Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЕ́ЧНЫ ШЛЯХ,
1) дыфузная святлівая паласа няправільнай формы, што перасякае нябесную сферу ў плоскасці Галактыкі. Складаецца з вял. колькасці зорак, якія паасобку нельга бачыць простым вокам, але можна распазнаць з дапамогай тэлескопа.
М.Ш. — сукупнасць зорак нашай зорнай сістэмы — Галактыкі, якой яна выглядае знутры, з пункту, паблізу галактычнай плоскасці, на адлегласці ~1/2 галактычнага радыуса ад ядра галактыкі. Сярэдняя лінія М.Ш. блізкая да вял. круга (галактычнага экватара), паўн. полюс якога знаходзіцца ў сузор’і Валасоў Веранікі; бачная шырыня ў межах ад 5° да 30°. У напрамку да цэнтра Галактыкі (сузор’і Стральца і Скарпіёна) М.Ш. шырокі і яркі, у процілеглым (сузор’і Персея і Возніка) — вузкі і менш яркі. У многіх месцах М.Ш. назіраюцца цёмныя плямы, што абумоўлена паглынаннем святла воблакамі касмічнага пылу. Паміж сузор’ямі Арла і Цэнтаўра паласа паглынальнага рэчыва дзеліць М.Ш. на 2 часткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДЫЯ́К, пояс задыяка (грэч. zodiakos ад zōon жывёла),
сукупнасць сузор’яў, размешчаных уздоўж бачнага гадавога шляху Сонца (экліптыкі). Складаецца з 13 сузор’яў, але старажытныя астраномы падзялілі яго на 12 роўных частак (аб’ядноўвалі сузор’і Скарпіён і Змеяносец у адзінае пад агульнай назвай Скарпіён): Рыбы, Авен, Цялец, Блізняты, Рак, Леў, Дзева, Шалі, Скарпіён, Стралец, Казярог, Вадаліў.
Большасць гэтых сузор’яў мае назву жывёл, таму ў старажытнасці іх называлі «З.» («круг жывёл»), а сузор’і — задыякальнымі. Кожнае з іх абазначаецца адпаведным знакам (гл.Знакі астранамічныя і астралагічныя). У задыякальным сузор’і Сонца знаходзіцца прыблізна адзін месяц. Вясною, напр., яно паслядоўна праходзіць па сузор’ях Рыб, Авена, Цяльца. Гэтыя сузор’і не відаць ноччу, бо знаходзяцца разам з Сонцам пад гарызонтам. Процілеглыя сузор’і Дзевы, Шаляў, Скарпіёна відаць усю ноч. Рух Сонца па З. — з’ява ўяўная, гэта вынік сапраўднага і процілегла накіраванага руху Зямлі вакол Сонца. Існуе адпаведнасць знакаў З. каляндарным датам, у якія Сонца праходзіла межы сузор’яў у старажытнасці (каля 2 тыс. гадоў назад). У выніку прэцэсіі зямной восі гэтыя даты змяніліся (гл.табл.). Рух планет і іх размяшчэнне ў сузор’ях З. выкарыстоўваюць астролагі для складання гараскопаў, пры гэтым яны карыстаюцца стараж. датамі праходжання Сонцам сузор’яў З.
Літ.:
Бялко А.В. Наша планета — Земля. М., 1983.
Н.А.Ушакова.
Табліца. Старажытныя і сучасныя даты знаходжання Сонца ў сузор’ях Задыяка
Сузор’е
Старажытныя даты
Сучасныя даты
Авен
21.3—19.4
22.4—21.5
Цялец
20.4—20.5
22.5—21.6
Блізняты
21.5—21.6
22.6—22.7
Рак
22.6—22.7
23.7—23.8
Леў
23.7—22.8
24.8—23.9
Дзева
23.8—22.9
24.9—24.10
Шалі
23.9—22.10
25.10—23.11
Скарпіён
23.10—21.11
24.11—23.12
Стралец
22.11—21.12
24.12—22.1
Казярог
22.12—19.1
23.1—20.2
Вадаліў
20.1—18.2
21.2—18.3
Рыбы
19.2—20.3
19.3—21.4
Да арт.Задыяк. Бачны гадавы рух Сонца па задыяку і сапраўдны рух Зямлі вакол Сонца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКАНІ́ДЫ,
метэорны паток з радыянтам у сузор’іДракона, звязаны з каметай Джакабіні-Цынера. Назіраецца штогод 9—10 кастрычніка. У 1933 і 1946 Д. далі асабліва вял. метэорныя дажджы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́РЭС, α-Скарпіёна,
пераменная зорка 0,8—1,2 візуальнай зорнай велічыні. Самая яркая ў сузор’іСкарпіёна, свяцільнасць у сярэднім у 5 тыс. разоў большая за сонечную. Адлегласць ад Сонца 125 пс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬДЭБАРА́Н,
α Цяльца, зорка 1-й зорнай велічыні (0,8 візуальнай зорнай велічыні), самая яркая ў сузор’і Цяльца. Чырвоны гігант, свяцільнасць у 150 разоў большая за сонечную. Адлегласць ад Сонца 21 пс.