КАРТЫЗО́Н,

стэроідны гармон пазваночных, які выпрацоўваецца карой наднырачнікаў. Адносіцца да групы глюкакартыкоідаў, рэгулюе вугляводны абмен, выклікае павелічэнне глюканеагенезу (змяншае распад вугляводаў і стымулюе распад бялкоў). Мае процізапаленчыя, антытаксічныя і антыалергічныя ўласцівасці. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.

т. 8, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗОКСІКОРТЫКАСТЭРО́Н, картэксон,

стэроідны гармон кары наднырачнікаў; прамежкавы прадукт біясінтэзу кортыкастэрону і альдастэрону. Рэгулюе водна-салявы абмен у арганізме. Утвараецца пераважна з прагестэрону. Прэпарат Д. (Д.-ацэтат) уводзяць у мышцы пры адысонавай хваробе, зніжэнні функцыі наднырачнікаў, гіпатаніі.

т. 6, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГЕСТЭРО́Н,

жаночы стэроідны палавы гармон пазваночных жывёл і чалавека. Выпрацоўваецца жоўтым целам яечніка, плацэнтай, карой наднырачнікаў. Рыхтуе матку да імплантацыі плоднага яйца, забяспечвае развіццё і захаванне цяжарнасці ў млекакормячых, стымулюе развіццё канцавых сакраторных аддзелаў малочных залоз. Сінтэз і сакрэцыю П. рэгулююць лютэінізавальны гармон і харыянічны ганадатрапін. П. і яго прыродныя і сінт. вытворныя (гестагены) выкарыстоўваюць у медыцыне. Выяўлены таксама ў беспазваночных (напр., малюскаў) і ў кветкавых раслінах.

т. 12, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬДАСТЭРО́Н,

стэроідны гармон кары наднырачнікаў пазваночных жывёл і чалавека. Найб. актыўны з мінералакартыкоідаў, стымулюе вывядзенне калію і затрымку натрыю ў арганізме, процідзейнічае яго абязводжванню. Уплыў на іонны абмен рэалізуецца праз ныркі, кішэчнік, потавыя і слінныя залозы, шчэлепы і інш. Актыўны толькі ў свабодным стане; у крыві каля 50—75% альдастэрона звязана бялкамі. Сакрэцыя рэгулюецца рэнін-ангіятэнзіўнай сістэмай, узроўнем іонаў Na​+ і K​+ у крыві, кортыкатрапінам, сератанінам. Выкарыстоўваецца як лек. сродак пры адысонавай хваробе.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)