ПАНА́ЕЎ (Іван Іванавіч) (27.3.1812, С.-Пецярбург — 2.3.1862),
рускі пісьменнік, журналіст. Муж А.Я.Панаевай. Скончыў Шляхетны пансіён пры Пецярбургскім ун-це (1830). З 1847 разам з М.Някрасавым выдаваў час. «Современник». Друкаваўся з 1834. Першыя празаічныя творы («Яна будзе шчаслівая. Эпізод з успамінаў пра пецярбургскае жыццё», 1836; «Сёння і заўтра», 1837, і інш.) у традыцыях свецкай аповесці. У 1839—46 выступаў у «Отечественных записках» як белетрыст натуральнай школы: аповесці «Анагр» (1841), «Актэон» (1842), сац.-псіхал. раман «Мамчын сынок» (1845), апавяданні, нарысы, фельетоны. Адным з першых у рус. л-ры стварыў вобраз «лішняга чалавека» з новага сац. асяроддзя — інтэлігенцыі (аповесць «Родзічы», 1847). У 1851—61 друкаваў у «Современнике» штомесячныя агляды журналістыкі і пецярбургскага жыцця пад псеўданімам «Новы паэт». Аўтар раманаў «Ільвы ў правінцыі» (1852), «Унук рускага мільянера» (1858), цыкла нарысаў «Вопыт пра хлышчоў» (1854—57), «Літаратурных успамінаў» (1861), літ. пародый (некаторыя разам з Някрасавым) і інш.
Тв.:
Соч. Л., 1987;
Избр. проза. М., 1988;
Литературные воспоминания. М., 1988.
т. 12, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)