БРО́НХІ

(ад грэч. bronchos дыхальнае горла),

дыхальныя шляхі наземных пазваночных, якія адыходзяць ад трахеі. У земнаводных (за выключэннем піпаў і гатэрый) адсутнічаюць. У млекакормячых і чалавека ўтвараюць шкілетную аснову лёгкіх, т.зв. бранхіяльнае дрэва з адгалінаваннямі на бронхах. да 18—19-га парадкаў. Самыя дробныя бронхі, што ўваходзяць у долькі лёгкага, падзяляюцца на бранхіёлы.

Аснова фіброзных сценак бронхаў — паўкольцы гіялінавых храсткоў (у млекакормячых злучаны ззаду пучкамі гладкіх мышцаў), якія па меры разгалінавання бронхаў ператвараюцца ў храстковыя пласцінкі і знікаюць на ўзроўні дробных бронхаў. Са змяншэннем калібру бронхаў мышачны слой становіцца больш развітым. Слізістая абалонка бронхаў унутры ўкрыта цыліндрычным эпітэліем і клеткамі мігальнага эпітэлію. У падзалозістым слоі размешчаны залозы, лімфоідная тканка. Дробныя бронхі не маюць храстка і залоз, іх унутр. паверхня ўкрыта аднаслойным мігальным эпітэліем. У злучальнатканкавай пласцінцы слізістай абалонкі бронхаў многіх млекакормячых і чалавека размешчаны сакраторныя аддзелы бранхіяльных залоз, у падслізістай аснове развіты сеткі крывяносных і лімфатычных капіляраў, сасудзістыя і нерв. спляценні. Стан бронхаў вызначаюць бронхаскапіяй, бранхаграфіяй. Запаленне бронхаў — бранхіт.

А.С.Леанцюк.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)