ГУ́СТАВА (Ларыса Мікалаеўна) (н. 29.1.1947, г. Каўнас, Літва),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1971). Працуе ў тэхніцы габелену. Аформіла інтэр’еры выканкома ў г. Глыбокае — нацюрморты «Вясновы» і «Восеньскі» (1985), санаторыя «Нарач» — трыпціх «Раніца», «Поўдзень», «Вечар» (1987). Сярод твораў: серыя «Кветкі» (1985—95), «Ружовая птушка» (1986), «Пошук» (1989), «Дрэва ў квецені» (1990), «Снегіры» (1995), «Касачы» (1996) і інш. Работы адметныя эмацыянальнай выразнасцю, актыўнасцю колеру, у іх — святочнасць, захапленне прыродай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЗНЯК (Вячаслаў Аляксандравіч) (н. 30.4.1940, Мінск),
бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967), выкладаў у ім у 1968—69. Сярод твораў вітражы: «Музы» для Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі (1976), «Помнікі старажытнага беларускага дойлідства» для Галоўпаштамта (1980), у вестыбюлі корпуса Мінскага лінгвістычнага ун-та (1982), чыг. вакзала (1983), вітраж з размалёўкай Дамавой царквы (1987, усе ў Мінску), «Нарачанскія матывы» для гасцініцы «Нарач» (1983), для Палаца піянераў у Брэсце (1990—91), санаторыя «Радон» Гродзенскай вобл. (1993—94). Выканаў Вянок Славы і дэкар. афармленне столі ў Зале цырыманіялаў плошчы Перамогі ў Мінску (1985). Творы П. вылучаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, гарманічнасцю колеравых і пластычных суадносін.
Л.Ф.Салавей.
В.Позняк. Вітраж у будынку Галоўпаштамта ў Мінску. 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЎМЫВА́КІН (Сяргей Барысавіч) (н. 17.4.1930, с. Белаводскае Чуйскай вобл., Кіргізія),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я.Рэпіна (1961). З 1961 працаваў у Душанбе. З 1967 у Мінску: гал. архітэктар праектаў, нач. аддзела ін-та «Белдзіпрагандаль», з 1990 кіраўнік творчай майстэрні пры Саюзе архітэктараў Беларусі. Асн. работы: гандл. цэнтры па вул. Маскоўскай у Брэсце (1977), па вул. Ракасоўскага ў Пінску (1990, у сааўт.), па Ракаўскай шашы (1934, у сааўт.) і ў жылым раёне Паўд. Захад 1 і 2 у Мінску (1982, 1984, у сааўт.), рэсп.спарт. комплекс «Раўбічы», Палац шахмат па вул. К.Маркса (1982, у сааўт.), рэканструкцыя будынкаў ГУМа (1984) і ЦУМа (1990, абодва ў сааўт.) у Мінску; клуб-сталовая, мед. блок і добраўпарадкаванне пляжа санаторыя «Беларусь» у Місхоры (Крым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТА́ПАЎ (Юрый Фёдаравіч) (н. 3.9.1930, г. Сяміпалацінск, Казахстан),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1985). Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1954). Працаваў у Свярдлоўску, Маскве, Мінску, Гродне. З 1980 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект». З 1990 кіраўнік творчай майстэрні. Асн. работы на Беларусі (усе ў сааўт.): забудова мікрараёнаў № 1, 2, вул. Леніна, 9-павярховы жылы дом, адм. будынак (усе 1960-я г.) у г. Салігорск; добраўпарадкаванне прывакзальнай плошчы (1974—85), 16-павярховая гасцініца па вул. Савецкіх пагранічнікаў (1982) у Гродне; мост цераз Зах. Дзвіну (1973) і добраўпарадкаванне плошчы імя 1000-годдзя Віцебска (1985) у Віцебску; забудова цэнтра в. Расна Камянецкага р-на (1976—85); тыпавыя праекты жылых дамоў для індывід.буд-ва (1975) і дзіцячых дашкольных устаноў (1980—85); Мінскі лядовы палац спорту (1998). Сярод інш. работ водалячэбніца санаторыя «Беларусь» (1984) у г. Друскінінкай (Літва).
Тв.:
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́Н (ням. Kamin ад грэч. kaminos печ, ачаг),
прысценная печ з адкрытай топкай у выглядзе нішы і прамым дымаходам. Прызначаецца для награвання памяшкання (пераважна за кошт цеплавога выпрамянення агню ў час згарання дроў ці вугалю) і аздаблення інтэр’ера. Бываюць таксама электрычныя, газавыя К. Будуюць іх з каменю, цэглы, дрэва, атынкаванага гіпсам. Аздабляюць маёлікай, металам, керамічнай пліткай. Прылады да К. — экран (размаляваная або вышываная тканіна, нацягнутая на каркас), рашотка. шчыпцы, шуфлік, качарга — звычайна выконваюцца на высокім маст. узроўні.
Вядомы ў Стараж. Рыме, з 12 ст. ў Зах. і Паўн. Еўропе. У сярэдневяковых К. наверша выносілася на кансолях далёка наперад, звужалася ўверсе, дасягала скляпенняў. У перыяд готыкі К. набыў адметныя арх. формы, багата ўпрыгожваўся і быў дэкар. дамінантай інтэр’ера. Паступова наверша знікала (дымаход будавалі ў сцяне) або захоўвалася ў якасці дэкар. элемента. Рэнесансавыя і барочныя К. вылучаліся пышным аздабленнем разьбой, барэльефам, гарэльефам, скульптурай і інш. У 17—19 ст. пераважала строгая класіцыстычная форма прамавугольнага К. З гарыз. плітой уверсе, на якую звычайна ставілі гадзіннік, падсвечнік і інш.
На Беларусі захаваліся К. з 16 ст. Іх будавалі ў замках, палацах, сядзібах, гар. асабняках (замак у Нясвіжы). Цяпер К. будуюць у інтэр’ерах грамадскіх будынкаў (камінныя залы гасцініцы спарт. комплексу «Раўбічы» пад Мінскам, Дома літаратара ў Мінску, санаторыя «Беларусь» у Крыме), дамах індывід. забудовы.