Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭНАМІЦ́Э́ТЫ (Prenomycetiidae),
група парадкаў грыбоў падкл. эўаскаміцэтаў. 5 парадкаў: гіпакрэальныя, дыяпартальныя, клавіцыпітальныя, мучністарасяныя грыбы, сферыяльныя. Каля 640 родаў, 6 тыс. (па інш. звестках да 10 тыс.) відаў. Пашыраны ўсюды.
Пладовыя целы — перытэцыі, радзей — клейстатэцыі. Утвараюцца на шчыльным спляценні міцэлію — стромах. Стромы цвёрдыя і мяккія, плоскія, круглыя, галінастыя. Сумкі 8-споравыя, звычайныя, булавападобныя, размешчаны пучкамі або слоем. Аскаспоры разнастайнай формы і афарбоўкі, у перытэцыяльных форм іх вызваленне актыўнае, у клейстатэцыяльных — пасіўнае. У некат. перытэцыі маюць доўгія шыйкі, здольныя да фотатрапізму, што спрыяе выкідванню спор у больш асветленыя месцы. Сапратрофы, некат. — паразіты раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛУ́ДАЧКІ ГАЛАЎНО́ГА МО́ЗГА,
поласці ўнутры галаўнога мозга, дзе размешчаны сасудзістыя спляценні, што выпрацоўваюць цэрэбраспінальную вадкасць. Яна запаўняе Ж.г.м., потым па ліквораправодных шляхах выходзіць на аснову мозга і распаўсюджваецца па вонкавай паверхні галаўнога і спіннога мозга. Усяго Ж.г.м. — 4, поласці іх сазлучаныя. Пры паталогіі (вентрыкуліты, менінгаэнцэфаліты, кровазліцці, пухліны і інш.) парушаецца цыркуляцыя цэрэбраспінальнай вадкасці з частковай ці поўнай аклюзіяй ліквораправоднай сістэмы. Прыкметы: моцны галаўны боль, моташнасць, ірвота, галавакружэнне, павышаны артэрыяльны ціск і тэмпература цела, вокарухальныя і вестыбулярныя парушэнні. У цяжкіх выпадках — сімптомы ўшчымлення ствала галаўнога мозга, прыступы дэцэрэбрацыйнай рыгіднасці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗГАВЫ́Я АБАЛО́НКІ,
злучальнатканкавыя плевачныя мембраны, якія пакрываюць галаўны мозг і спінны мозг у пазваночных жывёл і чалавека. Аднаслойную першасную М.а. маюць рыбы. У наземных пазваночных М.а. дыферэнцыруецца на цвёрдую (вонкавую) і мяккую (унутр.); мяккая падзяляецца на павуцінную і сасудзістую. Цвёрдая М.а. высцілае ўнутр. паверхню чэрапа і пазваночнага канала, утварае вянозныя сінусы, якія служаць для адцёку вянознай крыві ад галаўнога мозга. Павуцінная М.а. ў поласці чэрапа прылягае да паверхні звілін кары вял. паўшар’яў. Сасудзістая М.а. непасрэдна пакрывае паверхню галаўнога і спіннога мозга, шчыльна злучана з ёю, багатая крывяноснымі сасудамі, якія забяспечваюць мозг і служаць для ўсмоктвання спіннамазгавой вадкасці (ліквара). Разам з павуціннай абалонкай утварае сасудзістыя спляценні жалудачкаў мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РВЫ (лац. nervus ад грэч. neuron нерв, жыла),
цяжы нервовай тканкі, што звязваюць мозг і нервовыя вузлы з інш. тканкамі і органамі цела. Утвораны пучкамі нерв. валокнаў — адросткамі нейронаў (аксоны разам з іх абалонкамі), якія праводзяць нерв. імпульс. Звычайна Н. маюць 103—104 валокнаў. Па кожнаму валакну імпульс распаўсюджваецца ізалявана. Адрозніваюць Н. чуллівыя (аферэнтныя, цэнтраімклівыя), рухальныя (эферэнтныя, цэнтрабежныя) і змешаныя. У пазваночных жывёл і чалавека ад галаўнога мозга адыходзяць чэрапнамазгавыя нервы, ад спіннога — спіннамазгавыя нервы. Некалькі суседніх Н. утвараюць нерв.спляценні (сеткавыя злучэнні нерв. валокнаў, якія забяспечваюць чуллівую і рухальную інервацыю скуры, шкілетных мышцаў і ўнутр. органаў пазваночных жывёл і чалавека). Паводле характару інервацыі органаў Н. класіфікуюць на вегетатыўныя і саматычныя. Іх сукупнасць утварае перыферычную нерв. сістэму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎНЁВЫЯ ГРЫБЫ́ (Ustilagenales),
парадак базідыяльных грыбоў. Уключае 2 сям. — устылягавыя і тылецыевыя, больш за 50 родаў, каля 1000 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца каля 100 відаў з 7 родаў (сараспорый, тылецыя, тэкафора, урацысціс, устыляга, энталома, энтарыза).
Звычайна спецыялізаваныя паразіты вышэйшых травяністых раслін: пашкоджваюць толькі пэўныя віды і нават асобныя сарты, выклікаюць спецыфічнае захворванне пераважна збожжавых злакаў — галаўню. У цыкле развіцця галаўнёвых грыбоў 3 стадыі (фазы): гаплоідная (кароткачасовая, базідыяспоры і першасны міцэлій), дыкарыятычная (працяглая, другасны паразітны міцэлій) і дыплоідная (вельмі кароткая, спелыя хламідаспоры). Міцэлій шматклетачны, бясколерны, мае гаўсторыі, з дапамогай якіх грыбы жывяцца. Міцэлій можа пранізваць розныя органы раслін, дзе ўтвараюцца спляценні з круглаватымі двух’ядравымі спорамі (хламідаспоры), якімі грыбы размнажаюцца. У некат. відаў утвараюцца спаракучкі з 40—50 і больш спораў. Хламідаспоры маюць ахоўную абалонку і здольныя пераносіць высушванне, захоўваюць жыццядзейнасць на працягу 20 і больш гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́НХІ (ад грэч. bronchos дыхальнае горла),
дыхальныя шляхі наземных пазваночных, якія адыходзяць ад трахеі. У земнаводных (за выключэннем піпаў і гатэрый) адсутнічаюць. У млекакормячых і чалавека ўтвараюць шкілетную аснову лёгкіх, т.зв. бранхіяльнае дрэва з адгалінаваннямі на бронхах. да 18—19-га парадкаў. Самыя дробныя бронхі, што ўваходзяць у долькі лёгкага, падзяляюцца на бранхіёлы.
Аснова фіброзных сценак бронхаў — паўкольцы гіялінавых храсткоў (у млекакормячых злучаны ззаду пучкамі гладкіх мышцаў), якія па меры разгалінавання бронхаў ператвараюцца ў храстковыя пласцінкі і знікаюць на ўзроўні дробных бронхаў. Са змяншэннем калібру бронхаў мышачны слой становіцца больш развітым. Слізістая абалонка бронхаў унутры ўкрыта цыліндрычным эпітэліем і клеткамі мігальнага эпітэлію. У падзалозістым слоі размешчаны залозы, лімфоідная тканка. Дробныя бронхі не маюць храстка і залоз, іх унутр. паверхня ўкрыта аднаслойным мігальным эпітэліем. У злучальнатканкавай пласцінцы слізістай абалонкі бронхаў многіх млекакормячых і чалавека размешчаны сакраторныя аддзелы бранхіяльных залоз, у падслізістай аснове развіты сеткі крывяносных і лімфатычных капіляраў, сасудзістыя і нерв.спляценні. Стан бронхаў вызначаюць бронхаскапіяй, бранхаграфіяй. Запаленне бронхаў — бранхіт.
А.С.Леанцюк.
Да арт.Бронхі: 1 — агульная схема будовы і разгалінавання бронхаў; 2 — частка бранхіяльнага дрэва чалавека.