Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫПІ́ЦА,
рака ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 36 км. Пл. вадазбору 360 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПдУ ад в. Лагвошчы, вусце за 2 км на ПнЗ ад в. Перароў. Асн. прытокі Гніліца і Навуць (злева). Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Даліна на ўсім працягу невыразная. Пойма роўная, на невял. участку ў сярэднім цячэнні ўзгорыстая. Рэчышча ад вытоку на працягу амаль 25 км каналізаванае, злучае ланцуг невял. старычных азёр у пойме р. Прыпяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫПІ́ЦА, млечнік апушаны (Lactarius vellereus),
шапкавы базідыяльны грыб сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у хвойных і мяшаных лясах (часцей у ельніках).
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка спачатку плоская, потым лейкападобная з загнутым уніз хвалістым краем, дыяметрам 7—20 см, тонкаапушаная, сухая, белая, з бураватым адценнем. Мякаць з млечным сокам, белая, потым жаўтаватая, шчыльная, горкая на смак. Пласцінкі белаватыя, каротка-зыходныя. Ножка цыліндрычная, суцэльная, гладкая, выш. да 7 см. Споры бясколерныя, авальныя. Ядомая. Гл.іл. да арт.Млечнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНІ́ЛІЦА,
рака ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р.Скрыпіца (бас. Прыпяці). Даўж. 26 км. Пл. вадазбору 285 км². Пачынаецца ад водаразмеркавальніка каля зліцця каналаў Страявы і Жыткавіцкі. Цячэ па цэнтр.ч. Прыпяцкага Палесся. Рэчышча ад вытоку на працягу 11,6 км каналізаванае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЕ́ЧНІК (Lactarius),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. сыраежкавых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі 42 віды. Найб. вядомыя М.: белы, або бялянка (L. pubescens), горкі, або гаркуха (L. rufus), грузд чорны (L. necator), ружовы, або ваўнянка (L. torminosus), скрыпіца (L. vellereus), смачны, або рыжык (L. deliciosus). Трапляюцца з ліп. па кастр. у лясах, на ўзлесках і лугах, дзе ёсць карані дрэў. Утвараюць «ведзьміны кольцы».
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка белая, шэрая да ружавата-ліловай, карычневая. дыям. да 25 см, звычайна правільна-круглаватая з загорнутым ці апушчаным уніз краем, не аддзяляецца ад ножкі. Пласціны прырослыя або зыходныя. Ножка шчыльная або рыхлая, часта ўнутры полая. Мякаць белая, палевая, з млечным сокам (сістэм. адзнака). Споры авальныя або шарападобныя, белыя ці жаўтаватыя. Усе віды ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ВУЦЬ, Роў,
рака ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р.Скрыпіца (бас.р. Прыпяць). Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 269 км². Пачынаецца за 3,5 км на ПнЗ ад в. Навуць, вусце за 3,8 км на Пд ад в. Пасека. Даліна невыразная, рэчышча ад вытоку на працягу 22 км каналізаванае. Водапрыёмнік меліярац. каналаў. Выкарыстоўваецца для напаўнення вадой сажалак рыбгаса «Чырвоная Зорка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫ́ПКА (стараслав.скрыпіца ад скрыпець, рыпець),
4-струнны смычковы муз. інструмент. Найб. высокі па тэсітуры сярод скрыпічных інструментаў, да якіх адносяцца таксама альт і віяланчэль. Агульная даўжыня С. каля 600 мм. Яе авальны корпус з выразамі па баках («талія») складаецца з 2 злёгку выпуклых драўляных пласцін — дэк, замацаваных абечкам. Дыяпазон больш за 4 актавы (g—c5). Гук здабываецца смыкам, зрэдку шчыпком (pizzicato); ужываюцца і флажалеты (вылучэнне асобных абертонаў лёгкім дакрананнем пальца ў месцы парцыяльнага падзелу струны). Існуюць прыёмы змены тэмбру. С. мае выразны маляўнічы гук, багатыя тэхн. магчымасці, з’яўляецца асновай сімфанічнага аркестра, многіх відаў камерных ансамбляў, адзін з самых папулярных сольных інструментаў.
Як прафес муз. інструмент выкарыстоўваецца з канца 15 ст. Да гэтага часу ў Польшчы закончыўся працэс фарміравання т.зв. «перадкласічнага» тыпу С. На працягу 15—16 ст. з улікам нар. вопыту па вырабе С. і ўдасканалення іх майстрамі Італіі, Польшчы і Францыі выпрацавана класічная С. У 16—18 ст. у розных краінах Еўропы склаліся буйныя школы майстроў па вырабе С.: Дж.П.Маджыні, А. і Н. Амаці, Дж.Гварнеры дэль Джэзу, А.Страдывары, Дж.Б.Гваданьіні, А.Гальяна ў Італіі; М.Гробліч, Б.Данкварт у Польшчы; Я.Штайнер, сям’я Клоц у Германіі і інш. Канструкцыя С. канчаткова акрэслілася ў творчасці італьян. майстроў. Сярод найб. вядомых майстроў 19 ст.: Ж.Б.Вільём у Францыі, браты Хіл у Вялікабрытаніі, І.А.Батаў у Расіі. У 20 ст. вылучаюцца інструменты рас. скрыпічных майстроў Я.Ф.Вітачака, Г.А.Марозава, Ц.П.Падгорнага, М.М.Фралова, Д.П.Тамашова і інш. У 17—18 ст. склаліся скрыпічныя жанры, у т. л. сольныя саната і канцэрт. Сольнае скрыпічнае выканальніцтва паўплывала на фарміраванне нац. школ: італьян. (А.Вівальдзі, Ф.Джэмініяні, П.Лакатэлі, Дж.Тарціні, Г.Пуньяні), франц. (Ж.Б.Люлі, Ж.М.Леклер, П.Гавінье, Дж.Б.Віёці), польскай (А.Яжэмбскі, Ф.Дураноўскі, Ф.Яневіч), чэшскай (Ф.Бенда, Я.Стаміц, П. і А. Враніцкія), ням (І.Вальтэр, І.Вестгоф), аўстр. (Г.І.Ф.Бібер, К.Дзітэрсдорф). У 19 ст.вял. ролю ў развіцці скрыпічнага выканальніцтва адыграла творчасць італьянца Н.Паганіні. Сярод вядомых рас. скрыпачоў 20 ст. Л.Коган, Д.Ойстрах, В.Клімаў, В.Траццякоў і інш.
На Беларусі (паводле даследаванняў В.Грыгор’ева) ужо ў 14 ст. былі пашыраны 3-струнныя смычковыя інструменты пад назвай «скрыпіца», «скрыпель», настроеныя па квінтах, з многімі прыкметамі С. Першыя ўпамінанні С. ў бел. пісьмовых помніках — найб. раннія ў Еўропе. Сярод бел. майстроў 19 ст. па вырабе С.: Сянкевіч з Рэчыцы, З.Навіцкі з Мінска; у 20 ст. — А.Чайкоў, У.Крайко і інш.Прафес. скрыпічнае выканальніцтва на Беларусі вядома з 18 ст.: Л.Сітанскі (Гродна), Ф.Стамплоўскі (Слонім), Я.Ценціловіч і Мацей з Карэліч (Нясвіж). Сярод бел. скрыпачоў 19 — пач. 20 ст.: І.Дабравольскі, М.Ельскі, К.Кжыжаноўскі, Н.Рубінштэйн, Я.Чыжэўскі, Б.Юзафовіч, у 20 ст. — А.Амітон, С.Асновіч, М.Браценнікаў, А.Бяссмертны, Л.Гарэлік, Ю.Гершовіч, Г.Клачко, А.Крамароў, В.Сарока і інш. Сярод лепшых твораў бел. кампазітараў для С. канцэрты Г.Гарэлавай, П.Падкавырава, Дз.Смольскага, Р.Суруса, санаты А.Багатырова, Э.Тырманд, мініяцюры Л.Абеліёвіча, Г.Вагнера, Я.Глебава, У.Дарохіна, М.Чуркіна і інш. У нар. побыце С. цесна звязана з традыц. земляробчымі і сямейнымі абрадамі, ігрышчамі, вечарынкамі, бяседамі, паказамі нар.т-ра батлейка. С. — адзін з найб. любімых інструментаў беларусаў, пра яе складзены казкі, легенды, загадкі, песні. Выкарыстоўваюцца С. фабрычныя і самаробныя. Нар. тэхніка ігры на С. мае асаблівасці, абумоўленыя спосабам трымання інструмента і вядзення смычка, выкарыстаннем пераважна 3 струн. Сярод скрыпічных майстроў 20 ст.: І.Дударэвіч (г. Баранавічы Брэсцкай вобл.), У.Жукоўскі (в. Пухавічы Мінскай вобл.), В.Шышко (в. Бершты Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.) і інш.; нар. скрыпачоў — П.Жаканаў (в. Вярбоўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.), В.Малыш (пас. Забіяка Гомельскага р-на), М.Семянчук (в. Гарадзец Столінскага р-на Брэсцкай вобл.), П.Тупіцын (в. Кашаны Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.), М.Тысевіч (в. Аброва Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), М.Шкадун (в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.) і інш.
Літ.:
Витачек Е.Ф. Очерки по истории изготовления смычковых инструментов. 2 изд. М 1964;
Ямпольский И. Русское скрипичное искусство. Т. 1. М.; Л., 1951;
Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ТКАВІЦКІ РАЁН,
на З Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,9 тыс.км². Нас. 51,2 тыс.чал. (1997), гарадскога 41,5%. Сярэдняя шчыльнасць нас. 17,7 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Жыткавічы; г.п. Тураў, 108 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Азяранскі, Браніслаўскі, Верасніцкі, Дзякавіцкі, Ленінскі, Людзяневіцкі, Марохараўскі, Мілевіцкі, Перароўскі, Руднянскі, Рычоўскі, Чырвоненскі, Юркевіцкі.
Тэр. раёна ў межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня нізінная, плоская, забалочаная, мае нахіл з Пн на Пд да даліны р. Прыпяць. Амаль уся тэр. на выш. 120—145 м. Найвыш. пункт 184,1 м (на У, ва ўрочышчы Бялёва каля в. Бялёў). Карысныя выкапні: буры вугаль, сапрапель, торф, пяскі, гліны, каалін, пясчана-жвіровыя сумесі, гаручыя сланцы, граніт, гнейсы акварцаваныя. Сярэдняя т-растудз. -5,9, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 584 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Гал. рэкі: Прыпяць з прытокамі Случ, Скрыпіца з Навуццю, Сцвіга, Свінавод. Азёры Чырвонае і Белае. Пераважаюць глебы поймавыя (26,7%), тарфянабалотныя (26%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (20,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (16,7%). Пад лесам 56,3% тэр.Найб. лясістасць на Пн, З і У; лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і дубовыя. Балоты займаюць 2,5% тэр.Найб. балотныя масівы Булеў Мох, Межч, Смалярня і інш.Пд раёна заняты Прыпяцкім нацыянальным паркам. Заказнікі: біялагічныя Жыткавіцкі, «Нізоўе Случы», Ленінскі паляўнічы. Помнік прыроды — Вятчынскае насаджэнне рададэндрану жоўтага (пантыйская азалія).
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,6 тыс.га, з іх асушана 33,5 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 11 калгасаў, 6 саўгасаў, рыбныя гаспадаркі «Белае» і «Чырвоная зорка». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля.
Вырошчваюць збожжа і бульбу. Прадпрыемствы лясной (лясгас, Тураўскі леспрамгас), тарфяной (Жыткавіцкі торфабрыкетны завод), металаапр. (маторабуд. з-д, «Пратон»), харч. (цэх малочнай прадукцыі і кансервавы з-д у Тураве, масларобчы з-д, рыбазавод «Чырвонапалескі» ў в. Пухавічы), буд. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Брэст—Гомель і аўтадарогі Брэст—Гомель, Мінск—Мікашэвічы, Жыткавічы—Столін. Суднаходства па р. Прыпяць. У раёне 20 сярэдніх, 16 базавых, 13 пачатковых школ, прафес.-тэхн. вучылішча, 31 дашкольная ўстанова, 67 клубаў, 61 б-ка, 4 бальніцы, 5 паліклінік, 35 фельч.-ак. пунктаў. Тураўскі краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Усясвяцкая царква (1810) і помнік Кірылу Тураўскаму (1993) у г.п. Тураў.