Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СКА́РГА,
1) выказванне незадаволенасці з нагоды якіх-н. непрыемнасцей, болю і да т.п.
2) Афіц. заява з просьбай аб устараненні якой-н. несправядлівасці, недакладнасці і г.д. Працэсуальнаму заканадаўству вядомы С. касацыйная, прыватныя, наглядныя, у якіх аспрэчваецца правільнасць і законнасць вынесеных судовых прыгавораў, вызначэнняў, пастаноў. Парадак разгляду такіх С. рэгламентуецца адпаведнымі нормамі права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКА́РГА (Павенскі) Пётр
(люты 1536, г. Груец Мазавецкага ваяв., Польшча — 12.9.1612),
царкоўны і паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай; пачынальнік польскай аратарскай прозы. Скончыў Кракаўскую акадэмію (1555), удасканальваў адукацыю ў Рыме. З 1569 чл. ордэна езуітаў. З 1574 у ВКЛ. Заснавальнік і першы рэктар (1579—84) Віленскай езуіцкай акадэміі. Заснаваў Полацкі езуіцкі калегіум, калегіумы ў Рызе і Дэрпце (цяпер Тарту, Эстонія). Вёў актыўную барацьбу супраць Рэфармацыі. Дзякуючы аратарскаму таленту заўсёды перамагаў сваіх апанентаў у дыспутах. Здолеў вярнуць уплывовага прыхільніка кальвінізму М.К.Радзівіла (Сіротку) у каталіцызм. З 1584 у Кракаве, з 1588 прыдворны прапаведнік караля Жыгімонта III Вазы. Ініцыятар і прапагандыст Брэсцкай уніі 1596. Аўтар рэліг.-паліт. твораў «Пра еднасць Божай царквы» (1577), «Жыціі святых» (1579), «Брэсцкі сінод» (1597), «Сеймавыя казанні» (1600), «На трэны і лямонт Тэафіла Арталога» (1600) і інш. Выступаў за моцную цэнтралізаваную дзяржаву на чале з каралём з абсалютнай уладай; аднак дзеянні манарха, на яго думку, павінны абмяжоўвацца правам і радай. Разам з тым паліт. ідэалам лічыў тэакратыю, пад якой разумеў кіраванне царк. улады пры дапамозе караля. Абгрунтоўваў ідэю царк. уніі для ўмацавання духоўнага адзінства дзяржавы. Рэзка крытыкаваў анархізм і разбэшчанасць шляхты, яе класавы эгаізм, сац. няроўнасць і прыгнёт сялянства. Папярэджваў, што прамаруджванне з рэформамі па цэнтралізацыі дзяржавы можа прывесці да падзення Рэчы Паспалітай. У 19 ст. С. разглядаўся польскай інтэлігенцыяй як прарок трагічнага лёсу краіны. Творы С., у т. л. «Брэсцкі сінод» і «Абарона Брэсцкага сінода», пераклаў на бел. мову і выдаў І.Пацей пад агульнай назвай «Апісанне і абарона сабору рускага брэсцкага» (1597).
Тв.:
Pisma wszystkie. T. 1—4. Warszawa, 1923—26.
Літ.:
Шалькевіч В.Ф. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі. Мн., 1999;
Tazbir I. Piotr Skarga: szermierz kontrreformacji. 2 wyd. Warszawa, 1983.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Павенскі, гл.Скарга П.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЛА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,
сацыяльна-бытавая нар. пазаабрадавая лірыка; песні бурлакоў. Расказвалі пераважна пра горкую долю бурлака. Бурлацкія песні зліліся з батрацкімі песнямі, якім уласцівы тая ж скарга на цяжкае жыццё і сац. пратэст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ХЕМ, Грэм (Graham) Марта (11.5.1894, г. Пітсбург, ЗША — 2.4.1991), амерыканская танцоўшчыца, харэограф, педагог; адна з яркіх прадстаўніц танца мадэрн. Ганаровы д-р мастацтвазнаўства Гарвардскага ун-та (1966). Вучылася ў школе Р.Сен-Дэні і Т.Шоўна (1916—23), танцавала ў ёй. У 1927 стварыла ў Нью-Йорку Школу сучаснага танца Грэхем (буйнейшы цэнтр танца мадэрн), у 1929 — трупу «Грэхем данс груп», з якой выступала да 1971. Выпрацавала ўласны стыль рытмапластычнага танца, які вылучаецца экспрэсіяй і сцэн. выразнасцю. Выступала з сольнымі нумарамі ва ўласных пастаноўках: «Скарга» (1930) і «Амерыканскія правінцыялы» (1934) на муз. Л.Хорста, «Вясна ў Апалачах» (1944) на муз. А.Копленда, «Пячора сэрца» С.Барбера (1947), «Клітэмнестра» (1958) і «Люцыфер» (1975) Эль Дабха, «Спакушэнне месяца» на муз. Б.Бартака (1986) і інш. Сярод яе вучняў і паслядоўнікаў Дж.Батлер, М.Канінгем, Н.Морыс, Р.Норт, Г.Сакалова, П.Тэйлар, Г.Тэтлі, А.Эйлі.
Літ.:
Terry W. Frontiers of dance: the life of Martha Graham. New York, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. appellatio зварот, скарга),
у праве многіх краін абскарджанне прыгавораў ці інш.суд. рашэнняў па крымін. і цывільных справах, якія не набылі законнай сілы. Апеляцыйны суд нанава даследуе сабраныя доказы па справе і мае права або зацвердзіць раней прынятае рашэнне, або вынесці новае. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь не прадугледжвае апеляцыі, а перагляд суд. рашэнняў (прыгавораў), якія не набылі законнай сілы, адбываецца ў касацыйным парадку (гл.Касацыя).
2) У пераносным сэнсе — просьба падтрымаць у чым-н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРПЕЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. interpellatio перапыненне прамовы, скарга),
своеасаблівы від запытання члена парламента да ўрада пра яго агульную паліт. лінію ці дзеянні асобных міністраў. Ад звычайных запытанняў адрозніваецца тым, што патрабуе адказу асобы, да якой звернута, у вызначаны тэрмін, абмеркавання і прыняцця парламентам рэзалюцыі. Напр., у 1922—30 правам унясення І. шырока карысталіся дэпутаты пасольскіх клубаў Беларускай сялянска-рабочай грамады і «Змагання».
Літ.:
Інтэрпеляцыі беларускіх паслоў у польскі сойм 1922—1926 гг.Мн., 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТРА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,
песні батракоў, парабкаў, наймітаў у памешчыцкіх або кулацкіх гаспадарках; сацыяльна-бытавая нар. пазаабрадавая лірыка. Змест іх — скарга на гаротнае жыццё, цяжкую працу, здзекі гаспадара, сац. пратэст. Глыбінёй пачуцця вылучаюцца песні парабчанкі-сіраты, вымушанай жыць на «служэбным хлебе», што ела «ў сенцах за дзвярмі, аблівалася слязьмі», і наогул найміткі, бо яе хлеб таксама горкі («хто яго ўкусіць, той плакаці мусіць»). Батрацкія песні ўвабралі ў сябе больш раннія бурлацкія і некаторыя прымацкія песні, блізкія да іх сац. гучаннем.