СМУ́ТА, Смутны час,
тэрмін рас. гістарыяграфіі для абазначэння падзей гасп., cau.-паліт. і дынастычнага крызісу ў Расіі канца 16 — пач. 17 ст., які быў узмоцнены замежным ваен.-паліт. умяшаннем. У сав. гістарыяграфіі ўжываліся тэрміны «Сял. вайна пач. 17 ст.», «Польская і швед. інтэрвенцыя пач. 17 ст.». Сучасныя рас. гісторыкі разглядаюць падзеі пач. 17 ст. як грамадз. вайну, ў якую былі ўцягнуты ўсе сац. групы і пласты: у фазу адкрытай узбр. барацьбы перайшлі вострыя антаганізмы паміж феадаламі і сялянамі, якія супраціўляліся запрыгоньванню (гл. Запаветныя гады); паміж казацтвам і дваранствам, дваранствам цэнтра і ўскраін, якія змагаліся за ўладу і ўплыў у краіне. Рэч Паспалітая і Швецыя імкнуліся выкарыстаць унутрырас. крызіс для вяртання страчаных у папярэдніх войнах зямель. У 1598 памёр апошні прадстаўнік дынастыі маскоўскіх Рурыкавічаў цар (з 1584) Фёдар Іванавіч. Становішча выбранага Земскім саборам цара Барыса Гадунова [1598—1605] было складаным, бо яго падазравалі ў забойстве царэвіча Дзмітрыя Іванавіча. Неўраджай і масавы голад 1601—03 пагоршылі жыццёвыя ўмовы ўсіх пластоў грамадства, асабліва сялян, што прывяло да буйных хваляванняў пад заклікам звяржэння Гадунова і перадачы ўлады «законнаму цару Дзмітрыю Іванавічу», якому нібыта ўдалося выратавацца. У 1604 пад імем царэвіча Дзмітрыя Іванавіча з поўдня ў межы Расіі, пры падтрымцы Рэчы Паспалітай, уступіў самазванец Ілжэдзмітрый I, якога падтрымала ч. баярства і гараджан. Пасля раптоўнай смерці Барыса Гадунова (1605) і забойства яго сына Фёдара Лжэдзмітрый I заняў прастол. У 1606 ён забіты змоўшчыкамі на чале з кн. Васілём Іванавічам Шуйскім, які быў выбраны новым царом [1606—10]. Шуйскі задушыў Балотнікава паўстанне 1606—07, якое адбывалася пад заклікам перадачы ўлады «зноў выратаванаму» Дзмітрыю Іванавічу. Летам 1607 з’явіўся новы самазванец Ілжэдзмітрый II, падтрыманы атрадамі магнатаў і шляхты Рэчы Паспалітай, а таксама данскімі казакамі на чале з І.М.Заруцкім. Летам 1608 ён асадзіў Маскву і авалодаў суседнімі землямі. На бок самазванца перайшла ч. баяр, дваран і духавенства. У лют. 1609 Шуйскі звярнуўся па дапамогу да Швецыі, якой прапанаваў узамен рас. землі з крэпасцямі Ям, Капор’е і Карэла. Кн. М.В.Скапін-Шуйскі ў 1609—10 пры падтрымцы швед. атрадаў нанёс паражэнні прыхільнікам Ілжэдзмітрыя II і зняў аблогу з Масквы. Саюз Расіі са Швецыяй, з якой Рэч Паспалітая была ў стане вайны, стаў зачэпкай для развязвання вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У гэтай вайне В.Шуйскі пацярпеў паражэнне і ў ліп. 1610 скінуты з трона баярскай групоўкай. Улада перайшла да т.зв. сямібаяршчыны, па ініцыятыве якой царом выбраны польскі каралевіч Уладзіслаў (гл. Уладзіслаў IV), Маскву заняў польска-літ.-бел. гарнізон. Летам 1610 адкрытую інтэрвенцыю пачала Швецыя, яе войскі ў 1611 занялі Карэлу і Ноўгарад, у 1612 — Ям, Капор’е, Арэшак, Ладагу, інш. гарады і крэпасці. Патрыят. рух пад заклікам выгнання іншаземцаў і выбрання «спрадвечнага» цара прывёў да фарміравання Першага апалчэння 1611, потым Народнага апалчэння 1612 пад кіраўніцтвам К.Мініна і Дз.Пажарскага, якое восенню 1612 вызваліла Маскву. У сак. 1613 земскі сабор выбраў царом Міхаіла Фёдаравіча Раманава, які паклаў пачатак дынастыі Раманавых. У 1613—14 на Доне і Ніжняй Волзе задушаны казацка-сял. рух Заруцкага, які прапаноўваў на рас. прастол малалетняга «царэвіча» Івана — сына М.Мнішак (дачка польскага магната, жонка Лжэдзмітрыя 1, а потым і Лжэдзмітрыя II). Паводле Сталбоўскага міру 1617 Швецыя пакінула за сабой Іжорскую зямлю і г. Карэла з паветам, Расія страціла выхад да Балт. мора. У 1617—18 адбіта спроба войск Рэчы Паспалітай захапіць Маскву. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 Расія ўступіла Рэчы Паспалітай б.ч. Смаленшчыны, Чарнігаўшчыну, Ноўгарад-Северскія і некат. інш. землі. Такім чынам, да пач. 1620-х г. рас. народ цаной вял. ахвяр у асн. пераадолеў С. і адстаяў сваю нац. дзяржаўнасць. Узмацнілася ідэя самадзяржаўя, пашырыліся настроі ізаляцыянізму, узрасло значэнне правасл. каштоўнасцей.
Літ.:
Абрамович Г.В. Князья Шуйские и Российский трон. Л., 1991;
Зимин А.А. Канун грозных потрясений: Предпосылки первой крестьянской войны в России. М., 1986;
Карамзин Н.М. История государства Российского. Кн. 3, т. 9—12. М., 1989;
Ключевский В.О. Соч.: В 9 т. Т. 3. Курс русской истории, ч. 3. М., 1988;
Костомаров Н.И. Смутное время Московского государства в начале XVII столетия, 1604—1613. М., 1994;
Платонов С.Ф. Очерки по истории смуты в Московском государстве, XVI—XVII вв. 5 изд. М., 1995;
Яго ж. Смутное время СПб., 2001;
Скрынников Р.Г. Россия накануне «смутного времени». М., 1980;
Яго ж. Социально-политическая борьба в Русском государстве в начале XVII в. Л., 1985;
Яго ж. Смута в России в начале XVII в.: Иван Болотников. Л., 1988;
Яго ж. Самозваниы в России в начале XVII в.: Григорий Отрепьев. 2 изд. Новосибирск, 1990;
Смута в Московском государстве. М., 1989;
Соловьев С.М. Соч.: В 18 кн. Кн. 4. История России с древнейших времен, т. 7—8. М., 1989.
С.В.Пазняк.
т. 15, с. 63