ДЖО́ПЛІН ((Joplin) Джэніс) (19.1.1943, г. Порт-Артур, штат Тэхас, ЗША — 4.10.1970),
амерыканская рок-спявачка і кампазітар, аўтар тэкстаў; адна з першых вядомых белых спявачак блюза. З 1966 выступала і гастраліравала з некалькімі рок-групамі (у т. л. «Вялікі брат і кампанія»), стала кумірам руху хіпі. Валодала дасканалым ад прыроды моцным прыгожым голасам, тонкай нюансіроўкай. Яе рэпертуар уключаў блюзы, творы ў стылях «соўл» і «кантры» (у т. л. ўласныя). Вылучалася эмацыянальна-страснай манерай выканання (сярод прыёмаў — віск, хрып, шэпт, стогн), якая зрабіла вял. ўплыў на наступныя пакаленні рок-спевакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАШКЕ́ВІЧ (Іван Канстанцінавіч) (1890, в. Меляшкі Беластоцкага ваяв., Польшча — 24.2.1943),
бел.паэт. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1909). Настаўнічаў на Гродзеншчыне і каля Паневяжыса. Загінуў на фронце. З 1909 пад псеўд. Янук Д. і Каршун друкаваў у газ. «Наша ніва» вершы і допісы. Яго творчасць развівалася ў рэчышчы бел.рэв.-дэмакр. паэзіі, прасякнута суперажываннем чалавечаму гору, болем за лёс абяздоленых, патрыят. матывамі («Доля», «Стогн», «Псалм CXXXVI»). Інтымнай лірыцы паэта ўласцівы рамант. парыў, глыбіня пачуццяў («Як засвецяць у небе зоры»), часам элегічнасць («Шкада разбітых мар»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАБА́ТА (Ясунары) (11.6.1899, г. Осака, Японія — 16.4.1972),
японскі пісьменнік. Чл.Яп.АМ (1954). Скончыў Такійскі ун-т (1924). Друкаваўся з 1921. У пач. 1920-х г. прымыкаў да мадэрнісцкай групы неасенсуалістаў. Першая аповесць «Танцоўшчыца з Ідзу» (1925, экранізацыя 1935) прасякнута гуманізмам. На асаблівасць яго маст. стылю паўплывала эстэтыка дзэн, якая адвяргае ўскладненае ўспрыманне свету і сцвярджае прынцып натуральнасці, адназначнасці (лірычныя аповесці «Вясёлыя дзяўчаты Асакуса», 1929, «Снежная краіна», 1937). У аснове аповесці «Тысячакрылы журавель» (1951) — стараж. чайная цырымонія, узведзеная да ўзроўню сапр. мастацтва. Аўтар раманаў «Стогн гары» (1954), «Старая сталіца» (1961). Нобелеўская прэмія 1968.