сямейства падатр. разнаедных жукоў. 2 аддзелы: даўгахобатныя (Phanerognatha; найб. старажытныя паявіліся ў раннім мезазоі), караткахобатныя (Adelognatha; узніклі ў сярэдзіне мезазою). Да 45 тыс. відаў. Трапляюцца на раслінах, у гнілой драўніне, каля вады. На Беларусі 395 відаў, пераважаюць даўгахобатныя; найб. распаўсюджаны: бураковы даўганосік, свірнавы даўганосік, канюшынавы семяед (Apion apricans), скрытнахобатнік каранёвы капусны (Ceutorrhynchus pleurostigma), С. клубеньчыкавы (Sitona), а таксама кветаеды — яблыневы (Anthonomus pomorum), малінавы (A. rubi); у лясах С. вял. хваёвы (Hylobius abietis), смалёўка хваёвая (Pissodes pini), пладажыл арэхавы (Curculio nucum).
Даўж. ад некалькіх да 60 мм (у тропіках). Цела — ад шара- да палачкападобнай формы, укрытае валаскамі або лусачкамі, якія ўтвараюць стракаты малюнак. Галава выцягнута ў галаватрубку, на канцы якой грызучыя ротавыя органы. У даўгахобатных С. галаватрубка даўжэйшая за галаву, іншы раз за ўсё цела, тонкая, часта патончаная на канцы. У караткахобатных С. галаватрубка не даўжэйшая за асн.ч. галавы, амаль заўсёды простая, не патончаная на канцы. Крылы ў большасці добра развітыя, многія караткахобатныя С. іх не маюць. Лічынкі бязногія, белыя, укрытыя рэдкімі валасамі, з жоўта-карычневай галавой і грызучымі сківіцамі. Жукі і іх лічынкі кормяцца травяністымі і дрэвава-кустовымі раслінамі. Шкоднікі многіх культур, расл. прадуктаў і тэхн. драўніны.