Серэнада 9/90, 498; 10/157

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРЭНА́ДА (франц. sérénade, італьян. serenata ад sera вечар),

1) вячэрняя песня пад акампанемент лютні, мандаліны ці гітары, звернутая да каханай. Узнікла ў Італіі, пашырылася ў паўд.-раманскіх народаў. Пазней стала жанрам камернай вак. музыкі. Сярод вядомых камерных вак. С. «Начны зефір» М.​Глінкі, «Пецярбургскія серэнады» А.​Даргамыжскага, «Серэнада Дон Жуана» П.​Чайкоўскага, «Вячэрняя серэнада», «Ранішняя серэнада» Ф.​Шуберта.

2) Інструментальны муз. твор у 17—20 ст., блізкі да дывертысмента, накцюрна, касацыі. Найб. вядомыя «Хафнераўская серэнада» і «Маленькая начная музыка» В.​А.​Моцарта, «Італьянская серэнада» Х.​Вольфа, «Серэнада для струннага аркестра» Чайкоўскага.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 14, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬБА (правансальскае alba літар. світанне),

жанр сярэдневяковай куртуазнай лірыкі; ранішняя песня пра тайнае начное любоўнае спатканне. Склалася ў трубадураў. Формаю пераважна страфічна аформлены дыялог. Параўн. «серэна» — «вячэрняя песня» — запрашэнне на спатканне (гл. Серэнада).

т. 1, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТРА́ДА (італьян. intrada літар. уступ),

невялікая інструментальная п’еса, якая выконвае функцыю ўступу да розных цырымоній ці да муз. твора. Найб. пашырана ў 16—18 ст. Тыповыя рысы: маршавы рытм, фанфарны характар мелодыкі, выкарыстанне медных духавых інструментаў. Часам замяняла уверцюру ў муз.-сцэн. спектаклях. Уваходзіць у інстр. цыкл (пераважна сюіту), часта як уступленне («Серэнада» для фп., скрыпкі і альта Л.​Бетховена). У 20 ст. І. адраджаецца з узмацненнем цікавасці да старадаўніх жанраў («Чатыры нарвежскія ўражанні» І.​Стравінскага).

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НЦА (Lanza) Марыо. [сапр. Какоца

(Cocozza) Альфрэда; 31.1.1921, г. Філадэльфія, ЗША — 7.10.1959], амерыканскі спявак (тэнар); прадстаўнік школы бельканта. Па нацыянальнасці італьянец. Валодаў голасам рэдкай сілы і прыгажосці. Дэбютаваў у 1942 у партыі Фентана («Віндзорскія кумачкі» О.​Нікалаі) у пастаноўцы С.​Кусявіцкага на Танглвудскім фестывалі (каля г. Бостан). З 1946 гастраліраваў як канцэртны спявак, выступаў у опернай трупе Новага Арлеана. Сярод партый: Каварадосі, Пінкертон («Тоска», «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні),

Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі). Зняўся ў муз. фільмах «Вялікі Каруза», «Серэнада», «Улюбёнец Нью-Йорка» і інш.

М.Ланца.

т. 9, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМО́ЛЬСКІ Аляксандр Браніслававіч (н. 25.5.1952, Мінск),

бел. кампазітар. Сын Б.​С.​Смольскага. Скончыў Бел. кансерваторыю (1977, кл. Я.​Глебава), у 1972—81 працаваў у ёй. З 1991 у Бел. ун-це культуры. Працуе ў розных жанрах. Музыцы ўласцівы меладызм, экспрэсіўнасць, яркасць аркестроўкі, арган. спалучэнне фалькл. пачатку з сучаснымі выразнымі сродкамі. Сярод твораў: опера «Крэпасць» (1990), аперэта «Вясенняя серэнада» (канцэртнае выкананне 1987), творы для сімф. аркестра, нар. аркестра, у т. л. «Канцэрт-паэма для цымбалаў і аркестра» (1986), творы для фп., вак. цыклы і інш.

Л.​А.​Лявонава.

т. 15, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТКАЧ Уладзімір Міхайлавіч (н. 27.5.1956, Мінск),

бел. баяніст, кампазітар, аранжыроўшчык. Засл. арт. Беларусі (2001). Скончыў Бел. кансерваторыю (1982). З 1980 саліст Дзярж. акад. нар. аркестра імя І.​Жыновіча, адначасова з 1984 у складзе трыо баяністаў пры аркестры. Сярод твораў: вальс-мазурка (1976), муз. карцінка «Ясь і Яніна» (1992), для дуэта гармонікаў у суправаджэнні аркестра «Гармонік-частушка» (2000), для нар. арк. «Серэнада», рапсодыя «Вочы чорныя» з арк. (абодва 2001), уверцюра «Святочны рэверанс», п’еса-экспромт «Натхненне» (абедзве 2002) і інш., а таксама аранжыроўкі і канцэртныя апрацоўкі нар. мелодый для трыо баянаў і інш.

М.​Р.​Солапаў.

т. 15, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕР (Miller) Глен (1.3.1904, г. Кларында, ЗША — 16.12.1944),

амерыканскі трамбаніст, аранжыроўшчык, кіраўнік джаз-аркестраў. У 1924—26 вучыўся ва ун-це Каларада, у 1932—35 удасканальваўся ў Дж.​Шылінгера (кампазіцыя, аранжыроўка). З 1921 іграў у джаз-аркестрах. У 1935 разам з Р.​Ноўблам арганізаваў аркестр, вядомы т.зв. мілераўскім гучаннем (увёў кларнет і тэнарсаксафон у актаву, паміж партыямі якіх размешчаны партыі інш. інструментаў групы язычковых духавых). У 1938 стварыў уласны аркестр, сусветна вядомы пасля ўдзелу ў кінафільме «Серэнада сонечнай даліны» (1941) з яго музыкай. З 1942 з арганізаваным ім Аркестрам ВПС выступаў на фронце і па радыё. Яго творчасці прысвечаны фільм «Гісторыя Глена Мілера» (1954).

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУ́РМАН Аляксандр Маркавіч (н. 18.10.1963, Мінск),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Бел. харэагр. вучылішча (1981). З 1981 саліст Нац. акад. т-ра балета Беларусі. Творчасці Ф. ўласцівы тонкі артыстызм, унутраны тэмперамент, глыбокае пранікненне ў характар персанажа, шчырасць, пачуццё гумару, тэхнічнасць. Сярод партый: Філіп («Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава), сыны («Крылы памяці» У.​Кандрусевіча), Шынкар («Кругаверць» А.​Залётнева), Макбет («Макбет» В.​Кузняцова), Эспада і Гамаш («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Абат («Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Драсельмеер, Дэзірэ, Ротбарт, Юнак («Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага, «Серэнада» на муз. Чайкоўскага), Бог і Д’ябал («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Меркуцыо, Парыс («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Тарэадор («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына) і інш.

Літ.:

Мушынская Т. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993. С. 90—92.

т. 16, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛАНД (Holland) Ян Давід (17.3.1746, г. Санкт-Андрэасберг, Германія — 27.12.1827),

польскі кампазітар ням. паходжання. З пач. 1780-х г. па запрашэнні К.​Радзівіла прыдворны кампазітар і капельмайстар Нясвіжскай капэлы Радзівілаў. Тут напісаў шэраг паланэзаў, кантат і опер. Найб. вядомая камічная опера «Агатка, або Прыезд пана» на лібр. М.​Радзівіла, упершыню пастаўленая ў 1784 у Нясвіжы (на Бел. радыё паст. ў 1994). Яна прасякнута ідэямі сентыменталізму, у тэксце адчуваюцца антыпрыгонніцкія акцэнты, у музыцы пераважае класічны стыль, выкарыстаны элементы фальклору. Сярод інш. твораў опера-вадэвіль «Чужое багацце нікому не на карысць» (1780), балет «Арфей у пекле» (паст. 1784, Нясвіж), кантата (1786), арк. музыка (сімфоніі, серэнада, дывертысмент, паланэзы). Пасля 1790, верагодна, пераехаў у Гродна, пазней — у Варшаву. З 1802 выкладаў у Віленскім ун-це.

Літ.:

Мальдзіс А.І. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974. С. 91—92;

Дадзіёмава В. Еўрапейская славутасць, якая належыць і нам // Беларусь. 1996. № 3.

В.​У.​Дадзіёмава.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)