ЛІПАГРАМАТЫ́ЧНЫ ВЕРШ,

верш, інструментаваны такім чынам, што ў ім адсутнічае які-небудзь адзін ці некалькі гукаў (літар). Часам Л.в. ствараюць дзеля мілагучнасці. Часцей за ўсё Л.в. — гэта своеасаблівы верш-забава, які дэманструе версіфікатарскія здольнасці паэта і гукавыя магчымасці пэўнай мовы. У бел. паэзіі Л.в. надзвычай рэдкія. Адзін з нямногіх — «Матылёк» Р.​Барадуліна, у якім выразная алітэрацыя на «л» і ні разу не ўжыты гук «р»:

Лілею
     млявы
          плёс
              люляе,
З-пад злежалых
              аблок
                   здалёк
Ляціць віхлясты і бялявы
Пялёстак лёгкі —
                  матылёк.
Ён кліча у блакіт лілею —
Каб не любіла больш да слёз
Бліскучы ад лускі і глею
Самлелы, 
           абмялелы 
                       плёс.

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТРУША́ЙЦІС ((Baltrušaitis) Юргіс) (2.5.1873, в. Паантвардзіс Юрбаркскага р-на, Літва — 3.1.1944),

літоўскі паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1898). У 1920—39 паўнамоцны прадстаўнік Літвы ў СССР. З 1939 у Парыжы. Пісаў на рус. (зб-кі «Зямныя ступені», 1911, «Горная сцяжына», 1912, «Лілія і Серп», 1948) і літоўскай (зб-кі «Наваселле», 1941, «Вянок слёз», 1942, «Паэзія», 1967, і інш.) мовах. Гал. тэматыка — сэнс быцця чалавека, яго адносіны да сусвету і вечнасці. Паэзіі Балтрушайціса ўласцівыя філасафічнасць, унутр. драматызм, спалучаны з элегічнымі настроямі, шматпланавая сімволіка, самабытная структура маст. вобраза. Перакладаў на рус. мову Дж.​Байрана, Г.​Ібсена, Г.​Гаўптмана, К.​Гамсуна.

Тв.:

Лилия и Серп: Стихотворения. М., 1989.

А.​Лапінскене.

Ю.Балтрушайціс.

т. 2, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХЧЫСАРА́Й,

горад на Украіне, цэнтр Бахчысарайскага р-на ў Рэспубліцы Крым, у даліне р. Чуруксу. 25 тыс. ж. (1993). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы харч. прам-сці, вытв-сць будматэрыялаў.

Вядомы з 1502. Да 1783 сталіца Крымскага ханства. У Бахчысараі заключана Бахчысарайскае перамір’е 1681. У рус.-тур. вайну 1735—39 захоплены рус. войскамі, разбураны. У 1783 далучаны да Расіі (разам з Крымам), уваходзіў у Новарасійскую, з 1802 у Таўрычаскую губ. У 1918—54 у складзе РСФСР, з 1954 — Украіны.

Помнікі архітэктуры: Ханскі палац (16 ст., перабудаваны ў 1787, цяпер Гіст.-археал. музей), які ўключае т.зв. «Пасольскія дзверы» (1503, арх. Алевіз Фразін), фантанны дворык з «залатым фантанам» (1737) і «фантанам слёз» (1764, іранскі майстар Амер), мячэць (1740), шматлікія залы і альтанкі. У наваколлі Бахчысарая — пячорны Успенскі манастыр з царквой (14 ст.), келлямі (15—16 ст.); пячорныя гарады Эскі-Кермен, Тэпэ-Кермен і Чуфут-Кале (Кырк-Ор; цяпер археал. запаведнік) з абарончымі сценамі і брамамі, маўзалеем Джаніке-ханым (15 ст.), вял. (14 ст.) і малой (18 ст.) караімскімі кенасамі (малельнымі дамамі), пячорным жыллём (5—14 ст.).

Літ.:

Хоменко В.Н. Бахчисарай: Ист.-архитектурный музей: Фотоальбом. Киев, 1983.

Ханскі палац у Бахчысараі.

т. 2, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)