марская ігуана (Amblyrhynchus cristatus), паўзун сям. ігуанавых. Эндэмік а-воў Галапагас. Жыве на скалістых берагах паблізу ад лініі прыбою.
Даўж. самцоў да 1,4 м, самкі значна драбнейшыя. Афарбоўка зверху цёмна-бурая, шэрая, знізу жаўтавата-бурая; самкі святлейшыя. Галава акругленая, тулава масіўнае, хвост веслападобна сціснуты з бакоў. Уздоўж спіны і хваста грэбень з падоўжаных лускавін. Пальцы злучаны кароткай плавальнай перапонкай Добра плавае і нырае. Корміцца водарасцямі. Палігамы. Адкладваюць у норах 1—3 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗЛІ́ФТ (ад газ + англ. lift падымаць),
прыстасаванне для падымання кропельнай вадкасці сціснутым газам, што змешваецца з ёй. Сціснуты кампрэсарам газ змешваецца з вадкасцю з утварэннем газавадкаснай сумесі, якая пасля пад’ёму раздзяляецца ў сепаратары. Прадукцыйнасць да 500 м³/гадз; ккдз да 36%. Выкарыстоўваецца для пад’ёму вады (на выш. да 1000 м) і нафты (да 2000 м) з буравых свідравін з дапамогай спадарожнага газу з нафтаносных пластоў (газліфт, дзе выкарыстоўваецца атм. паветра, наз. эрліфтам), а таксама розных раствораў і вадкасцей у хім. вытв-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ПСАВАЯ ПАВЯ́ЗКА.
Выкарыстоўваецца пры лячэнні пашкоджанняў і хвароб апорна-рухальнага апарату. Для накладвання гіпсавай павязкі выкарыстоўваюць гіпсавыя бінты (марлевыя бінты з насыпаным гіпсавым парашком), якія апускаюць у ваду, адціскаюць і накладваюць непасрэдна на цела хворага (беспадкладачная) ці на падкладку з марлі і ваты (падкладачная). Накладваюць раўнамерна 6—12 слаёў, у месцах пералому — таўсцей. Віды гіпсавай павязкі: цыркулярная, мостападобная, аконная, этапная, шынная, лангетная, камбінаваная (з закруткай, шарнірная), карсеты, у выглядзе ложачка і інш. Пры парушэннях кровазвароту на канечнасцях (занадта сціснуты крывяносныя сасуды) гіпсавую павязку разразаюць ці выразаюць на іх адтуліну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫТНЯ́К (Agropyron),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўн. Афрыцы, Азіі, Аўстраліі, Новай Зеландыі. На Беларусі як занесены і натуралізаваны трапляецца Ж. грэбенепадобны (A. pectinatum). Расце каля дарог, на пустках, газонах і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным звычайна слабашурпатым сцяблом і моцнай валасніковістай каранёвай сістэмай. Лісце вузкае, лінейнае, іншы раз уздоўж згорнутае, часта з тонкімі шыпікамі. Агульнае суквецце — яйцападобны, падоўжаны ці лінейны сціснуты двухрадны колас. Каласкі адзіночныя, сядзячыя, з 3—10 кветкамі. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны, замацоўваюць рухомыя пяскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЗМЕ́І (Hydrophiidae),
сямейства ядавітых змей. 16 родаў, больш за 50 відаў (паводле інш. звестак каля 100). Пашыраны ў трапічных водах Індыйскага і Ціхага акіянаў.
Даўж. да 2,75 м. Задняя частка тулава і кароткі хвост веслападобна сціснуты з бакоў. Галава маленькая, укрыта буйнымі шчыткамі. Могуць доўга знаходзіцца пад вадой, засвойваюць раствораны ў вадзе кісларод праз слізістую абалонку ротавай поласці. Парныя ядавітыя зубы знаходзяцца на верхняй сківіцы. Яд больш таксічны, чым у наземных змей, асабліва для халаднакроўных (рыбы і інш.). Кормяцца пераважна рыбай. Большасць відаў яйцажывародныя; нараджаюць 1—2 дзіцяняці ў вадзе, некат. — на сушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙМІ́НА (Cardamine),
род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 160 відаў. Пашыраны ва ўмераных і цёплых абласцях зямнога шара. На Беларусі на сырых і балоцістых мясцінах трапляюцца 7 дзікарослых відаў, з якіх 3 звычайныя — буйміна лугавая (C. pratensis), горкая (C. amara) і зубчастая (C. dentata) і 4 рэдкія або вельмі рэдкія — буйміна недатыка (C. impatiens), шурпатая (C. hirsuta), звілістая (C. flexuosa) і драбнакветкавая (C. parviflora).
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным або звілістым галінастым сцяблом. Лісце чаргаванае, перыстае або суцэльнае, прыкаранёвае часта ў разетцы. Кветкі белыя, ружова-белыя або ружовыя ці бледна-фіялетавыя, у верхавінкавых гронках. Плод — моцна сціснуты стручок. Лек., дэкар., харч. і меданосныя расліны; некат. віды ядавітыя для жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКУ́Н,
буркун (Melilotus), род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы; інтрадукаваны ў Паўн. Амерыку, Аўстралію. На Беларусі 3 дзікарослыя віды — баркун белы (Melilotus albus), жоўты, або лекавы (Melilotus officinalis), і волжскі (Melilotus wolgicus) — рэдкая занесеная расліна. Растуць на парушаных месцах уздоўж дарог, каля жылля, на сметніках, па далінах рэк.
Двух-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1,5—2 м. Лісце трайчастае, з дробных пілаватазубчастых лісточкаў. Кветкі дробныя, паніклыя, розных колераў (часцей белыя, бэзавыя, жоўтыя), у пазушных гронках. Плод — невялікі яйцападобны сціснуты струк. Кармавыя, лек., меданосныя, сідэратныя і араматычныя (маюць духмянае рэчыва кумарын) расліны. Выкарыстоўваюцца ў лікёра-гарэлачнай і харч. прам-сці, у медыцыне і сельскай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЦІК (Lolium),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўн. Афрыцы і Азіі. На Беларусі як занесеныя, натуралізаваныя і пустазелле трапляюцца Ж. п’янючы (L. temulentum), расстаўлены, або льняны (L. remotum), жорсткі (L. rigidum), шматкветкавы (L. multiflorum) і шматгадовы (L. perenne). Ж. шматкветкавы і шматгадовы пад назвай райграс уведзены ў культуру як кармавыя і газонныя расліны. Некат. віды — пустазелле; ёсць ядавітыя. Растуць каля дарог, на пустках, газонах і інш.
Шмат-, двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойнымі ці ўзыходнымі сцёбламі выш. да 1 м і моцнай валасніковістай каранёвай сістэмай. Лісце вузкалінейнае. Агульнае суквецце — рэдкі лінейны двухрадны колас. Каласкі адзіночныя, сядзячыя, сціснуты з бакоў, з 3—15 кветкамі. Плод — зярняўка.
род брыевых імхоў сям. палітрыхавых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў халодных і ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў З.л.: звычайны (P. commune), ядлоўцавы (P. juniperinum), валасканосны (P. piliferum), прыальпійскі, або сціснуты (P. alpestre), прыгожы (P. formosum), зграбны (P. gracile). Расце ў лясах, на балотах, сырых лугах і інш. Торфаўтваральнік.
Двухдомныя, радзей аднадомныя, шматгадовыя часцей буйныя і цвёрдыя лістасцябловыя расліны, утвараюць рыхлыя дзярнінкі зялёнага, цёмна-, шыза-, жоўта-зялёнага, бураватага колеру. Сцябло выш. да 50 см, прамастойнае. Лісце цвёрдае, з доўгай плеўкавай похвай, ланцэтнае або лінейна-ланцэтнае, з суцэльным ці зубчастым краем, з завостранай верхавінкай. Каробачка са спорамі прызматычная да кубічнай на ножцы. Вечка з дзюбкай. Каўпачок з густымі і тонкімі валаскамі, якія нагадваюць ільняную пражу (адсюль назва), лёгка ападае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГЕРКВІСТ ((Lagerkvist) Пер Фабіян) (23.5.1891, г. Векшэ. Швецыя — 11.7.1974),
шведскі пісьменнік. Чл. Шведскай акадэміі (з 1940). Скончыў Упсальскі ун-т (1912), вывучаў гісторыю мастацтваў у Парыжы (1913). Дэбютаваў у 1912. У цэнтры творчасці Л. — пошук сэнсу жыцця чалавека ў неўладкаваным свеце. У ранняй паэзіі (зб. «Страх», 1916), навелах (зб. «Жалеза і людзі», 1915), п’есах («Апошні чалавек», 1917, і інш.) уплыў экспрэсіянізму і сімвалізму, імкненне надаць творам нац. афарбоўку. Раманы і аповесці «Госць рэчаіснасці» (1925), «Кат» (1933), «Карлік» (1944), «Варава» (1950), «Сібіла» (1956), «Смерць Агасфера» (1960), «Марыямна» (1967), зб-кі паэзіі «Песні сэрца» (1926), «Паэзія і змаганне» (1940), зб. навел «Злыя сагі» (1924), драмы «Кароль» (1932), «Камень мудрасці» (1947) вылучаюцца гуманіст. пафасам, непрыманнем фашызму і інш. форм таталітарызму, эвалюцыяніруюць да «сімвалічнага рэалізму». Аўтар кніг эсэ «Сціснуты кулак» (1934), «Вызвалены чалавек» (1939). На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Г.Шупенька, М.Гіль. Нобелеўская прэмія 1951.
Тв.:
Бел.пер. — Кат. Карлік. Мн., 1986;
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. Харьков, 1997.
Літ.:
Неустроев В.П. Литературные очерки и портреты. М., 1983.