Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
САРКО́МА [ад грэч. sarx (sarkos) мяса + ...ома],
злаякасная пухліна чалавека і жывёл, якая развіваецца са злучальнай тканкі. На разрэзе падобная да сырога рыбінага мяса (адсюль назва). Адрозніваюць ангіясаркому (развіваецца з крывяносных сасудаў), лімфасаркому (з лімфатычных вузлоў), астэасаркому (з касцявой тканкі), ліпасаркому (з тлушчавай тканкі), нейрагенную С. (з нерв. тканкі). Прыкметы С.: пухліна хутка расце і разбурае навакольныя тканкі, метастазуе па крывяносных сасудах.
Прыкметы С. мяккіх тканак — пухліна без акрэсленых межаў, зрэдку боль. Пры С. касцей парушаецца іх функцыя, з’яўляецца прыпухласць, боль, які не сціхае. Лячэнне хірург., прамянёвая тэрапія, проціпухлінныя сродкі. У жывёл часцей адзначаюцца ліпасаркома і фібрасаркома (пухліна з валакністай злучальнай тканкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФІЛЬТРА́Т,
зацвярдзенне ў тканках (падскурнай клятчатцы, мышцах) ці органе (лёгкіх, печані) з прычыны назапашвання клетачных элементаў, крыві, лімфы і хім. рэчываў. Найчасцей бываюць запаленчыя і пухлінныя І. Запаленчыя могуць разыходзіцца, расплаўляцца, склеразавацца, з утварэннем каверны, абсцэсу, рубца і інш. Пухлінныя складаюцца з пухлінных клетак рознай прыроды (рак, саркома) і праяўляюцца іх ростам. Пры І. тканка павялічваецца ў аб’ёме, мяняе колер, становіцца цвёрдай, іншы раз балючай. І. наз. таксама зацвярдзенне тканак пры насычэнні іх растворамі для мясц. абязбольвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎС, Роўс (Rous) Фрэнсіс Пейтан (5.10.1879, г. Балтымар, ЗША — 16.2.1970), амерыканскі патолаг і вірусолаг. Чл.Нац.АН ЗША і інш.АН і навук. т-ваў. Скончыў мед. школу Унта Дж.Хопкінса (1905). З 1909 у Ракфелераўскім ін-це мед. даследаванняў у Нью-Йорку, з 1945 ганаровы чл. гэтага ін-та. Навук. працы па анкалогіі. Адкрыў пухлінародныя вірусы (вірус саркомы Р.); у 1911 паказаў, што саркома курэй можа быць перапрышчэплена ад хворай птушкі да здаровай бясклетачнымі фільтратамі пухліннай тканкі; што анкагеннасць пухлінародных вірусаў нарастае пры іх уздзеянні сумесна з канцэрагеннымі рэчывамі ці стымулятарамі клетачнага росту. Вылучыў паняцце «прагрэсіі пухлін». Нобелеўская прэмія 1966 (разам з Ч.Б.Хагінсам).