Ханаанская група паўночна-заходніх семіцкіх моў 10/598
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМІТАЛО́ГІЯ,
комплекс навук, якія вывучаюць мову, л-ру, культуру і гісторыю семітамоўных народаў. Вывучае жывыя і мёртвыя семіцкія мовы, уключае асірыялогію, арабістыку, біблеістыку, гебраістыку, сабеістыку, эфіопіку і інш.
Вывучэнне семіцкіх моў пачалі сірыйскія, араб., яўр. вучоныя-багасловы з мэтай удакладнення чытання і разумення рэліг. кніг (7—12 ст.). У Еўропе С. ўзнікла ў эпоху Адраджэння (15—16 ст.), калі павялічылася цікавасць да вывучэння семіцкіх моў і Бібліі; яе заснавальнікі І.Ройхлін і І.Буксторф Старэйшы ў Германіі і Ю.Ц.Скалігер у Францыі.
Навук. дысцыплінай С. стала ў 19 ст., калі выйшлі фундаментальныя працы па граматыцы, параўнальным аналізе, эпіграфіцы і інш. праблемах С. У 19 ст.найб. ўклад у С. зрабілі вучоныя Германіі: Т.Нёльдэке, В.Ф.Г.Гезеніус (стараж.-яўр. слоўнік і граматыка), Ю.Вельгаўзен, Р.Кітэль (біблеістыка), Ф.Прэторыус, К.Ф.А.Дзільман (эфіопіка), М.Лідзбарскі (эпіграфіка), К.Брокельман (параўнальная граматыка семіцкіх моў); а таксама Францыі (А.І.Сільвестр дэ Сасі, Э.М.Катрмер), Венгрыі (І.Гольдцыер), Расіі (Д.А.Хвольсан, А.Я.Гаркаві, Б.А.Тураеў, М.В.Нікольскі, у сав. час — І.Ю.Крачкоўскі, Н.В.Пігулеўская, Р.Ш.Шарбатаў, М.У.Юшманаў і інш.). У 1882 утворана Рас. палесцінскае т-ва (з 1918 — пры АН). У 20 ст. С. развівалася на базе матэрыялаў, здабытых у выніку археал. раскопак на Б. Усходзе, знаходак Мёртвага мора рукапісаў. На Беларусі праблемы С. даследавалі М.М.Нікольскі, Г.М.Ліўшыц, Г.В.Сініла і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАРЫ́ТЫ, амарэі, амуру,
галіна семіцкіх народаў, якія ў старажытнасці насялялі Сірыйскі стэп ад Палесціны да Персідскага зал. У канцы 3-га тыс. да н.э. разбурылі шумерскую цывілізацыю Ура і каля 1894 да н.э. заснавалі Старававілонскую дзяржаву. Асеўшы ў Месапатаміі, у 18—17 ст. да н.э. асіміляваліся з мясц. насельніцтвам, у Сірыі і Палесціне ў 15—10 ст. да н.э. зліліся з ханаанеямі. У 1-м тыс. да н.э. Сірыя наз. Амуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ДЭРСЕН ((Pedersen) Хольгер) (7.4.1867, Гельбале, каля г. Колінг, Данія — 25.10.1953),
дацкі мовазнавец. Скончыў Капенгагенскі ун-т (1890), з 1903 праф., у 1914—37 заг. кафедры ў ім. Даследаванні ў галіне індаеўрапеістыкі, параўнальна-гіст. мовазнаўства, параўнальнай фаналогіі і марфалогіі індаеўрап. (кельцкіх, хета-лувійскіх, алб., арм., тахарскіх, славянскіх і інш.), а таксама семіцкіх і фіна-угорскіх моў. Распрацоўваў тэорыю настратычнай роднасці моў (гл.Настратычныя мовы). Аўтар кнігі пра развіццё кампаратывістыкі ў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМІ́ТЫ (ад Сім, грэч. Sēm, стараж.-яўр. Шэм, імя аднаго з біблейскіх прабацькоў),
тэрмін, які ўжываецца да народаў, што гавораць на семіцкіх мовах; уведзены ў навук. ўжытак у 1780 ням. вучонымі А.Л.Шлёцэрам і І.Г.Айхгарнам. Паводле найб. распаўсюджанай думкі радзіма С. — Аравійскі п-аў, адкуль адбылося рассяленне семіцкіх плямён. На мяжы 4—3-га тыс. да н.э. адасобіліся групы зах. і ўсх. семітаў. Усх. С. ў пач. 3-га тыс. да н.э. трапілі ў Міжрэчча (гл.Месапатамія), дзе ў сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. стварылі дзяржаву Акад, а да пач. 2-га тыс. да н.э. асімілявалі стараж. насельніцтва Шумера. У далейшым гісторыя гэтай групы С. цесна звязана з гісторыяй Вавілоніі і Асірыі. Зах. група С. засяліла Сірыю і Палесціну, у сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. яна стварыла на Пн Сірыі дзяржаву Эбла. Пазней з іх вылучыліся амарыты, хананеі, фінікійцы, яўрэі і арамеі; мова апошніх паступова стала найб. пашыранай семіцкай мовай Б.Усходу ў стараж.час.Паўд. С. стварылі ў 2—1-м тыс. да н.э. своеасаблівую цывілізацыю на Пд Аравіі (дзяржавы Маін, Сабейскае царства, Катабан, Хім’ярыцкае царства і інш.). У пач 1-га тыс.н.э. сфарміравалася агульная супольнасць арабаў, якія ў выніку арабскіх заваяванняў (7—9 ст.) рассяліліся на вял.тэр. ў Азіі і Афрыцы, асімілявалі семіцкія і некат. інш. народы. У 1-м тыс. да н.э. С. з Аравіі трапілі ў Эфіопію. Цяпер да С. адносяць арабаў, яўрэяў, мальтыйцаў, асірыйцаў, народы Эфіопіі (амхара, тыгрэ і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАМЕ́ЙСКАЯ МО́ВА,
адна з семіцкіх моў. У 14—11 ст. да н. э. арамеі сяліліся ў Сірыі і Месапатаміі, адкуль арамейская мова распаўсюдзілася на ўвесь Б. Усход. Стараж. пісьмовыя помнікі датуюцца 9—8 ст. да н. э. У 7—4 ст. да н. э. арамейская мова — міжнародная мова Б. і Сярэдняга Усходу. На ёй напісаны асобныя часткі Бібліі і Талмуда. Складалася са шматлікіх дыялектаў, у т. л. стараарамейскіх пальмірскага і набатэйскага, мандэйскага (мовы рэліг. кніг мандэйцаў 3—8 ст.), эдэскага, на аснове якога ўзнікла сірыйская, а пазней новасірыйская (асірыйская) мова. Пасля арабскіх заваяванняў паступова выцясняецца арабскай мовай. Некаторыя дыялекты арамейскай мовы ўжываюцца толькі ў асобных рэгіёнах Сірыі, Паўн. Месапатаміі, Ірака і Ірана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНА́ЙСКАЕ ПІСЬМО́, протасінайскае пісьмо,
старажытная пісьмовая сістэма семіцкіх народаў. Адна з першых у гісторыі цывілізацыі спроб стварэння алфавітнай пісьменнасці на падставе акрафаніі (вымаўленне пачатковай фанемы слова, якое перадаецца малюнкам). С.п. лічаць прамежкавай ступенню паміж егіпецкім іерагліфічным пісьмом і семіцкімі кансанантна-гукавымі алфавітамі. Помнікі С.п. (надпісы на камянях, статуэтках багінь) знойдзены ў 1905 на Сінайскім п-ве англ. археолагам У.М.Пітры. Датаванне помнікаў да гэтага часу спрэчная (ад 18 да 15 ст. да н.э.). Найб. удалая спроба прачытання (дэшыфроўкі) помнікаў належыць У.Ф.Олбрайту ў сярэдзіне 20 ст. Некат. даследчыкі лічаць С.п. крыніцай арабскага пісьма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЎРЫ́Т,
сучасная мадыфікацыя стараж.-яўр. мовы, якая сфарміравалася на аснове мовы мішнаіцкага перыяду. Адносіцца да семіцкіх моў новай ступені. Афіц. мова Ізраіля (разам з арабскай мовай). У гісторыі развіцця вылучаюцца 3 перыяды: класічны, або біблейскі І., мова свяшчэнных кніг сярэдневякоўя (Мішна, Талмуд, Мідрашы), сучасная пісьмовая і размоўная мова. Аснова пісьменнасці на І. — кансанантны алфавіт самай стараж. формы (гл.Яўрэйскае пісьмо).
І. мае агульныя рысы з інш. мовамі семіта-хаміцкай сям’і: 2 грамат. роды (мужч. і жан.); лічэбнікі 3—10 ужываюцца ў родзе, процілеглым роду назоўнікаў; форма роду выражаецца постфіксамі і прэфіксамі займеннікавага паходжання, якія далучаюцца да кораня слова; як грамат. сродак шырока выкарыстоўваецца змяненне галосных асновы і інш. У І. шмат агульнай лексікі з арамейскай, акадскай, эфіопскай і інш. семіта-хаміцкімі мовамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКАЯ МО́ВА,
адна з семіцкіх моў. Афіц. мова ўсіх араб. краін. Адна з афіц. і рабочых моў ААН. Мае 5 груп дыялектаў (іракская, сірыйская, аравійская, егіпецкая, магрыбская). Фанетыка багатая сістэмай зычных (28 фанем). Носьбітамі лексічнага значэння ў слове з’яўляюцца 3 зычныя, з якіх складаецца корань. 3 галосныя ў розных камбінацыях афармляюць граматычную характарыстыку слова: час, лад, трыванне і інш. Назоўнік і прыметнік адрозніваюцца ў залежнасці ад іх пазіцыі ў сказе. Дзеяслоў багаты формамі. У ролі службовых слоў — назоўнікі. Літ. арабская мова пачала складвацца ў 4—6 ст. у даісламскай паэзіі і ў 7 ст. ў мове Карана. Росквіту дасягнула ў эпоху арабскага халіфата (9—11 ст.). З 6 ст. арабская мова карыстаецца арабскім пісьмом.
Літ.:
Юшманов Н.В. Грамматика литературного арабского языка. 3 изд. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́БАў мовазнаўстве,
катэгорыя дзеяслова, якая паказвае адносіны вытворцы дзеяння да таго, хто гаворыць. Вызначаюць 3 асобы і адпаведна ім 3 асабовыя дзеяслоўныя формы адзіночнага і множнага ліку. Формамі 1-й асобы абазначаюць дзеянне (стан) таго, хто гаворыць («чытаю, чытаем»); формамі 2-й асобы — дзеянне (стан) таго, да каго звяртаюцца ў гаворцы («чытаеш, чытаеце»); формамі 3-й асобы — дзеянне (стан) таго, пра каго (пра што) гавораць («чытае, чытаюць»).
Сродкі афармлення катэгорыі асобы ў розных мовах розныя: у германскіх і раманскіх — адначасова асабовыя займеннікі і канчаткі, у семіцкіх — асабовыя канчаткі, займеннікі і прыстаўкі. У слав. мовах, у т. л. і беларускай, асабовыя формы дзеяслова перадаюцца праз канчаткі (у цяперашнім і будучым часе: «чыта-ю, прачыта-ю; чыта-ем, прачыта-ем; чыта-еш, прачыта-еш, чыта-еце, прачыта-еце; чыта-е, прачыта-е; чыта-юць, прачыта-юць»), асабовымі займеннікамі разам з асабовымі канчаткамі («я чыта-ю, я прачыта-ю; ты чыта-еш, ты прачыта-еш» і гэтак далей) ці асабовымі займеннікамі і назоўнікамі (у прошлым часе: «ён чытаў, вучань чытаў»).