Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Свабодная народная сцэна» (Берлін) 3/444
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР «ДЗЕ́-Я?».
Засн. ў 1987 у Мінску як тэатр-студыя пад кіраўніцтвам М.Трухана і В.Баркоўскага. З 1992 сучасная назва. Маст. кіраўнік Трухан (да 1999). У рэпертуары т-ра студыйнага перыяду драма «Шрамы» Я.Шабана, казка «Кот у ботах» паводле Ш.Перо, камедыі «Андантэ» і «Кватэра Каламбіны» Л.Петрушэўскай, драм. трылогія «Эцюды памяці зямлі Беларускай» («Роспач») паводле твораў У.Караткевіча, «Імжа» паводле п’есы І.Кофты «Халопская вайна», «Рагнеда» Н.Рапы — своеасаблівы творчы маніфест калектыву, які абвясціў яго маст. і грамадз. заклапочанасць вывучэннем і творчым адлюстраваннем менталітэту бел. народа. Значнай маст. з’явай жыцця т-ра 1990-х г. сталі пастаноўкі твораў Ф.Аляхновіча: «Здань» — псіхал. кантамінацыя сімволіка-містычных драм «Страхі жыцця» і «Цені», фальк. камедыя «Чорт і баба», спектакль «Круці...» паводле сцэн. гратэску «Круці не круці — трэба памярці» і кн. «У капцюрох ГПУ». З інш. пастановак найб. значныя: філас. драма-малітва «Распад» паводле п’ес У.Шэкспіра, камедыя «Жаніцьба» М.Гогаля і сцэн. паэма «Мёртвыя душы» паводле яго аднайм. рамана, камедыя «Каханне — кніга залатая» А.Талстога, біблейскі фарс «Дзевяты прапаведнік» Е.Юрандота, казкі-прыпавесці «Барановы кароль» Трухана, «Дзіва-казка» В.Острава і інш. Сярод акцёраў т-ра: Л.Баталава, Г.Гатоўчыц, Т.Міронава, І.Падлівальчаў, Т.Папова, А.Сушко, Г.Чарнабаева і інш. Спектаклі ставілі Трухан, Баркоўскі, М.Дзінаў, І.Мацкевіч і інш.
Л.А.Лявонава.
Мінскі Драматычны тэатр «Дзе-Я?»Сцэна са спектакля «Чорт і баба» Ф.АляхновічаСцэна са спектакля «Жаніцьба» М.Гогаля.Мінскі Драматычны тэатр «Дзе-Я?»Сцэна са спектакля «Жаніцьба» М.ГогаляСцэна са спектакля «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНСЦЭ́НА (ад аван... + сцэна),
пярэдняя частка сцэны (паміж заслонай і рампай). Як ігравая пляцоўка выкарыстоўваецца ў оперных і балетных спектаклях, у драматычных — як месца дзеяння перад закрытай заслонай для невял. сцэн, якія звязваюць асн. карціны спектакля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГЛО́БУС»
(Globe),
тэатр, які існаваў у Лондане ў 1599—1644. Будынак уяўляў сабой авальную пляцоўку, абнесеную высокай сцяной, па ўнутраным баку якой знаходзіліся ложы для арыстакратыі, над імі — галерэя для заможных гараджан. Астатнія гледачы стаялі з трох бакоў сцэны. Спектаклі ішлі пры дзённым святле, без антрактаў і амаль без дэкарацый. Сцэна не мела заслоны. Прасцэніум моцна выступаў наперад, у глыбіні быў балкон (т.зв. верхняя сцэна), дзе таксама разыгрывалася дзеянне. Да 1642 у будынку тэатра іграла трупа «Слугі лорда-камергера», якую ўзначальваў акцёр гэтага тэатра Р.Бёрбедж. У «Глобусе» былі пастаўлены ўсе п’есы У.Шэкспіра, напісаныя пасля 1594, а таксама інш. драматургаў эпохі англ. Адраджэння. Тэатр быў адным з найб. важных цэнтраў культ. жыцця краіны. У 1644 будынак разабраны. У 1996 тэатр пад назвай «Глобус» адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАФЕО́З (ад грэч. apotheōsis абагаўленне),
1) услаўленне, узвелічэнне падзеі, з’явы, асобы; урачыстае завяршэнне падзеі. У стараж. егіпцян, потым у грэкаў і рымлян — абагаўленне правіцеляў за іх асаблівыя заслугі. Апафеоз, які з цягам часу трансфармаваўся ў культ правіцеляў, браў пачатак у стараж. блізкаўсх. традыцыі прылічэння цароў да багоў або сыноў божых. Матывамі ўслаўлення духоўнай велічы народа, чалавека, выдатных гіст. ці грамадскіх падзей прасякнуты многія творы сусветнай л-ры і мастацтва, у т. л.бел. пісьменнікаў, паэтаў і дзеячаў культуры.
2) Заключная ўрачыстая масавая сцэна святочнай канцэртнай праграмы, спектакля, поўная асаблівага ўздыму, велічы. Напр., усхвалявана, урачыста гучыць заключная сцэна драмы Я.Купалы «Раскіданае гняздо», калі героі, ахопленыя духоўным парывам і высакароднай мэтай, ідуць на Вялікі сход, па Бацькаўшчыну. Апафеоз можа быць таксама самаст. часткай паказу свята, шэсця (звычайна без тэксту) з выкарыстаннем выразных вобразаў, сюжэтаў, дэкарацыйнага афармлення, касцюмаў, бутафорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСЦЭНІРО́ЎКА (ад лац. in у, на + сцэна),
1) перапрацоўка апавядальнага (празаічнага ці паэтычнага) твора для сцэны, радыё, тэлебачання. Мае форму п’есы з лагічна пабудаваным дзеяннем. Можа мець самаст.маст. значэнне (напр., «Апантаныя» А.Камю паводле Ф.Дастаеўскага «Д’яблы»).
2) Масавае відовішча, якое ўзнаўляе эпізоды гіст. падзей (гл.Масавае дзейства).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКІ ТЭА́ТР БЕЛАРУ́СКАЙ ДРАМАТУРГІ́І Створаны ў снеж. 1990 у Мінску як падраздзяленне Бел.т-ра імя Я.Купалы па рабоце з.драматургамі. З 1993 атрымаў статус рэсп.т-ра і сучасную назву. Заснавальнік і першы маст. кіраўнік т-ра В.Мазынскі. З вер. 2000 т-р узначальвае В.Анісенка.
Гал. мастак В.Цімафееў (да 2000). З вер. 1994 працуе з пастаяннай трупай, сфарміраванай з выпускнікоў акцёрскага аддзялення Бел.АМ (маст. кіраўнік Мазынскі). Спектаклі ідуць на бел. мове. Першы спектакль — «Ку-ку» М.Арахоўскага. Т-р аддае перавагу творам пачынаючых драматургаў, у рабоце з якімі выкарыстоўваюцца індывідуальныя формы, праводзяцца семінары, сцэн. чытанні п’ес па ролях і інш.Найб. ўвагу надае фарміраванню бел. рэпертуару: «Барбара Радзівіл» Р.Баравіковай, «Галава» І.Сідарука, «Нагавіцы святога Георгія» і «Чорны квадрат» М.Клімковіча і М.Адамчыка, «Паваліўся нехта» У.Галубка і Л.Родзевіча, «Містэр Розыгрыш» С.Кандрашова, «Пеўчыя» Г.Марчука, «Заложніца кахання» і «Стомлены д’ябал» С.Кавалёва, «Дзіця з Віфлеема» М.Пінігіна, «Апошняя пастараль» А.Адамовіча, «Развітанне з Радзімай» А.Паповай і інш. Сярод твораў рус. і замежнай класікі: «Рычард III» і «Макбет» У.Шэкспіра, «Лекар паняволі» Мальера, «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць...» Б.Брэхта, «Шампань-скага!» паводле А.Чэхава («Прапанова», «Юбілей») і інш. Рэпертуар вызначаецца жанравай разнастайнасцю: фарс-абсурд, камедыя жахаў, паэт. драма, прытча, сцэны з рыцарскіх часоў, фарс-рэпетыцыя; асветніцкі спектакль для старэйшых школьнікаў («Бог Дыяніс — тэатра Бог» — І.Чаркаса). Спектаклі ставілі і ставяць рэжысёры А.Гарцуеў, А.Гузій, М.Дзінаў (Гавядзінаў), У.Осіпаў, Пінігін, В.Растрыжэнкаў, Т.Сулімава, Р.Таліпаў. Значны ўклад у дзейнасць т-ра Т.Мархель.
І.І.Чаркас.
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Апошняя пастараль» А.Адамовіча.Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Галава» І.Сідарука.Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Стомлены д’ябал» С.Кавалёва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК БЕЛАРУ́СІ.
Створаны ў 1938 у Гомелі. Адкрыўся 15.7.1938 спектаклем «Па шчупаковай волі» Л.Тарахоўскай, які шмат у чым паўтараў пастаноўку С.Абразцова, на рэпертуар і пастановачныя прынцыпы якога т-р пераважна арыентаваўся на першым часе. З 1940 маст. кіраўнік М.Бабушкін, гал. мастак Б.Звінагродскі. Ставіліся пераважна казкі: «Чароўныя падарункі» («Дзед і Жораў») В.Вольскага, «Кот у ботах» Г.Уладычынай, «Вялікі Іван» Абразцова і С.Праабражэнскага, «Падарожжа ў дзіўныя краіны» У.Палякова і інш. У Айч. вайну асн. трупа т-ра знаходзілася ў Душанбе. Дзейнічала таксама агітбрыгада на чале са Звінагродскім, у праграме — сатыр. сцэнкі і інтэрмедыі. 1.5.1944 т-р аднавіў сваю дзейнасць у Гомелі спектаклем «Вялікі Іван». У першыя пасляваен. гады пераважна аднаўляўся ранейшы рэпертуар. З лепшых новых пастановак: «Канёк-Гарбунок» паводле П.Яршова, «Хрустальны чаравічак» Т.Габэ, «Дзед Мароз» А.Шурынавай і «Чароўны галёш» Г.Мацвеева. У 1949 дзейнасць т-ра была спынена. У 1950 т-р створаны нанава і працуе ў Мінску. Некат. спектаклі 1950-х г. характарызаваліся празмерна дэталізаваным вырашэннем лялькі, імітацыяй ёй чалавека. Пошукі новых выяўл. сродкаў, станаўленне прафес. сцэнаграфічнай культуры т-ра звязаны з дзейнасцю рэж. Анатоля Ляляўскага і мастака Л.Быкава. Пераканаўчае рэжысёрскае прачытанне, цікавае сцэнаграфічнае вырашэнне атрымалі творы бел. драматургіі: «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Граф Глінскі-Папялінскі» А.Вольскага, «Каваль Вярнідуб» паводле А.Якімовіча, «Марынка-крапіўніца» А.Вольскага і П.Макаля, «Сярэбраная табакерка» паводле З.Бядулі, «Лілавічкі» паводле У.Галубка, «Дзякуй, вялікі дзякуй» і «Скажы сваё імя, салдат» А.Вярцінскага, «Балада пра белую вішню» С.Клімковіч, «Янка-цымбаліст і алавянае царства» Э.Брука і Б.Дуцэнкі. У канцы 1960—1-й пал. 1970-х г. адраджаецца традыцыя пастановак для дарослых, распачатая ў 1950-я г. спектаклямі «Краса ненаглядная» Я.Спяранскага і «Кароль-Алень» паводле К.Гоцы Сярод іх: «Чортаў млын» і «Боская камедыя» І.Штока, «Цудоўная Галатэя» С.Дарваша і Б.Гадар, «Клоп» У.Маякоўскага, «Да трэціх пеўняў» В.Шукшына, «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.Гашака. Творчасць т-ра 2-й пал. 1970—80-х г. адметная зваротам да новых выяўл. сродкаў, у спектаклях разам з лялькамі выступаюць акцёры ў жывым плане. Імкненне да сінтэзу разнастайных сцэн. сродкаў выявілася ў спектаклях «Крэсіва» Спяранскага, «Сланяня» Уладычынай, «Арэшак» Р.Аляксандравай, «Зорны хлопчык» паводле О.Уайльда, «Ляўша» паводле М.Ляскова, «Салавей» паводле Х.К.Андэрсена і інш. Творчае аблічча т-ра 1990-х г. вызначаюць спектаклі, пастаўленыя рэж. Аляксеем Ляляўскім: «Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава, «Бура» У.Шэкспіра, «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа, «Папялушка, ці Перамога Дабрачыннасці» Ж.Маснэ, «Цар Ірад» у апрацоўцы Г.Барышава і інш.
У складзе трупы (1997): засл. арт. Беларусі У.Уласаў, У.Грамовіч, А.Казакоў, мастак па ляльках засл. работнік культ. А.Нікалайчык. У 1976—96 гал. мастак А.Фаміна.
М.А.Каладзінскі.
Да арт.Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.Гашака.Да арт.Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Дзед і Жораў» В.Вольскага.Да арт.Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Званы твайго лёсу» А.Вольскага і П.Макаля.Да арт.Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа.Да арт.Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Балада пра белую вішню» С.Клімковіч.