ПРЫШЧЭ́ПА,

расліна ці яе частка, на якую прышчэпліваюць частку інш. расліны — прышчэпак. Выкарыстоўваюць П. насеннага (сеянцы, дзічкі) і вегетатыўнага паходжання (клонавыя П.). Праз П. ажыццяўляецца мінер. жыўленне і водазабеспячэнне, яна ўплывае на хуткасць росту, скараспеласць, урадлівасць, устойлівасць да хвароб і інш. якасці прышчэпленай расліны. П. павінна сумяшчацца з прышчэпкам і прыстасоўвацца да мясц. глебава-кліматычных умоў, лёгка прыжывацца пасля перасадкі. Найб. пашыраныя П. для яблыні — сеянцы яблыні лясной, Антонаўкі звычайнай, клонавыя П. для грушы — сеянцы дзікай лясной грушы, клонавыя П., (айва А, айва С); для слівы — алыча. Гл. таксама Прышчэпліванне.

т. 13, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)