ІНФІЛЬТРА́Т,

зацвярдзенне ў тканках (падскурнай клятчатцы, мышцах) ці органе (лёгкіх, печані) з прычыны назапашвання клетачных элементаў, крыві, лімфы і хім. рэчываў. Найчасцей бываюць запаленчыя і пухлінныя І. Запаленчыя могуць разыходзіцца, расплаўляцца, склеразавацца, з утварэннем каверны, абсцэсу, рубца і інш. Пухлінныя складаюцца з пухлінных клетак рознай прыроды (рак, саркома) і праяўляюцца іх ростам. Пры І. тканка павялічваецца ў аб’ёме, мяняе колер, становіцца цвёрдай, іншы раз балючай. І. наз. таксама зацвярдзенне тканак пры насычэнні іх растворамі для мясц. абязбольвання.

т. 7, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)