БЛА́НКІ, бланкаванне,

1) абарончая сценка баявой галерэі з байніцамі для стральбы.

2) Зубчатае завяршэнне мураванай вежы або сцяны.

Бланкі вежы на Вавелі ў Кракаве.

т. 3, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯПЛО́ДНІК,

перыкарпій, сценка плода раслін, якая ахоўвае насенне. Утвараецца са сценак завязі. Складаецца з трох (часам з двух) слаёў. Вонкавы (экзакарпій) бывае тонкі скурысты (касцянка, ягада, яблык), тоўсты скурысты (памяранец), цвёрды (гарбуз). Сярэдні (мезакарпій) мясісты, сакавіты, часта афарбаваны (касцянка, ягада). Унутр. бывае сакавіты (ягада), хрусткаваты (яблык), камяніста-цвёрды (касцянка). Будова К. — адзнака, якая ўлічваецца ў сістэматыцы раслін.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДНЯБЕ́ННЕ,

верхняя сценка ротавай поласці ў пазваночных жывёл і чалавека. У чалавека П. — шчыльная пласцінка, якая раздзяляе ротавую і насавую поласці. Складаецца з касцявога (цвёрдага) і мяккага П. (працяг цвёрдага — з слізістай абалонкі з падслізістай і мышачнага слоя з тлушчавай клятчаткай), якія разам утвараюць верхнюю сценку поласці рота. Пры парушэнні фарміравання зародка могуць узнікаць заганы развіцця П., напр., воўчая зяпа.

т. 11, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОРТ (ням. Bord),

1) сукупнасць элементаў набору (бэлек, ліставых канструкцый і інш.) і абшыўкі судна, якія складаюць бакавыя сценкі корпуса.

2) У пераносным значэнні — сценка кузава грузавога аўтамабіля, адкрытага таварнага вагона і інш.; часам назва «борт» ужываецца ў дачыненні да асобнага марскога ці паветр. судна ў цэлым («узяць на борт»).

3) Левы або правы край адзення (паліто, пінжака і інш.) з петлямі або гузікамі для зашпільвання.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́ЎРА (ад грэч. pleura рабро, бок, сценка),

серозная абалонка, што пакрывае лёгкія і сценкі грудной поласці наземных пазваночных і чалавека. Адрозніваюць унутраны, ці вісцэральны лісток П., які зрастаецца з тканкай лёгкага, і прысценны, або парыетальны, які высцілае знутры сценкі грудной поласці. У млекакормячых плеўральная (грудная) поласць поўнасцю адмежавана ад брушной дыяфрагмай і запоўнена серознай вадкасцю, якая памяншае трэнне лёгкіх пры дыханні. Запаленне П. выклікае плеўрыт.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАПЕ́Т (франц. parapet ад італьян. parapetto ад parare абараняць + petto грудзі),

невысокая суцэльная сценка, якая агароджвае пакрыццё будынка, тэрасу, балкон, набярэжную, мост і інш. Часта бывае пастаментам для дэкар. ваз і статуй. Вядомы са старажытнасці ў архітэктуры Грэцыі і Рыма. Найб. шырока выкарыстоўваўся ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока і класіцызму. У выглядзе П. робяць парадныя агароджы ўчасткаў сквераў і паркаў (П. вакол Цэнтральнага сквера ў Мінску, 1999).

Парапеты вакол Цэнтральнага сквера ў Мінску. 1999.

т. 12, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТЫК (ад грэч. attikos атычны),

сценка над карнізам, якая завяршае будынак і мае дэкар. значэнне. Часам адпавядае невысокаму паверху (т.зв. атыкавы паверх). Узнік у архітэктуры Стараж. Грэцыі, пашыраны ў Стараж. Рыме ў выглядзе высокай сценкі, якая завяршала трыумфальную арку і афармлялася рэльефамі або надпісамі. Выкарыстоўваўся ў архітэктуры готыкі, найб. шырока — у архітэктуры Адраджэння, барока, класіцызму. Асн. разнавіднасці атыка: суцэльны, балюстрадны і аркадны, грабеньчаты, шчытавы. На Беларусі вядомы з 16 ст. ў рэнесансавых палацах, грамадскіх будынках, храмах. Пашыраны ў 1950-я г. ў архітэктуры жылых і грамадскіх пабудоў.

Да арт. Атык. Франтон царквы ў г. Стоўбцы. 19 ст.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧАТО́ЧНІКІ,

парныя вывадныя пратокі нырак у пазваночных жывёл і чалавека, якія адводзяць мачу ў мачавы пузыр або клааку. Адрозніваюць 3 тыпы М. адпаведна 3 тыпам нырак. М. пранефраса (першаснанырачныя каналы) у паслязародкавым перыядзе функцыянуюць у кругларотых і адкрываюцца ў мочапалавы сінус; М. мезанефраса (першасныя, ці вольфавы каналы) — у рыб і земнаводных; метанефраса (другасныя) — у паўзуноў, птушак, млекакормячых. У чалавека М. размешчаны ў забрушыннай прасторы і ў малым тазе, маюць форму трубкі са звужэннямі і расшырэннямі; злучаюць нырачную лаханку з мачавым пузыром. Сценка М. мае 3 абалонкі: унутраную (слізістая, высланая пераходным эпітэліем), сярэднюю (забяспечвае рух мачы ў мачавы пузыр пры любым становішчы цела) і вонкавую.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІЯНА́РЫУМ,

басейн з марской вадой для ўтрымання марскіх жывёл: беспазваночных, рыб, паўзуноў, млекакормячых. Звычайна мае некалькі басейнаў рознага аб’ёму, адна бакавая яго сценка празрыстая для назірання. У невял. акіянарыумах трымаюць дробных рыб і беспазваночных, у буйных — вял. рыб, чарапах, ластаногіх, сірэн, кітападобных. Разнавіднасць акіянарыума — дэльфінарыі, дзе трымаюць дэльфінаў для вывучэння, дрэсіроўкі і паказу. Найб. колькасць акіянарыумаў у ЗША і Японіі. У Стэйнхарцкім акіянарыуме (г. Сан-Францыска, ЗША) 178 дэманстрацыйных, 192 запасныя акварыумы і басейны аб’ёмам ад 0,07 да 300 м³; у акіянарыуме «Сі Уорлд» (г. Сан-Дыега, ЗША) выдатная калекцыя рыб. Акіянарыум ёсць паблізу Ганалулу на Гавайскіх а-вах, а таксама ў Батумі (Аджарыя) і Клайпедзе (Літва). Маюць вял. значэння як культ.-асв., турыстычныя і н.-д. цэнтры.

т. 1, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́СТА-ГЕМАТЫ́ЧНЫ БАР’Е́Р,

комплекс структур і фізіял. механізмаў, якія рэгулююць абменныя працэсы паміж крывёй і тканкамі, забяспечваюць адноснае пастаянства саставу, фізіка-хім. уласцівасцей непасрэднага пажыўнага асяроддзя органа і клеткі. Тэрмін увёў сав. фізіёлаг Л.​С.​Штэрн у 1929. Структурная аснова гіста-гематычнага бар’ера — сценка капіляраў, элементаў злучальнай тканкі і інш. спец. тканкавых элементаў. Гіста-гематычны бар’ер органа вызначае яго функцыян. стан, здольнасць процістаяць шкодным уплывам, перашкаджае пераходу чужародных рэчываў з крыві ў тканкі (ахоўная функцыя), рэгулюе паступленне да клетак з крыві рэчываў, неабходных для жыццядзейнасці органаў і тканак, вывядзенне прадуктаў абмену. Функцыі гіста-гематычнага бар’ера мяняюцца ў залежнасці ад узросту, нерв. і гарманальных уплываў і інш. Гл. таксама Бар’ерная функцыя, Гемата-энцэфалічны бар’ер.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)