ІЎРЫ́Т,
сучасная мадыфікацыя стараж.-яўр. мовы, якая сфарміравалася на аснове мовы мішнаіцкага перыяду. Адносіцца да семіцкіх моў новай ступені. Афіц. мова Ізраіля (разам з арабскай мовай). У гісторыі развіцця вылучаюцца 3 перыяды: класічны, або біблейскі І., мова свяшчэнных кніг сярэдневякоўя (Мішна, Талмуд, Мідрашы), сучасная пісьмовая і размоўная мова. Аснова пісьменнасці на І. — кансанантны алфавіт самай стараж. формы (гл. Яўрэйскае пісьмо).
І. мае агульныя рысы з інш. мовамі семіта-хаміцкай сям’і: 2 грамат. роды (мужч. і жан.); лічэбнікі 3—10 ужываюцца ў родзе, процілеглым роду назоўнікаў; форма роду выражаецца постфіксамі і прэфіксамі займеннікавага паходжання, якія далучаюцца да кораня слова; як грамат. сродак шырока выкарыстоўваецца змяненне галосных асновы і інш. У І. шмат агульнай лексікі з арамейскай, акадскай, эфіопскай і інш. семіта-хаміцкімі мовамі.
т. 7, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)