Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭСБІЯПІ́Я [ад грэч. presbys стары + ōps (ōpos) вока],
старэчая дальназоркасць, парушэнне выразнага бачання блізка размешчаных аб’ектаў. Узнікае пасля 40 гадоў у выніку аслаблення праламляльнай здольнасці вока. Прычына П. — зніжэнне эластычных уласцівасцей хрусталіка пры ўшчыльненні яго цэнтр. ч. — ядра. Пры гэтым парушаецца акамадацыя вока, кропка яснага бачання факусіруецца па-за сятчаткай і прадметы здаюцца расплыўчатымі. Для карэкцыі П. выкарыстоўваюць акуляры са збіральнымі (выпуклымі) лінзамі, якія ўзмацняюць праламляльную здольнасць вока і забяспечваюць выразнае адлюстраванне блізка размешчаных аб’ектаў на сятчатцы.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАРА́КТА (ад грэч. katarrhaktēs вадаспад),
хвароба вачэй, якая характарызуецца памутненнем крышталіка. Бывае прыроджаная і набытая.
Прыроджаная К. развіваецца ў перыяд унутрывантробны. найчасцей не большае ў памерах (К., не здольная прагрэсіраваць). Лакалізуецца на пярэдняй або задняй паверхні крышталіка ці ў яго асобных слаях. Найчасцей бывае набытая К., пры якой памутненне паступова павялічваецца да поўнай непразрыстасці крышталіка. Бывае старэчая і К., якая ўзнікае пры агульных хваробах арганізма (напр., цукр. дыябет), прафес. шкоднасцях, мех. пашкоджаннях (траўматычная К.), паталаг. працэсах у воку. Пры пашкоджанні крышталіка прамянёвай энергіяй узнікае прамянёвая К. Лячэнне хірург., пасля — акуляры.
Л.М.Марчанка.
т. 8, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РЛІКАВЫ РОСТ, нанізм,
паталагічны стан чалавека, які характарызуецца адставаннем у росце ў параўнанні з сярэдняй нормай для ўзросту, полу, папуляцыі, расы. Праяўленне К.р. — адзін з сімптомаў генет. парушэнняў росту арганізма, шэрагу эндакрынных і неэндакрынных хвароб. У жанчын карлікавым лічыцца рост меншы за 120 см, у мужчын меншы за 130 см. Віды К.р. ўмоўна падзяляюць на прапарцыянальны і непрапарцыянальны. Клінічныя праяўленні залежаць ад віду захворвання. Напр., пры гіпафізарным К.р. (псіхіка амаль нармальная) прапорцыі і памеры цела застаюцца дзіцячыя, палавыя залозы недаразвітыя, бывае атлусценне, старэчая, маршчыністая скура твару. Пры сістэмных захворваннях шкілета рост канечнасцей значна адстае ад росту тулава, эндакрынныя і псіхічныя расстройствы адсутнічаюць. Лячэнне (да спынення росту цела) накіравана на ўстараненне прычыны, што абумоўлівае К.р.
т. 8, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)