Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЭ́ЗАК, сегмент (матэм.),
мноства лікаў або пунктаў на прамой, размешчаных паміж двума лікамі або пунктамі A і B, разам з пунктамі A і B. Каардынаты адрэзка задавальняюць умовам a ≤ x ≤ b (a і b — каардынаты канцоў адрэзка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАЗВЯ́ЗНАЯ ВО́БЛАСЦЬу матэматыцы,
адкрытая ці замкнутая вобласць, у якой любы замкнуты контур можна неперарыўна сцягнуць у пункт, не выходзячы за мяжу вобласці. Для любой замкнутай неперарыўнай крывой, якая належыць адназвязнай вобласці, частка плоскасці, якая абмежавана гэтай крывой, належыць вобласці. Адназвязнай вобласцю з’яўляецца, напр., інтэрвал, сегмент, круг, шар (адкрытыя ці замкнутыя). Мяжа адназвязнай вобласці складаецца з аднаго кавалка. Напр., мяжа круга (адназвязная вобласць) — акружнасць. Гл. таксама Мнагазвязная вобласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСО́Н
(ад грэч. axōn вось),
нейрыт, восевы цыліндр, адростак нейрона, які праводзіць нерв. імпульсы ад цела нерв. клеткі да мышачных і залозістых клетак органаў, якія інервуюцца, або да інш. нейронаў. Ад кожнай нерв. клеткі адыходзіць адзін аксон дыяметрам у некалькі мікронаў, даўж. да 1 м і больш (у некаторых жывёл трапляюцца гіганцкія аксоны таўшчынёй да дзесятых доляў міліметра). Пачатковы сегмент аксон (бугарок) найбольш узбудлівы і з’яўляецца месцам генерацыі нерв. імпульсаў. Канцавыя разгалінаванні (тэрміналі) утвараюць сінаптычныя кантакты з інш. нейронамі, мышцамі або залозістымі клеткамі. Хуткасць перадачы ўзбуджэння залежыць ад структуры і дыяметра аксона, ступені пакрыцця іх міэлінавай абалонкай. Пучкі аксона і дэндрытаў утвараюць нервы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЗДО́ЎНІК
(Botrychium),
род споравых папарацепадобных раслін сям. вужоўнікавых. Каля 40 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 6 відаў: гваздоўнік віргінскі (В. virginianum), ланцэтападобны (В. lanceolatum), паўмесяцавы (В. lunaria), просты (В. simplex), рамонкалісты (В. matricariifolium) і шматраздзельны (В. multifidum). Растуць у лясах, на ўзлесках, схілах узгоркаў. Гваздоўнік віргінскі і рамонкалісты занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, гваздоўнік просты, магчыма, знік з флоры рэспублікі.
Спарафіты — шматгадовыя, звычайна невял. травяністыя расліны з кароткім неразгалінаваным карэнішчам. Вегетатыўны сегмент ліста звычайна перыста-рассечаны; спараносна-мяцёлчата-галінасты. Гематафіты (зарасткі) — яйцападобныя, плоскаклубне- або дыскападобныя, даўж. 1—20 мм, з мікарызай. Лек. (ранагаючы сродак) і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАЗІ́ЎНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
інструмент, рэзальнымі элементамі якога з’яўляюцца часцінкі (зярняты) абразіўных матэрыялаў. Адрозніваюць абразіўны інструмент са звязаным абразівам (шліфавальныя кругі, брускі, сегменты, галоўкі), на эластычнай аснове (шліфавальная шкурка, стужка) і ў выглядзе свабоднага абразіву (парашок, паста, суспензія, зярняты).
Для звязвання (сцэментоўвання) абразіўных зярнят карыстаюцца керамічнай, бакелітавай, метал., вулканітавай звязкамі. Па цвёрдасці абразіўны інструмент падзяляюць на мяккі, сярэднямяккі, сярэдняцвёрды, цвёрды, вельмі цвёрды і звышцвёрды. Звычайна эксплуатуюць з кругавой скорасцю да 30 м/с, а ўмацаваны абразіўны інструмент (напр., кругі з электракарунду і карбіду крэмнію, арміраваныя тканінай, шкляной сеткай, метал. кольцамі) — да 100 м/с. Выкарыстоўваюць для абразіўнай апрацоўкі металаў.