ГО́ЛАНД

(Holland) Ян Давід (17.3.1746, г. Санкт-Андрэасберг, Германія — 27.12.1827),

польскі кампазітар ням. паходжання. З пач. 1780-х г. па запрашэнні К.Радзівіла прыдворны кампазітар і капельмайстар Нясвіжскай капэлы Радзівілаў. Тут напісаў шэраг паланэзаў, кантат і опер. Найб. вядомая камічная опера «Агатка, або Прыезд пана» на лібр. М.Радзівіла, упершыню пастаўленая ў 1784 у Нясвіжы (на Бел. радыё паст. ў 1994). Яна прасякнута ідэямі сентыменталізму, у тэксце адчуваюцца антыпрыгонніцкія акцэнты, у музыцы пераважае класічны стыль, выкарыстаны элементы фальклору. Сярод інш. твораў опера-вадэвіль «Чужое багацце нікому не на карысць» (1780), балет «Арфей у пекле» (паст. 1784, Нясвіж), кантата (1786), арк. музыка (сімфоніі, серэнада, дывертысмент, паланэзы). Пасля 1790, верагодна, пераехаў у Гродна, пазней — у Варшаву. З 1802 выкладаў у Віленскім ун-це.

Літ.:

Мальдзіс А.І. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974. С. 91—92;

Дадзіёмава В. Еўрапейская славутасць, якая належыць і нам // Беларусь. 1996. № 3.

В.У.Дадзіёмава.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)