ЗАМЫСЛО́ЎСКІ (Ягор Ягоравіч) (18.6.1841, г. Гродна — 21.5.1896),

расійскі гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1888). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1862), у 1867—71 выкладаў у Аляксандраўскім ліцэі, з 1871 праф. Гісторыка-філал. ін-та ў Пецярбургу, у 1884—90 — Пецярбургскага ун-та. Асн. працы па крыніцазнаўстве гісторыі Расіі і Беларусі 16—17 ст., у т. л. «Цараванне Фёдара Аляксеевіча» (ч. 1, 1871), «Сказанне Масы і Геркмана пра смутны час у Расіі» (1874), «Герберштэйн і яго гісторыка-геаграфічныя весці пра Расію» (1884), «Зносіны Расіі з Польшчай у цараванне Фёдара Аляксеевіча» (1887) і інш. Пад яго рэдакцыяй складзены вучэбны атлас па рас. гісторыі з каментарыямі, выдадзена «Гісторыя расійскіх ордэнаў».

т. 6, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТО́НАЎ (Сяргей Фёдаравіч) (28.6.1860, г. Чарнігаў, Украіна — 10.1.1933),

расійскі гісторык. Акад. АН СССР у 1920—31. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882), з 1899 праф. гэтага ун-та. Старшыня Археагр. камісіі (1918—29), камісіі па выданні твораў А.​С.​Пушкіна, дырэктар Пушкінскага дома Ін-та рус. л-ры АН СССР (1925—29) і Б-кі АН СССР (1925—28). Даследаваў падзеі 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. ў Расіі, эпоху Пятра I, каланізацыю рас. Поўначы і інш. У гал. працы «Нарысы па гісторыі смуты ў Маскоўскай дзяржаве, XVI—XVII стст.: Спроба вывучэння грамадскага ладу і саслоўных адносін у Смутны час» (1899, перавыд. 1995) разглядаў спробы дасягнуць раўнапраўнай уніі Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, ход вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У 1930 арыштаваны, абвінавачаны ў антысав. дзейнасці і сасланы (1931) на 5 гадоў у Самару, дзе і памёр.

Тв.:

Учебник русской истории. М., 1992;

Русская история. М., 1995;

Полный курс лекций по русской истории. СПб., 1998.

Літ.:

Очерки истории исторической науки в СССР. Т. 3. М., 1963;

Рахматуллин М.А. Дело по обвинению академика С.​Ф.​Платонава // Отечественная история. 1994. № 6.

У.​І.​Вернігораў.

т. 12, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦТЭ́КІ (саманазва астэка),

самая вялікая індзейская народнасць Мексікі. 1,07 млн. чал. (1987). Мова — наўатль. У 13 ст. прыйшлі з Пн і пасяліліся ў даліне Мехіка. У 14 ст. стварылі ўласную паліт. структуру, т.зв. горад-дзяржаву Тэначтытлан (сучасны г. Мехіка). У 1428—30 у саюзе з гарадамі-дзяржавамі Тэскока і Тлакапан падпарадкавалі насельніцтва даліны Мехіка, што стала пачаткам стварэння імперыі ацтэкаў, якая ў канцы 15 ст. ўключала цэнтр., усх. і паўд. Мексіку (больш за 500 гарадоў-дзяржаў з нас. 5—6 млн. чал.). У ацтэкаў былі развіты сельская гаспадарка, рамёствы, медыцына, манум. мастацтва і архітэктура, распрацаваны варыянт іерогліфнага пісьменства, складаная сістэма календара. Найб. вядомы правіцель — кароль Мантэсума II. У 1519—21 ацтэкі заваяваны іспанцамі на чале з Э.​Картэсам.

Росквіт мастацтва ацтэкаў прыпадае на 14 — пач. 16 ст. Асн. манум. збудаванні — чатырохгранныя каменныя піраміды з храмам ці палацам на вяршыні. Сцены культавых будынкаў упрыгожвалі рэльефам, размалёўкай, узорыстай муроўкай. Культавая скульптура вызначалася грандыёзнасцю (статуя багіні Каатлікуэ, выш. 2,5 м). Захаваліся помнікі скульптуры 15 ст.: «Камень сонца», т.зв. каляндар ацтэкаў (базальтавы дыск дыяметрам 3,66 м і масай 24 т); выкананыя ў рэаліст. манеры каменныя галовы воінаў («Воін-арол», «Галава мерцвяка», «Смутны індзеец»), невял. каменныя і керамічныя фігуркі рабоў, дзяцей, жывёл. Па-майстэрску рабілі ацтэкі ўпрыгожанні з пер’я, паліхромную кераміку, мазаіку, вазы з абсідыяну, ювелірныя вырабы.

Да арт. Ацтэкі. Дэталь рукапіснага ліста з т.зв. «Кодэкса Барбонікус». 14—16 ст.
Да арт. Ацтэкі. Палац Мантэсумы.
Да арт. Ацтэкі. Каменная фігурка каёта.
Да арт. Ацтэкі. Статуя багіні Каатлікуэ.
Да арт. Ацтэкі. Нож ацтэкаў або міштэкаў з інкрустацыяй.

т. 2, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)