Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХА́НІКА СУЦЭ́ЛЬНЫХ АСЯРО́ДДЗЯЎ,
раздзел механікі, які вывучае паводзіны кантынуумаў матэрыяльных пунктаў, што неперарыўна запаўняюць аб’ёмы геам. прасторы. Падзяляецца на гідрааэрамеханіку, газавую дынаміку, механіку сыпкіх асяроддзяў, пругкасці тэорыю, пластычнасці тэорыю і інш.
У М.с.а. рэчыва разглядаецца як неперарыўнае суцэльнае асяроддзе без уліку атамна-малекулярнай будовы; для яго ўводзяцца паняцці шчыльнасці, перамяшчэння, скорасці, т-ры, унутр. энергіі, энтрапіі, патоку цяпла і інш. як неперарыўна дыферэнцавальных функцый. Адначасова лічыцца неперарыўным размеркаванне ўсіх характарыстык асяроддзя, што дае магчымасць выкарыстоўваць апарат вышэйшай матэматыкі для неперарыўных функцый. У М.с.а. зыходнымі для вывучэння любых асяроддзяў (напр., газаў, вадкасцей, плазмы, дэфармаваных цвёрдых цел) з’яўляюцца ўраўненні руху (ці раўнавагі) асяроддзя, атрыманыя на аснове законаў механікі: ураўненні неразрыўнасці (суцэльнасці) асяроддзя як вынік закону захавання масы; закон захавання энергіі. Асаблівасці кожнага канкрэтнага асяроддзя ўлічваюцца ўраўненнем стану або рэалагічным ураўненнем, дзе ўстанаўліваецца залежнасць паміж напружаннямі і дэфармацыямі (ці скарасцямі дэфармацый). Пры рашэнні кожнай задачы задаюцца пачатковыя і гранічныя ўмовы, выгляд якіх залежыць ад асаблівасцей асяроддзя.
На Беларусі даследаванні па праблемах М.с.а. праводзяцца ў Нац.АН, БДУ, БПА і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХА́НІКА СЫ́ПКІХ АСЯРО́ДДЗЯЎ,
раздзел механікі суцэльных асяроддзяў, дзе вывучаюцца раўнавага і рух сыпкіх асяроддзяў (напр., пясчаных грунтоў, здробненага вугалю, зерня). Найб. развіты раздзел М.с.а. — механіка грунтоў.
Займае прамежкавае становішча паміж механікай суцэльных асяроддзяў і механікай сістэм матэрыяльных пунктаў, што абумоўлівае фенаменалагічны і статыстычны спосабы апісання руху асяроддзяў (напр., вызначэнне ціску асяроддзя на апорныя сценкі, магчымых форм паверхні асыпання адхонаў). Пры фенаменалагічным апісанні грануляваныя асяроддзі разглядаюцца як рэчывы з уласцівасцямі, прамежкавымі паміж уласцівасцямі цвёрдага цела і вадкасці. Пры статыстычным апісанні з дапамогай розных працэдур асярэднення мікраўласцівасцей часцінак атрымліваюць ураўненні, якія апісваюць макраўласцівасці грануляванага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РЫСТА-КУЧАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cirrocumulus (Cc)],
грады або слаі тонкіх белых воблакаў у верхняй трапасферы. Складзеныя з вельмі дробных элементаў у выглядзе зерняў, камякоў або рабізны, суцэльных або адасобленых, часткова па краях валакністыя. Утвараюцца пераважна з ледзяных крышталёў. Узнікаюць у выніку канвекцыйных і хвалевых рухаў, а таксама ў сувязі з франтамі, асабліва халоднымі. Ападкаў не даюць. Гл.Воблакі, Воблачнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНАБЛО́ЧНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
зборныя канструкцыі з буйнапамерных штучных або прыродных камянёў (блокаў). Выкарыстоўваюцца для ўзвядзення жылых дамоў, прамысл. будынкаў і збудаванняў.
Блокі вырабляюць на з-дах з лёгкіх, цяжкіх, ячэістых (керамзітабетон, шлакабетон і інш.), сілікатных бетонаў, цэглы, а таксама выпілоўваюць у кар’ерах з туфу, ракушачніку і інш. З суцэльных і пустацелых блокаў манціруюць фундаменты, вонкавыя і ўнутр. сцены, перагародкі і інш.Найб. пашыраны буйнаблочныя канструкцыі вонкавых сцен з блокаў, зробленых з лёгкіх і ячэістых бетонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЗДО́Ў (Георгій Мікалаевіч) (н. 5.10.1949, г. Баранавічы),
бел. фізік-тэарэтык. Д-р фізіка-матэм. н. (1994). Скончыў БДУ (1971), працуе ў ім, з 1994 на пасадзе прафесара. Навук. працы па электрадынаміцы і акустыцы анізатропных асяроддзяў, уласцівасцях гіратропных і біанізатропных матэрыялаў. Распрацаваў аператарныя метады рашэння прамых і адваротных гранічных задач у электрадынаміцы суцэльных асяроддзяў, уключаючы выпадак рухомых асяроддзяў.
Тв.:
Эволюционные операторы электромагнитных волн в кристаллах. Ч. 1—3 // Кристаллография. 1990. Т. 35, вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́Т, цяжкі шпат,
мінерал класа сульфатаў (сульфат барыю, BaSO4). Мае ў сабе 65,7% вокіслу барыю (BaO). Прымесі стронцыю, кальцыю, свінцу. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Звычайна трапляецца ў выглядзе суцэльных буйнакрышт. масаў, можа быць у зярністых, пласціністых або зямлістых агрэгатах. Колер белы або з блакітным, жоўтым ці чырванаватым адценнем. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 4,3—4,5 г/см³. Паводле паходжання гідратэрмальны і гіпергенны. Асн. руда барыю. Выкарыстоўваецца ў растворах пры бурэнні, як напаўняльнік у папяровай, гумавай, керамічнай, лакафарбавай, цэментнай прам-сці, для вытв-сці выбуховых рэчываў, у металургіі, оптыцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОТ (Лазар Артуравіч) (н. 13.12.1920, г. Курган, Расія),
бел. вучоны ў галіне тэарэт. фізікі. Д-рфіз.-матэм.н., праф. (1977). Скончыў Ваенна-паветраную інж. акадэмію (1944). З 1953 у Бел.тэхнал. ун-це (у 1964—92 заг. кафедры). Навук. працы па статыст. тэрмадынаміцы, механіцы суцэльных асяроддзяў, біяфізіцы, даследаванні крытычных з’яў і турбулентнасці, праблемах удасканалення падрыхтоўкі навук. кадраў. Стварыў метад умоўных размеркаванняў — новы метад статыст. механікі, які дазволіў адзіным чынам апісаць ўсе віды фазавых пераходаў I роду.
Тв.:
Статистическая теория молекулярных систем. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДНЫ АЛТА́Й,
паўднёва-заходняя частка Алтая ў Расіі і Казахстане, у якой сканцэнтраваны значныя радовішчы поліметал. руд. Размешчаны паміж рэкамі Чарыш і Іртыш. Уключае хрыбты Убінскі, Калыванскі, Калбінскі і адгор’і Тыгірэцкага, Іванаўскага, Ульбінскага, Холзун (выш. 1200—2000 м) хрыбтоў. Даўж. больш за 400 км. Характэрны сярэднягор’і (выш. да 2776 м), на З — нізкагор’і. Рудныя целы складзены з суцэльных і ўкрапаных руд. Радовішчы поліметал. руд утвараюць 2 паласы: медна-свінцова-цынкавых руд (Арлоўскае, Залатушынскае, Нікалаеўскае, Белавусаўскае, Бярозаўскае і інш.) і свінцова-цынкавых руд (Рубцоўскае, Сцяпное, Талаўскае, Сярэдняе, Зарэчанскае, Карбаліхінскае, Стрыжкоўскае, Гуслякоўскае, Ленінагорскае, Зыранаўскае, Цішынскае і інш.). Радовішчы рэдкіх металаў, золата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕНІ́Т (ад лац. galena свінцовая руда),
свінцовы блішчак, мінерал класа сульфідаў, сульфід свінцу, PbS. Мае 86,6% свінцу. Прымесі: селен, серабро, вісмут, волава, цынк, жалеза і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі кубічныя і актаэдрычныя, вядомыя двайнікі. Часцей трапляецца ў выглядзе зярністых (свінчак) і суцэльных мас. Колер свінцова-шэры. Бляск ярка-металічны. Цв. 2—3. Крохкі. Шчыльн. 7,4—7,6 г/см³. Электраправодны. Трапляецца ў гідратэрмальных радовішчах разам з пірытам, сфалерытам, арсенапірытам і інш. сульфідамі. Галеніт — свінцовая руда і каштоўная руда серабра. З галенітавага канцэнтрату атрымліваюць бялілы і інш. фарбы. Радовішчы ў Расіі, ЗША і інш. На Беларусі галеніт трапляецца ў крышт. фундаменце, у пародах дэвону і карбону.