ВОЎК

(Canis lupus),

млекакормячая жывёла сям. воўчых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. Жыве ў адкрытых стэпах, паўпустынях, тундрах, лесастэпах, лясах, акрамя суцэльных масіваў. Актыўны ноччу, днём хаваецца ў хмызняках і ярах. На Беларусі трапляецца ўсюды.

Даўж. цела 1,1—1,6 м, маса звычайна 32—50 кг, зрэдку да 79 кг. Самкі крыху меншыя за самцоў. Шыя кароткая, вушы востраканцовыя. Ногі доўгія з кіпцюрамі. Поўсць на спіне і баках буравата-карычневая або цёмнашэрая з чарнаватым адценнем уздоўж спіны, бруха светла-шэрае. Восенню і зімой трымаецца вывадкамі, у час размнажэння — парамі. Утварае з свойскімі сабакамі гібрыды, падобныя да валкоў вонкавым выглядам і паводзінамі. Нараджае вясной у сярэднім 5—6 ваўчанят, зрэдку да 15. Драпежнік, корміцца пераважна капытнымі жывёламі, палюе зграямі. Выконвае ролю санітара, шкодзіць паляўнічай і сельскай гаспадарцы. Аб’ект круглагадовага палявання.

т. 4, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)