АСО́БА ў мовазнаўстве, катэгорыя дзеяслова, якая паказвае адносіны вытворцы дзеяння да таго, хто гаворыць. Вызначаюць 3 асобы і адпаведна ім 3 асабовыя дзеяслоўныя формы адзіночнага і множнага ліку. Формамі 1-й асобы абазначаюць дзеянне (стан) таго, хто гаворыць («чытаю, чытаем»); формамі 2-й асобы — дзеянне (стан) таго, да каго звяртаюцца ў гаворцы («чытаеш, чытаеце»); формамі 3-й асобы — дзеянне (стан) таго, пра каго (пра што) гавораць («чытае, чытаюць»).

Сродкі афармлення катэгорыі асобы ў розных мовах розныя: у германскіх і раманскіх — адначасова асабовыя займеннікі і канчаткі, у семіцкіх — асабовыя канчаткі, займеннікі і прыстаўкі. У слав. мовах, у тым ліку і беларускай, асабовыя формы дзеяслова перадаюцца праз канчаткі (у цяперашнім і будучым часе: «чыта-ю, прачыта-ю; чыта-ем, прачыта-ем; чыта-еш, прачыта-еш, чыта-еце, прачыта-еце; чыта-е, прачыта-е; чыта-юць, прачыта-юць»), асабовымі займеннікамі разам з асабовымі канчаткамі («я чыта-ю, я прачыта-ю; ты чыта-еш, ты прачыта-еш» і гэтак далей) ці асабовымі займеннікамі і назоўнікамі (у прошлым часе: «ён чытаў, вучань чытаў»).

т. 2, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)