («Дарма пра песню пытацца ў глухога. Дарма пра сонца пытацца ў сляпога». М.​Танк), апафегмы — маральныя парады ў форме звароту да субяседніка («Гуслям, княжа, не пішуць законаў». Я.​Купала), прыказкі («Не чапай ліха, пакуль спіць ціха»), крылатыя словы, выражаныя сказам («Хто ж дужэй ад грамады?» Я.​Колас; «Усё мінае — Гонар не мінае, Бо народжаны адным сумленнем». У.​Караткевіч). Фалькларыст М.​Я.​Грынблат уключае ў паняцце «выслоўя» розныя кароткія жанры нар. вусна-паэт. творчасці: скорагаворкі («Цецеручыха цецеруковым цецеручанятам цеста месіць»), прыгаворкі і жарты ў час застолля («Госць, не дзьміся, еш што ў місе»), віншаванні, пажаданні ў тостах на вяселлях, радзінах («Каб у вас было ўвесь час на стале, у місцы і ў калысцы! Дай, Божа, разам двое: шчасця і здароўя! Каб ваш ложак добра скрыпаў і да года сынок выпаў!»), вітанні («Дзень добры ў хату!»), развітанні («Заставайцеся здаровенькія!»), нар. параўнанні («Зазвінела бы ў новым цэбры»); нават праклёны, зламоўныя пажаданні і пагрозы («Дай, Божа, каб твае дзеці тваімі рэбрамі яблыкі абівалі») і інш. Выслоўі шырока выкарыстоўваюцца ў маст. л-ры (творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Ядвігіна Ш., А.​Паўловіча, К.​Крапівы, М.​Танка, У.​Караткевіча, Б.​Сачанкі, Я.​Брыля, В.​Адамчыка, Я.​Сіпакова і інш).

Літ.:

Выслоўі. Мн., 1979;

Янкоўскі Ф.М. Крылатыя словы і афарызмы. Мн, 1960;

Яго ж. Беларуская фразеалогія. Мн., 1968;

Яго ж. Беларускія народныя параўнанні: Кароткі слоўнік. Мн., 1973;

Яго ж. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы. 3 выд. Мн., 1992;

Прыказкі і прымаўкі. Кн. 1—2. Мн., 1976;

Лепешаў І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. Ч. 1—2. Мн., 1981—93;

Яго ж. З народнай фразеалогіі: Дыферэнц. слоўнік. Мн., 1991;

Яго ж. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1993;

Шкраба І., Шкраба Р. Крынічнае слова: Бел. прыказкі і прымаўкі. Мн., 1987;

Лепешаў І.Я., Якаялцэвіч М.А. Слоўнік беларускіх прыказак. Мн., 1996.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)