БЕЛАРУ́СКІ ТЭА́ТР «ЛЯ́ЛЬКА».

Створаны ў 1990 у Віцебску з трупы лялечнікаў, якая працавала пры Бел. т-ры імя Я.Коласа з 1986. Маст. кіраўнік В.Клімчук, гал. мастак А.Сідараў (з 1990). 20.4.1986 паказаны першы спектакль трупы «Дзед і Жораў» В.Вольскага. Як самастойны тэатр адкрыўся ў 1990 спектаклем «Казка пра Ямелю» Я.Тарахоўскай. У супрацоўніцтве з бел. аўтарамі створаны спектаклі: «Прыгоды трох парасят» Н.Мацяш, «Сказ пра Гаўрылу з-пад Полацка» П.Сіняўскага, «Іванава шчасце» А.Дыбчы (паводле бел. нар. казак), «Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка» У.Граўцова (паводле твораў Я.Баршчэўскага). Сярод інш. пастановак: «Усмешка клоуна» Я.Чапавецкага, «Казкі Андэрсена» (інсцэніроўка рэж. Я.Угрумава), «Чорная курыца» А.Пагарэльскага, «Папялушка» Я.Шварца, «Лялечнік» М.Стывенса, «Дапытлівы слонік» Р.Кіплінга, «Хлопчык-зорка» О.Уайльда. Акцёры працуюць з лялькамі розных сістэм (марыянеткі, трысцёвыя, планшэтныя, пальчатачныя).

Дз.У.Стэльмах.

т. 2, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́ЗІКЛ (ад англ. musical музычны, меладычны),

музычна-сцэнічны жанр, які спалучае разнастайныя сродкі эстр. і быт. музыкі, драм., харэаграфічнага і опернага мастацтваў. У адрозненне ад аперэты мае скразную пластычную драматургію, уключае вак.-харэаграфічныя ансамблі, можа быць і камедыяй і драмай.

Як жанр сфарміраваўся ў 1920—30-я г. ў ЗША. Яго вытокі ў традыцыях англа-амер. баладнай оперы і муз. камедыі канца 19 — пач. 20 ст. Перыяд росквіту — 1940—60-я г.: «Аклахома» Р.Роджэрса (1943), «Цалуй мяне, Кэт» К.Портэра (1948), «Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу (1956), «Вестсайдская гісторыя» Л.Бернстайна (1957), «Скрыпач на даху» Дж.Бока і «Хэло, Долі!» Дж.Германа (1964), «Чалавек з Ламанчы» М.Лі (1965) і інш. З канца 1960-х г. адбываецца крызіс жанру, звязаны з развіццём поп-музыкі і рок-оперы. У той жа час М. пашырыўся ў Еўропе. Вядомы экранізацыі М.: «Старыя на ўборцы хмелю» І.Бажанта, І.Маласека і В.Галы (Чэхаславакія, 1964), «Дзяўчаты з Рашфора» М.Леграна (Францыя, 1966), «Смешная дзяўчына» Дж.Стайна (ЗША, 1969), «Олівер» Л.Барта (Вялікабрытанія, 1970) і інш. У М. рас. кампазітараў выкарыстоўваюцца нац. традыцыі муз. т-ра, элементы рок-музыкі, песенныя жанры: «Мой брат іграе на кларнеце» А.Фельцмана (1968), «Вяселле Крачынскага» А.Колкера (1973), «Тры мушкецёры» М.Дунаеўскага, «Тыль» Г.Гладкова, «Бумбараш» У.Дашкевіча (усе 1974), «Прыгоды Бураціна» А.Рыбнікава (1975) і інш.

Сярод бел. кампазітараў у жанры М. працуюць А.Залётнеў («Валенсіянскія вар’яты» паводле Лопэ дэ Вэгі, 1983; «Дапытлівы слонік» паводле Р.Кіплінга, 1993; «Драўляны рыцар», 1994; «Сцяпан — вялікі пан» паводле А.Вольскага, 1995), А.Мдывані («Мес Менд», 1987), У.Кандрусевіч («Нявеста для Марціна», 1988; «Джулія» паводле С.Моэма, паст. 1990; «Шклянка вады», паст. 1994, усе Мінск; «Залёты» паводле В.Дуніна-Марцінкевіча, паст. 1992, Віцебск), С.Бельцюкоў («Сцяпан — вялікі пан», 1989), А.Будзько («Пітэр Пэн», паст. 1990, Мінск) і інш.

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЯКО́МЫЯ (Insecta, або Hexapoda),

надклас (клас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Найбуйнейшая група жывёл (больш за 1 млн. відаў, каля 70% ад агульнай колькасці відаў). Вядомы з сярэдняга дэвону (каля 380 млн. гадоў назад). Пашыраны ўсюды, большасць наземныя, жывуць таксама ў вадаёмах, глебе, інш. арганізмах, арган. рэштках. 2 класы (падкласы): скрытнасківічныя (Entognatha) і адкрытасківічныя (Ectognatha). Клас скрытнасківічных уключае падкласы (атр.): бязвусікавыя насякомыя, двуххвосткі і нагахвосткі; адкрытасківічных — шчацінахвостак і вышэйшых, або крылатых, Н. (Pterygota, каля 30 атр.), якіх падзяляюць на 2 групы: з няпоўным і поўным ператварэннем. У групу з няпоўным ператварэннем уваходзяць атр.: аўсянікі, багамолы, вошы, вяснянкі, клапы, палачнікі, пузыраногія, пухаеды, раўнакрылыя хобатныя, сенаеды, скурыстакрылыя, стракозы, тараканавыя, тэрміты, эмбіі, гемімерыды, грылаблатыды, зараптары, прамакрылыя; у групу з поўным ператварэннем — блохі, вееракрылыя, віслакрылыя, вярблюдкі, двухкрылыя, жукі, матылі, перапончатакрылыя, сеткакрылыя, скарпіёнавы мухі, шыцікі. На Беларусі больш за 30 тыс. відаў з 26 атр. (найб.: блохі, двухкрылыя, жукі, клапы, матылі, перапончатакрылыя, пузыраногія, раўнакрылыя хобатныя, стракозы, шыцікі). У Чырв. кнізе Беларусі 79 відаў з 16 атрадаў.

Даўж. ад 0,2 мм (наезнікі-яйцаеды) да 33 см (трапічныя палачнікі). Цела членістае, укрыта кутыкулай (утварае вонкавы шкілет) і адчувальнымі ўтварэннямі — сэнсіламі; падзелена на галаву, грудзі і брушка. Галава нясе ротавыя органы (грызучага, сысучага, колюча-сысучага або ліжучага тыпу), простыя і пару складаных (фасетачных) вачэй, пару вусікаў — антэн. Грудзі з 3 членікаў (пярэдня-, сярэдня- і заднягрудзі), якія нясуць па пары членістых ног і ў большасці відаў 1—2 пары перапончатых крылаў (на сярэдне- і заднегрудзях). Брушка з некалькіх (да 11) сегментаў, у многіх Н. мае канцавыя прыдаткі (джалы, яйцаклады, цэркі). Поласць цела другасная. Будова органаў стрававання залежыць ад тыпу корму. Крывяносная сістэма незамкнёная, рух крыві (гемалімфы) забяспечваецца пульсуючым аддзелам спіннога сасуда — сэрцам. Органы дыхання — сістэма трубачак (трахей), праз якія паветра непасрэдна дасягае тканак і клетак цела, у водных лічынак — шчэлепы. Развіты эндакрынныя, пахучыя, слінныя, воска- і шоўкааддзяляльныя, ядавітыя і інш. залозы. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена мальпігіевымі сасудамі, ц. н. с.т.зв. галаўным мозгам, падглотачным гангліем і брушным ланцужком тулаўных гангліяў. Валодаюць зрокам, нюхам, слыхам, дотыкам, смакам і гігратэрмічным пачуццем. Паводзіны разнастайныя і складаныя. Большасць Н. раздзельнаполыя, з выяўленым палавым дымарфізмам. Развіццё з метамарфозам — няпоўным (уключае 3 стадыі: яйцо, лічынка, або німфа, і дарослае Н., або імага) ці поўным (паміж лічынкай і імага — стадыя кукалкі).

Н. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у біясферы (выкарыстоўваюць разнастайныя кармы і самі з’яўляюцца кормам для многіх арганізмаў, выконваюць сан. функцыю), у глебаўтварэнні, апыляюць расліны. Многія Н. — шкоднікі раслін (гл. Шкоднікі збожжа і збожжапрадуктаў, Шкоднікі лесу, Шкоднікі сельскагаспадарчых культур), паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (напр., крывасмокі). Некат Н. выкарыстоўваюць для атрымання харч., лек. рэчываў, тэхн. сыравіны (напр., пчол, шаўкапрадаў), у біял. ахове с.-г. і лясных раслін (напр., божых каровак, жужаляў, наезнікаў). Вывучае Н. энтамалогія.

Літ.:

Яхонтов В.В. Экология насекомых. 2 изд. М., 1969;

Бей-Биенко Г.Я. Общая энтомология. 3 изд. М., 1980;

Фабр П.Ж.А. Инстинкт и нравы насекомых: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1993;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984.

А.М.Петрыкаў.

Да арт. Насякомыя: 1 — нагахвостка паранана; 2 — шчацінахвостка тармобія хатняя; 3 — багамол звычайны; 4 — клоп шчаўевы; 5 — конік пеўчы; 6 — гладыш звычайны; 7 — цыкада ліхтарніца кітайская; 8 — слонік-зелянушка; 9 — страказа пляскатая; 10 — матыль еўрытыдас; 11 — амафіла пясчаная; 12 — муха палявая; 13 — сколія-гігант.

т. 11, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)