Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛІРО́ЎКА (ад лац. oculus вока),
спосаб прышчэплівання раслін роставай пупышкай (вочкам). Найб. пашыраны спосаб размнажэння многіх пладовых дрэў. Спячым вочкам часцей за ўсё прышчэпліваюць сеянцы дзікіх відаў і культурных сартоў. Акуліроўка патрабуе найменшага расходу прышчэпачнага матэрыялу і забяспечвае адносна высокую прыжывальнасць прышчэпак. Прышчэпа прыдатная да акуліроўкі ў час летняга руху сокаў (ліпень—жнівень), калі ў раслін добра адстае кара. У першую чаргу акуліруюць костачкавыя культуры, потым грушу, насенныя прышчэпы яблыні і апошнімі — клонавыя прышчэпы.
Акуліроўка: а — паўмесяцавы надрэз кары прышчэпы; б — падоўжны разрэз кары; в — пачатак зрэзу шчытка з пупышкай; г — размяшчэнне шчытка пад кару; д — абцісканне кары пасля размяшчэння шчытка; е — пачатак абвязкі; ж — паслядоўнасць абвязкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЛЕ́Я (Lilium),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 90 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. Уведзены ў культуру да н.э. Больш за 2 тыс. сартоў. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. кучаравая. або царскія кучары, ці саранка (L. martagon, нар. назвы галубіныя званочкі, кульчыкі, рэхлікі), занесена ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў лісцевых, хвойных і хвойна-шыракалістых лясах. З інтрадукаваных відаў найб. вядомыя Л. беласнежная (L. candidum), шафранавая (L. croceum), даурская (L. pensylvanicum), леапардавая (L. pardalinum), царственная (L. regale) і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны. Цыбуліны з сакавітых незамкнёных лускавінак, яйцападобныя. Сцёблы прамыя, слаба галінастыя, апушаныя ці голыя. Лісце лінейнае, ланцэтнае, сядзячае, у кальчаках або чаргаванае. У некат. Л. у пазухах лісця ўтвараюцца паветраныя цыбулінкі-бульбачкі для вегетатыўнага размнажэння. Кветкі дыяметрам 13—15 см, правільныя, белыя, жоўтыя, чырв., аранжавыя, рознай формы (званочкавыя, зоркавыя, трубчастыя, лейка-, чалма- і чашападобныя), духмяныя або без паху, у гронках, зрэдку адзіночныя. Плод — каробачка. Дэкар., фарбавальныя, меданосныя, харч., лек. і эфіраносныя расліны.
Да арт.Лілея: 1 — агульны выгляд. Гібрыдныя сеянцы беларускай селекцыі: 2 — Голуб міру; 3 — Сонейка; 4 — Нарачанка; 5 — Цікавая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦЦЁВЫЯ ФО́РМЫ,
1) у жывёл — група асобін, што маюць падобныя морфаэкалагічныя прыстасаванні для пражывання ў аднолькавым асяроддзі. Характэрна змена Ж.ф. у антагенезе для відаў, развіццё якіх ідзе з метамарфозам (ад лічынкі да дарослага насякомага). У аснове класіфікацыі жывёл — асаблівасці размнажэння, эколага-марфал. прыстасаванні, спосабы перамяшчэння, здабычы ежы і яе характар, аднесенасць да ландшафту, ступень актыўнасці і інш. 2) Ж.ф. ў раслін — вонкавы выгляд (габітус), які адлюстроўвае іх прыстасаванасць да ўмоў асяроддзя; адзінка экалагічнай класіфікацыі. Складаюцца ў выніку натуральнага адбору ў пэўных умовах асяроддзя. Ж.ф. груп раслін адлюстроўваюць іх прыстасаванасць да рассялення і замацавання на тэрыторыі, да найб. поўнага выкарыстання ўсяго комплексу ўмоў месцазнаходжання. Змяняецца ў антагенезе (напр., аднагадовыя сеянцы елкі або дуба яшчэ не маюць формы дрэва), таму пад Ж.ф. класіфікацыйнай адзінкай лічыцца сукупнасць дарослых асобін. Адзін і той жа від раслін у розных умовах можа мець розныя Ж.ф. (дуб, елка, ядловец і інш. ў лясной зоне або лясным поясе гор — высакастволыя дрэвы, а на паўн. і вышыннай межах арэала — кусты або сланікі). У класіфікацыю можа ўваходзіць група раслін з падобнымі прыстасавальнымі структурамі, не абавязкова звязаных роднасцю (напр., кактусы і некат. малачаі ўтвараюць формы сцябловых сукулентаў). Тэрмін Ж.ф. прапанаваў дацкі батанік І.Э.Вармінг (1884). Пры гэтым ён разумеў форму, у якой вегетатыўнае цела расліны знаходзіцца ў гармоніі з навакольным асяроддзем на працягу ўсяго жыцця, ад насення да адмірання. Найб. пашырана класіфікацыя Ж.ф., прапанаваная дацкім батанікам К.Раўнкіерам (1905, 1907), які вылучае 5 асн. Ж.ф. (гл.Сістэма Раўнкіера). Змяненні Ж.ф. выкарыстоўваюцца для работ па інтрадукцыі раслін.